Навошта гэта трэба? На дадзеным палігоне нашыя вайсковыя спецыялісты сумесна з навукоўцамі інстытуту хімічнага сінтэзу і біятэхналогій Акадэміі навук праводзяць эксперыменты па ацэнцы напружанасці ўздзеяння псіхафізічных рэчыў пласкастнога нанясення. Гаворка ідзе пра так званыя авізуальныя мемасубстанцыі. Выключна савецкая распрацоўка. Асноўныя кампаненты – спецыяльныя сублімуючыя рэчывы…
Шэф незадаволена цмогкнуў ды не даў Міхалычу дагаварыць:
— Малайцы нашыя хлопцы! Не ўсе мазгі яшчэ прапілі! Але гэтая навуковая каламута маладзёну не патрэбная. Хай батанікі ў інстытутах замарочваюцца, – хлопнуў ён вайскоўца па плячы.
— У такім выпадку, галоўны сэнс эксперыменту наступны. “Сродак незапамінання мірны – 2”. Для выкарыстання калі няма вайны. Скарочана – “СроНМ”. Гэта эмульсійны раствор для пакрыцця фізічных паверхняў. Нанесены сродак уздзейнічае на мозг. Не скажаючы візуалізацыю, ён карэктуе псіхафізічнае ўспрыняцце рэчаў, перашкаджае іх фіксацыі ў свядомасці. Чалавек проста не ў стане запомніць аб’ект – аэрапорт, нафтасховічша, РЛС ці нешта іншае, што было апрацавана прэпаратам.
— І нават помнікі стануць незапомнікі! – падкрэсліў шэф.
— Для другой версіі ўласцівыя палепшаныя характарыстыкі. Прэпарат не толькі прыдатны для выкарыстання пад адкрытым небам, але таксама вытрымлівае дастаткова інтэнсіўныя ападкі, мінусавыя тэмпературы і гэтак далей. Пасля распылення трымаецца не менш за сем дзён. У выпадку сухога цёплага надвор’я – да месяца, пасля чаго патрабуецца паўторнае нанясенне.
— Ты зразумеў, што гэта за штуковіна? – звярнуўся Васілій Іванавіч да Данііла.
— Не зусім.
— Калі чалавечай мовай, – узяў на сябе штурвал шэф, – гэта такі раствор, якім можна абліць будынак, і ты, калі нават вельмі ўважліва здолееш яго разгледзець, усё адно не запомніш. Прычым не запомніш не толькі памер ды колер, але і зусім не здолееш прыгадаць ці бачыў наогул. Першапачаткова вайскоўцы распрацоўвалі гэты сродак для выкарыстання ў памежных раёнах, апрацоўвалі ім сакрэтныя аб’екты – ракетныя шахты, рэактары. Уяўляеш, шпіён пераходзіць мяжу, і не можа запомніць анічога, што там ёсць! Атрад праціўніка пераходзіць праз апрацаваную тэрыторыю і не ведае як вярнуцца. Або нават бачылі горад, вайсковую частку, а апісаць яго потым не могуць – бо ў памяці не трымаецца.
— Не думаў, што такое магчыма!
— Але! Настолькі эфектыўны сродак, што аднойчы апрацаваныя аб’екты нават мірныя жыхары, мясцовыя, якія тут нарадзіліся і выраслі, забываюць. Што праўда, дамы застаюцца ў далёкіх сектарах падсвядомасці, і часам вяртаюцца ў снах. Гэта пакуль недапрацовачка. Думаю, у наступных версіях гэты недахоп будзе зняты. Ну а пакуль людзей з памежных раёнаў мы канешне звозім.
— А ці не шкодзіць гэта самім вайскоўцам?
— На такіх участках навабранцы больш за месяц не служаць – пераводзім адсюль падалей. Псіхіка не вытрымлівае. Фіксаваліся спробы самагубства. Дарэчы, абмежавана мы ўсё ж яго выкарыстоўваем у раёнах масавай жылой забудовы ў мікрараёнах. Ніколі не звяртаў увагу, наколькі яны падаюцца шэрымі і аднолькавымі? Між іншым, з колеравай гамай ды разнастайнасцю праектаў там усё добра. Гэта робіцца ў мэтах бяспекі ды супрацьдзеяння шпіянажу. Да таго ж мы высветлілі, што разумныя, кантралюемыя дозы амнезіі спрыяльна ўздзейнічаюць на сацыяльную стабільнасць.
Вайсковец ізноў перахапіў тлумачэнне:
— Уласна, у гэтым палягае асноўная цяжкасць: ваенны сродак мае баявы эфект, можа выклікаць нервовае растройства. Але мы зараз выпрабоўваем версію для мірнага выкарыстання. Амаль без пабочных эфектаў. Адзінае, дзяцей да трох гадоў ванітуе. А ў цэлым – нармальна. Вось гэты эксперыментальны пасёлак мы апрацавалі растворам.
— Сапраўды, я тут з дзясяты раз ужо, але зусім не памятаю як ён выглядае, – падцвердзіў шэф.
— Зараз я прапаноўваю нам утрох прагуляцца па палігоне ды выпрабаваць сродак на сабе. Не бойцеся. Як я казаў, гэта абсалютна бяспечна. Мы будзем прагульвацца, і вы паспрабуеце усё запомніць. Пасля вяртання пагутарым, і вы пераканаецеся: гэта працуе.
Яны дапілі гарбату ды ўтрох выйшлі праз заднія дзверы. Проста ля ўвахода пачынаўся густы падлесак, па якім вілася вузкая сцяжынка. Літаральна праз 150 метраў падлесак скончыўся і сцежка ўперлася ў высокі жалезабетонны плот. Яны прайшлі яшчэ зусім ледзь-ледзь уздоўж яго і апынуліся ля звычайнай металічнай каліткі. Вартаўнік машынальна аддаў чэсць ды распахнуў уваход. Унутры апынулася даволі вялікая тэрыторыя, з некалькі футбольных палёў, забудаваная пяціпавярховымі панэльнымі будынкамі.