Роберт ужо вельмі выразна зразумеў што ён зробіць.
Яны збочылі на адну са спакойных малалюдных вуліц-варонак. Пачало пакрысе шарэць. Роберт убачыў закінуты дом, які, відаць, таксама рыхтавалі да разборкі. Ён адмыслова пацягнуў Валянціна Пятровіча туды. Краязнаўца не змарудзіў праявіць эрудыцыю:
— Вось, яшчэ адна закінутая камяніца. Хутка і яе спасцігне той лёс. А калісьці тут жыў вынаходнік міжнароднай мовы эсперанта. Чулі пра яго?
— Натуральна, чуў, – механічна ўсміхнуўся Роберт. – Wonderful urbo, sendependa popolo, belega arkitekturo! Думаеце, ён яшчэ моцны?
— Не ведаю. Яны кажуць, аварыйны.
— Давайце ўвойдзем?
— Давайце-давайце! – узрадаваўся Валянцін Пятровіч. – Мне заўсёды было страшнавата заходзіць у закінутыя дамы. Але ў вашай кампаніі не страшна нічога.
Яны ступілі ў паўзмрочныя дзверы. Унутры моцна патыхала кашацінай. Роберт прапусціў Валянціна Пятровіча наперад, яны пачалі падымацца па драўлянай лесвіцы на другі паверх, адкуль праз светавы люк па сценах цяклі апошнія сонечныя промні.
Роберт маланкава і прафесійна, як вучылі ў разведшколе, выхапіў з кішэні тонкую аборку, накінуў на шыю краязнаўца і стаў душыць. Барацьба была вельмі кароткай. Ніхто не пачуў хрып і стук слабеючых рук па драўляных парэнчах. Хутка ўсё сцішылася. Роберт пераканаўся, што ахвяра не мае пульса, дастаў з ягонага партфеля тэчку з дакументамі, паправіў уласны касцюм і накіраваўся да гарвыканкама.
10
Працоўны дзень хіліўся да заканчэння. Данііл, натхнёны зместам кардоннай тэчкі Валянціна Пятровіча, друкаваў справаздачу. Агульны каркас ён ужо меў, засталося дашліфаваць дробязі.
У кабінет увайшоў шэф. Стаў перад Данііліным сталом, зрабіў задуменную паўзу, але нарэшце выпусціў:
— Заўтра пагонім на сакрэтны аб’ект. Тычыцца непасрэдна нашай справы. Вырашылі ўзяць цябе. Мы тут падумалі, трэба цябе ўводзіць, паступова прыцягаць да розных далікатных рэчаў. Адпраўленне – пяць трыццаць, за табой пад’едзем да інтэрната і адтуль наперад.
Данііл кіўнуў. Паездка мусіла быць важнай. Ён ведаў, што начальнікі ўсіх магчымых будтрэстаў і мехбаз, дарожнікі, асфальтчыкі ды іншыя паспелі апошнімі днямі пратаптаць ладную сцяжыну ў кабінет старшыні. Рыхтаваўся знос.
І ўсё ж там, па-за кабінетам, Данііл спадзяваўся закінуць ідэю аб заўчаснасці разбурэння і паспрабаваць прыцішыць працэс. Заўтрашні дзень хваляваў.
У звонкую раніцу, калі толькі птушкі прачынаюцца і салодка варочаюцца ў сваіх птушыных пасцелях, ён, выпіўшы салодкай гарбаты, за пяць хвілін да дамоўленага пачуў сігнал аўтамабіля.
У вайсковым ГАЗіку ўжо сядзеў Васілій Іванавіч, убачыўшы якога Данііл трохі здзівіўся. Шэф упершыню апрануў камуфляжную форму з вайсковымі знакамі.
Машына паехала хутчэй, чым дазволена ў горадзе. ДАІшнікі пазнавалі яе і, стоячы на зважай, віталі. Хвілін праз сем аўтамабіль перасёк Кронан. Перамяшчэнне за раку азначала трапленне ў новы горад. Рака была мяжою старога і новага, сапраўднага і ўяўнага. Нават не стане залішняй пошасцю прыгадаць метафару пра жывое і мёртвае.
Яны хутка праехалі левабярэжную частку і па вузкай двухпалоснай шашы панесліся на захад ад Нёмана. Паабапал дарогі быў лес. То справа, то злева ад шашы за дрэвамі віднеліся агароджы з калючым дротам і вартавымі вежамі – вайсковыя часткі. Дарога спачатку віляла па гэтым лесе, затым яны збочылі і ехалі ўжо па грунтоўцы. Было некалькі паваротаў. Праз паўгадзіны мінулі шлакбаўм ды апынуліся на тэрыторыі вайсковай часткі. Машына спынілася ля самых дзвярэй штаба.
Маленькі аднапавярховы будынак з шэрым шыферным дахам, па-вайсковаму мінімалістычны. Унутры сядзелі сувязісты ў здаравенных навушніках, нешта пікала, шуршалі дынамікі і з іх даносіліся нечалавечыя невыразныя каманды. У цэнтры стаяў макет ці то вёскі, ці то маленькага гарадка. Падобныя макеты можна сустрэць у школьных кабінетах вайсковай падрыхтоўкі. На іх старшакласнікі трэніруюцца правільна разумець загады ды ацэньваць аператыўную абстаноўку.
З візіцёрамі суха, па-вайсковаму прывітаўся мужчына ў форме. Даніілу падалося, палкоўнік. Яны перакінуліся з шэфам, а потым усе ўтрох сталі насупраць макета.
— Міхалыч, патлумач нашаму маладому супрацоўніку што тут да чаго. Мэта – увесці ў агульны курс справы, у спецыфіку сакрэтнага аб’екта.
— Калі ласка, увага на макет, – без лішняй прадмовы па-вайсковаму зачаканіў той. – Даводжу асноўныя характарыстыкі аб’екта. Выпрабавальны палігон № Н-219 ёсць муляж невялікага пасёлка: чатыры вуліцы са спрошчанай імітацыяй гарадской забудовы. Вуліцы ўяўляюць чатырохкутнік, на іх стаяць нібыта жылыя дамы, на перакрыжаваннях – светлафоры. У цэнтры – паркавая зона ды невялічкае возера з прыгожым фантанам. Таксама ёсць муляж царквы і ўніверсам. Навучэнцы з нёманскага мастацкага каледжа, дарэчы, афармлялі.