Выбрать главу

— Яшчэ апошняе дазвольце…

— Так-так!

— У сувязі з пастаўленай партыяй задачай паляпшэння ўмоў адпачынку працоўных калектываў, а таксама для стварэння новых зразумелых любому савецкаму грамадзяніну славутых мясцін, хачу прапанаваць праект прынцыпова іншага аб’екта, які не мае аналагаў у свеце.

— Ого!

— Ідэя ў тым, каб у прыгарадзе Нёмана вырыць самую глыбокую ў свеце яміну. Мяне перапаўняе захапленне! Задума вельмі простая: зямлю з ямы будзем высыпаць тут жа. Утворым такім чынам адзін з самых вялікіх штучных пагоркаў. На вяршыні можна стварыць гарналыжную трасу, праклаўшы спуск ад найвышэйшага пункту на самае дно.

— А мо і праўда, – шэф вырашыў падыграць архітэктару. – Прыцягнем да рыцця самыя шырокія масы гараджан. Каб кожны нёманец хаця б па вядзёрку зямлі вычарпаў. Піянеры ў гальштуках, камсамольцы, кіруючае звяно і т.п. Толькі слухайце, даражэнькі, а навошта нам гэта?

— Аб’ект стане не толькі помнікам працоўнай славы Нёмана, але і набудзе значэнне спартовага збудавання, стане ўлюбёным месцам адпачынку. Прыцягнем турыстаў.

— Во ёлупень!

— У найніжэйшай кропцы ямы ўмуруем капсулу з пасланнем нашчадкам. Можна будзе падумаць наконт усталявання на дне пастаяннай “вахты памяці” з піянераў, – не здаваўся архітэктар. Відаць, геніяльнасць задумы поўнасцю паглынула ягоны розум. – Ведаеце, нават калі ў капіталістычных краінах захочуць перасягнуць наш працоўны подзвіг, нёманскія будаўнікі заўсёды паглыбяць яму і адпаведна падсыплюць узгорак!

— Гэта звальненне!

— Але славутыя мясціны? Турысты! Помнік працоўнай славы!

— Пайшоў вон адсюль! Бачыць цябе больш не хачу. Прынамсі сёння.

Архітэктар, нічога не кажучы, хуценька сабраў усе паперы ў ахапак ды выляцеў прэч. Шэф плюнуў.

— Слухайце, а мне дык спадабалася. Прыгожа і чысценька, – пляснула ў далоні Ядвіга Антонаўна.

— Ой, пашкадуйце маё сэрца, – застанаў Васілій Іванавіч.

— Ну яма – гэта мо ён занадта ліха ўзяў. Але квартальчык-та харошы. Вось нарэшце павыкідаем, пазбавімся старога ламачча і пабудуем сапраўдны гістарычны цэнтр. Чэхія там, Галандыя, сталіца Масква – сапраўдная гісторыя! Так бы наш горад пахарашэў. Ммм…

— Гэх, дык а што, таварыш Ядвіга, вы лічыце сапраўднай гісторыяй? Мяне вось цікавіць. Дзе вы праводзіце мяжу паміж гістарычным і негістарычным?

— Васілій Іванавіч, я думаю, што гісторыя – гэта тое, чым ганарацца. Вось Пётр Першы, вось Сувораў – гэта наша гісторыя. А ўсё іншае – ну хто пра тое ведае? Гэта ж мы ў школе не праходзілі. Ой, я нават задумвацца не хачу. Мне план трэба рабіць.

— Так, слушна. Пра ўсё вартае нам сапраўды распавядалі са младых нагцей. Але я нават больш лічу, – ён прыўзняўся ды прыхіліўся да Ядвігі Антонаўны.

— Гэта не да распаўсюду, вы разумееце. Прыватнае маё меркаванне, калі ўжо мы з вамі добрыя калегі, – і далей зусім шэптам. – Дык вось гісторыя – гэта ж прастытутка. Я, прызнацца, трохі больш ведаю, мне сакрэтныя зводкі прадастаўляюць з КДБ пра буржуазныя погляды і псеўдадасягненні ў гістарычнай галіне. Не, скажу я вам! Не будзе шчасця на гэтай зямлі калі мы хватку аслабім.

Распальваючыся, шэф гаварыў усё гучней і гучней.

— Адзін, разумееш, тое мелець, іншы – другое. Яны спрачаюцца, аргументуюць. Здавалася б, скажы – як насамрэч было? Дык не! І нашыя акадэмікі – ведаеце, я канешне не магу нашым не верыць, але ж і тыя спрачаюцца. І ўсё гэта гісторыя. Ну што паробіш? Усё правільна Уладзімір Ільіч сказаў пра гісторыю. Што ён там сказаў?... Эээ, ладна, потым прыгадаю.

Ядвіга Антонаўна ўзнёсла слухала кіраўніка, а той яшчэ з паўгадзіны, адыходзячы ад яміны, разважаў аб гістарычнай прастытуцыі. Гэта было дасціпна, хлёстка і пераканаўча. Атрымлівалася, гісторыі не было. То бок кат Сталыпін і генералісімус Сувораў былі, а гісторыя – не. А калі без гісторыі, то і гістарычнага нічога не існавала. А ўсё сапраўднае – гэта толькі прыступкі на шляху да светлай будучыні. Такая была пазіцыя. І гэта пазіцыя заслугоўвала шчырай сацыялістычнай павагі. А з рухляддзю мы ўжо разбярэмся.

9

За прамінулыя дні Роберт паспеў нямала. Сустракаўся з патрэбнымі людзьмі: з кантралёрамі, аператарамі, паспеў пераправерыць бухгалтэрыю праекта. Нават вызначыў перспектыўныя для распрацоўкі аб’екты. Канешне, ледзь не забыўшы, усё ж заскочыў на педінстытуцкі гістфак пабалбатаць з дэканам пра міжнароднае супрацоўніцтва. Атрымаў запэўненні ў шчырай падтрымцы, і хопіць.