— Ну вось. Мы тут хвілін на трыццаць. Больш дактары не раяць у першы раз. Давайце цяпер уважліва ўзірацца ды спрабаваць запомніць што бачым. Я зазвычай даю курсантам заданне знайсці адрозненні паміж дамамі, а таксама запомніць маршрут да ўніверсама. Як бачыце, усё проста.
Яны прайшліся ўздоўж вуліцы. Дамы аказаліся толькі каробкамі з пустэчай унутры. А што там магло быць у гэтым панэльным эксперыментальным палігоне?... Данііл адзначыў, што дакладна такія ж дамы будаваліся ў Нёмане камбінатам панэльнага домабудавання.
— І вы думаеце, я не запомню гэтых пяціпавярховікаў? Вось жа яны – як на далоні!
— Не-а, не запомніце. Можам паспрачацца. Тут некаторыя асабліва хітрыя курсанты на далоні драпаюць палоскі пруцікам. Але мы такое адсочваем, – папярэдзіў Міхалыч.
— Ого, а што гэта? – Данііл не паверыў уласным вачам. У цэнтры імправізаванага паселішча стаяла пачварная аднапавярховая канструкцыя, складзеная з металічных шчытоў, пафарбаваная ў яскравыя, але недарэчныя колеры.
— А гэта ж той самы ўніверсам, аб якім я распавядаў. Гэта наш цэнтральны трэнажор. Такую афарбоўку ў звычайным жыцці да смерці помніць будзеш. А тут – паглядзіце! – палкоўнік паказаў пальцам на мацюк, выведзены аграмаднымі памаранчовымі літарамі. – Гэта нашыя жартаўнікі парупіліся!
— Гэта такі армейскі гумар у вас, так? Ну што ж, добры жарт – заўсёды да месца, – падтрымаў яго шэф.
— А вы вось і гэты мацюк паспрабуйце запомніць!
Яны яшчэ зусім крыху паблукалі пасярод пяціпавярховікаў. Больш рабіць тут не было чаго.
— Ну што, абратна? – прапанаваў палкоўнік. – Не стаміліся? Не ташніць?
Гасцей нічога не турбавала, і яны папляліся да выхаду.
Прайшоўшы ізноў праз калітку, па той жа сцяжынцы вярнуліся ў штаб. На шляху маўчалі. Данііл не мог зразумець навошта яму гэта паказалі і чым абавяжуць яго новыя веды. Шэф думаў, што някепска было б пакрыць гэтай атрутай сваё лецішча пад Масквою, праект якога яны з цесцем намалявалі самі. Адна надзея – калісьці яго будуць выпускаць у маленькіх балончыках ды гандляваць у гаспадарчых крамах.
Яны зайшлі ў памяшканне. Палкоўнік паставіў моцна завараную чорную гарбату, цукар, і прапанаваў распавесці аб убачаным. І толькі цяпер Данііл насамрэч адчуў усю падступнасць гэтай штукі. Ён важыўся прыгадаць хоць нешта з убачанага, але гэты псеўда-горад, псеўда-прастора круцельскі выслізгала са свядомасці. Суцэльная чартаўшчына! Чым больш ён намагаўся прыгадаць дэталі – будынкі, вуліцы, па якіх пятнаццаць хвілін таму хадзіў, тым больш узнікала адчуванне, што бачыў ён іх паўсюль. Розуму не было за што зачапіцца.
— Малады чалавек, я бачу вы моцна пакутуеце, – паспачуваў палкоўнік. – Наогул, гэта нармальна. Моцны псіхалагічны эфект. Ён у паддоследных літаральна праз аднаго. Значыць, нармальная псіхіка ў вас. У іншых дык ілбы з чугуна, нічым не праймеш.
— Галава баліць… А вы ж казалі, што толькі немаўлят ванітуе.
— Вы проста пастарайцеся пераключыцца. У нас аптэчка ёсць калі што.
— Ага, сто грамаў трэба неадкладна прыняць. Давай, Міхалыч, налівай свае франтавыя-памежныя. – Шэф відавочна быў моцна задаволены. Сродак спрацаваў як трэба.
Палкоўнік наліў, яны выпілі, і шэф амаль адразу пачаў развітвацца. Сеўшы ў ГАЗік, першы час маўчалі, але гэта доўжылася нядоўга.
— Давай, Данііл Міхайлавіч, дзяліся ўражаннямі. Як табе савецкая сакрэтная зброя? Патруцім капіталістаў, га?
— Шчыра кажучы, пакуль цяжка выразіць. Штука цікавая канешне, і дзейсная. І ўсё ж адважуся запытацца: дзеля чаго вы вырашылі паказаць мне ўсё гэта?
— Пытанне добрае. Малайчына! А адказ такі: чакае нас з табою вялікая і важная справа на карысць радзіме. Вельмі хутка зразумееш. Але яшчэ пацярпі. А чаму менавіта цябе ўцягваю? Дык я бацьку твайго ведаў вельмі добра. Служылі ж разам. Вось і цябе ён прыладзіў. Амаль родныя, такі наш лёс!
Яны памаўчалі яшчэ крыху.
— А як ты, Данііл, лічыш, маглі б мы гэты цуда-сродак у даручаным нам з табою горадзе ўжыць?
— Але гэта можа быць небяспечна. Ёсць жа старыя, дзеці… Ды і з якой мэтай?
— Не перажывай за старых. Натуральна, вуліцы з палівалкі мы гэтым лайном апырскваць не будзем. Але ж ты сам казаў, што наш касцёл – гэта памяць, гэта твар горада, што людзі не зразумеюць. Казаў? Дык я параіўся з таварышамі. Вырашылі, што можна правесці адзінкавы эксперымент. Ну, каб больш спакойна ўсё прайшло, без наступстваў. Папырскаем на яго і знясем спакойна, – шэф гаварыў як дарослы, які ўгаворвае хлапчука прыняць горкі лек. Але тое была не нарада.