— Але ж у людзей захаваліся фотаздымкі, малюнкі, мапы…
— Забярэм! Ну пабурчаць. Але ж такіх адзінкі. Гэтыя людзі запомняць, можа, у якой краме селядзец смачнейшы, а гэта – я цябе прашу. Ім хоць сінагогу на галаве чашы – па-барабане! Ізноў жа, тут амаль усе як мы з табою – людзі новыя, верай не абцяжараныя.
Яны ізноў паехалі моўчкі. Вось ужо з’явіліся гарадскія ўскрайкі.
— Ды ты не напружвайся. Гэтая справа фактычна вырашаная. Узгадненне атрымана на самым версе, у Маскве. Я не тое што раіўся з табою. Проста папярэджваю.
— А калі гэта адбудзецца? Выкарыстанне сродка я маю на ўвазе.
— Гэта сакрэтная інфармацыя. Проста аднойчы ты выйдзеш на плошчу і нават не зразумееш што здарылася. Ды не, ты зразумееш – у цябе ж схема старая захаваецца. І дакуманты. Таму цяпер, не адкладваючы, трэба заняцца выемкай ілюстратыўнага матэрыялу з публічнага доступу. Схадзі ў музей, папярэдзь іх. Дырэктар – наш чалавек, патрыёт, ён дапаможа. Усё спалім у двары абласной бібліятэкі на суботніку. Але глядзі, цяпер нікому не прагаварыся. Лічы, што падпіску аб неразгалошванні мне даў.
Так яны даехалі да Нёмана, рэшту шляху ўжо зусім не размаўляючы. Данііл спрабаваў асэнсаваць убачанае.
“Вось на што яны гатовыя... Але навошта я? Навошта гэты фарс?”
І тут яшчэ адна здагадка напалохала яго. А раптам гэта толькі трэніроўка? А потым яны працягнуць! І ніхто ніколі больш не ўзгадае, што на заходняй мяжы Савецкага Саюзу, на рацэ Кронан, стаяў прыгожы старадаўні горад…
11
За вакном праплывалі аблокі і ніхто ў кабінеце не звяртаў увагі на тое, што насамрэч адбываецца перад аблвыканкамам. А там збіраўся народ. Не, не на мітынг. У дабротных касцюмах яны ішлі на вялікую нараду. Шэф адвярнуўся ад акна ды запаліў. Зараз яму належыла ўдзельнічаць у з’ездзе Таварыства аховы помнікаў. Дэлегаты былі ўсе харошыя, адабраныя. Таварыства расло. На 50 помнікаў, пастаўленых на ўлік нёманскім гарвыканкамам, у горадзе было зарэгістравана 25000 сябраў арганізацыі. Гэта значыла па 500 “ахоўнікаў” на кожны стары будынак. Някепска!
— Праклятыя дзяржпланаўцы! Каб яны падавіліся сваёй каўбасой, – усклікнуў шэф да Ядвігі Антонаўны, якая ў той жа момант прадказальна залілася смехам. – Давесці аблвыканкаму два планы: па барацьбе з развалюхамі і па падвышэнні колькасці іх аматараў. Ажно смешна! Добра хоць вопыт, атрыманы на будоўлях сацыялізму, дае выкручвацца.
— Васілій Іванавіч, ды вам проста наканавана сёння выступіць добра і дамагчыся ўхвалы новага плана па зносе развалюх у імя расчышчэння горада. Каб на месцы развалін паставіць помнікі сучаснай эпосе! Прыгожыя і чысценькія!
Паседжанне, што пачалося літаральна праз пятнаццаць хвілін, сапраўды прайшло бліскуча. Старшыня выступаў натхнёна і пераканаўча. Ён казаў пра тое, што савецкая ўлада прыхіляецца перад помнікамі даўніны, і ўсё мацней пераймаецца аб ніх, ярасна ахоўвае. Гэтаму пляскалі. Ён распавядаў, што савецкі ўрад прыняў адмысловы закон. Але таксама падкрэсліў, і гэта было сустрэта асабліва гучнымі апладысментамі, што даўніна не павінна перашкаджаць узрошчваць новае. Яна не можа стаяць на шляху сацыялістычнай архітэктуры. Савецкія будаўнікі прапанавалі план па ўзвядзенні шалёнага аб’ёму тыпавога жытла ў звышсціслыя тэрміны. План і аб’ёмы, якія не маюць аналагаў у свеце. Таму, і гэта была кульмінацыяй выступу, зберагаючы помнікі, мы з радасцю мусім развітацца з затхлым мінулым.
— Так, – казаў шэф, – мы хацелі б захаваць больш. Але ці магчыма гэта? І якім коштам? Дамы, у якіх дзесяцігоддзямі не праводзіліся капітальныя рамонты, знаходзяцца ў аварыйным стане, знос – дзевяноста дзевяць адсоткаў. Эканамісты падлічылі: захаванне аднаго такога будынка пацягне столькі сродкаў, колькі будаўніцтва васьмі новых кватэр для шматдзетных сем’яў.
Адпіўшы вады, Васілій Іванавіч адчуў, што ўжо дасягнуў адзінства з залам.
— Канешне, – працягнуў ён, – калі жыхары гэтых дамоў вельмі хочуць жыць у іх, калі ім дарагія гэтыя будынкі як памяць, савецкая ўдала дасць магчымасць зрабіць капітальны рамонт за свой кошт. Але мы не дазволім прымусіць нас хадзіць у лапцях! Нельга дзеля добрых успамінаў адных ахвяраваць сямейным дабрабытам іншых. Бо гэтыя іншыя – камсамольцы, рабочыя, інтэлігенцыя. Ці асмеліцца нехта змарнаваць грошы, абяцаныя на будаўніцтва дзіцячага садка? Мы такога чалавека не пацерпім! Урэшце, гэта проста несправядліва. Таму, думаю, мы не мусім крывіць душою, не павінны імітаваць неэфектыўную дзейнасць. Менавіта мы – ахоўнікі, нават абаронцы спадчыны, мусім самі вырашыць гэтае пытанне. З усёй прынцыповасцю. Мы, надзеленыя даверам грамадства, павінны раз і назаўсёды прыняць цвёрдае рашэнне аб ачышчэнні горада.