— Але ж ён стаіць!
— Сам палац, як бачыце, пазбавіўся гербоў ды мемарыяльных дошак у гонар нашых вядомых жыхароў. Паглядзіце – адна з іх, у памяць аб каралю Баторыі, была прымацаваная металічнымі штырамі надта трывала, яны не здолелі яе скавырнуць. Тады з дапамогаю долата збілі ўсе літары. Так упершыню выявілася нянавісць.
Затое панавешвалі на будынак іншыя дошкі ў адпаведнасці са сваёй ідэалогіяй. Валянцін Пятровіч паказаў на дошку светлага мармуру, што паспела трошкі закурыцца ад вялікай колькасці праязджаючых непадалёк машын.
“Тут у 1920 г. быў размешчаны нёманскі рэвалюцыйны камітэт, дзе тры ночы праездам спыняўся славуты музыка і выкладчык Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі”.
— Ладу не дабяру, адкуль яны гэта ўзялі? Ды і хто такі гэты Дзяржынскі? Гралі аднойчы яго творы ў гарадскім парку. Так сабе… Перайменавалі вуліцы ў гонар забойц ды падонкаў. Ведаеце, раней я думаў, што гэта ўсё ад няведання ўласнай гісторыі, ад глупства мясцовых начальнікаў. За апошнія ж гады паступова прыйшоў да высновы, што гэта звёны аднаго ланцуга. Толькі я ніяк не ўразумею, адкуль гэты ланцуг ідзе і для чаго ён ім патрэбны.
Роберт насцярожыўся:
— У нас таксама часам зносяць помнікі, але чаму ж у вас узнікла такое дзіўнае пачуццё?
— Разумееце, вось раней яны зносілі старыя будынкі. Прыкладна па пятнаццаць-дваццаць на год. На іх месцы часцяком будаваліся прыдуркаватыя пяціпавярховікі або канторы. Тлумачылі, маўляў, дамы аварыйныя ды могуць самі абрынуцца. Гэта было зразумела.
— І што ж вас насцярожвае?
— Так працягвалася доўга, і я спярша думаў, што гэта такі павеў, што новае, як гэта паказваецца ў кінафільмах, абавязкова мусіць прыйсці на змену старому і ніякага гістарычнага шалупення нам тут не трэба, і наогул… Але ж мне шкада гэтых дамкоў, і я чамусьці думаю, што яны нам патрэбныя.
— Дык можа яны патрэбныя толькі вам? А астатнім нёманцам – зусім не?
— Рацыя! Калі мяне ў лоб запытваюцца навошта менавіта яны патрэбныя, я губляюся, і сказаць асабліва няма чаго. Прыдумляю нейкія прычыны, але калі прамаўляеш, яны выглядаюць такімі недарэчнымі ды смешнымі… Але ж я так адчуваю, я аднекуль упэўнены ў гэтым.
Прабачце, мы збочылі. Уся справа ў тым, што пяць апошніх гадоў на месцы разбураных дамоў ужо нічога не будуецца. Наогул нічога. Проста пустэчы застаюцца, і лебяда расце. А зносы працягваюцца.
— Чаму ж? Выходзіць не надта эканамічна. Хаця, калі паразважаць… - Роберт мітусліва пачаў прыдумваць рацыянальнае тлумачэнне, каб супакоіць гісторыка.
— Яны кажуць, старая цэгла выкарыстоўваецца пры будаўніцтве новых аб’ектаў. Яны яе нібыта крышаць, малоцяць ці яшчэ нешта. Дарогі падсыпаюць ёю. Але мы прасачылі – так, з чыстай цікаўнасці – на самой справе старая цэгла не перапрацоўваецца і нідзе не выкарыстоўваецца. Яе вывозяць на вялікіх самазвалах без нумароў, і немагчыма вызначыць якому будтрэсту належыць тэхніка.
— Вывозяць? Ды хопіць вам! – занерваваўся Роберт. Ён зразумеў, што Валянцін Пятровіч, аказваецца, куды лепш абазнаны. Гэта быў кепскі сігнал.
— І якое ж было нашае здзіўленне, калі мы даведаліся, што вывозяць гэты друз… Вы проста не паверыце! Яго ў бок мяжы вывозяць, туды дзе Польшча. Нібыта кантрабандай… Кажуць там нейкі завод ці што… – Валянцін Пятровіч хахатнуў.
Роберт не на жарт устрывожыўся. Ці паспеў гісторык зрабіць галоўнае адкрыццё? Колькі чалавек ведае пра таемныя самазвалы?
— Гэта непасціжна, – працягваў свой захоплены расповед той. – Але і гэта яшчэ не ўсё.
Яны спыніліся ля аднапавярховага драўлянага будынка з высокім дахам і мезанінам. Дом быў пафарбаваны ў светла-блакітны колер, а на ўваходзе прыбіта мармуровая дошка “Дом-музей Элізы Ажэшкі, польскай пісьменніцы і сацыял-дэмакраткі”.
— Справа ў тым, што не ўсе будынкі можна проста так знесці. Яны пакуль сцерагуцца людзей, хаваюць свае намеры, знішчаюць асцярожна, выбарна. Шмат у нас гавораць пра культуру, пра спадчыну, ёсць нёманскае аддзяленне Таварыства аховы помнікаў. Там шмат людзей. Я сам спрабаваў два разы ўступіць. Не прынялі. Дык вось, апошняя тэндэнцыя – падробка. Мы як раз падыйшлі да такога дому. Выглядае нармальна, праўда? Так і не скажаш, што ён несапраўдны, – Валянцін Пятровіч пацягнуў Роберта на задні двор.