Галоўны рэдактар абласной газеты, на якую так разлічваў Палёны, апынуўся вялікай скацінай. Жаданы скандальны матэрыял у друк не прайшоў. Журналіста-памочніка перасунулі ў аддаленую раёнку. З усімі чальцамі рэдакцыі, якія паспелі прачытаць прызнанне, асобы ў штацкім правялі выхаваўчыя гутаркі, каб рта не адкрывалі. Пра юнакоў-герояў жыхары горада забылі на наступны дзень. Усё сцішылася. Мемарыял не прыбралі, а скандал замаўчалі. Замест помніка прыбралі дырэктара Дома культуры. Цяпер ён ачольвае абласную арганізацыю перасоўных кінаўстановак. На той пасадзе зараз працуе іншы адданы камуніст, які ў абавязковым парадку штогадова ўшаноўвае юных ахвяраў фашызму ды праводзіць вечарыны памяці. Цяпер ён куды больш падазрона ставіцца да гістарычных ініцыятыў ад спагадлівых гараджан.
А Палёны – нічога, застаўся на месцы, пад наглядам. Такой ганьбы ён не вынес і з гора кінуў піць.
“Але ж я яшчэ нечага варты? Я ж не пустышка? Я хачу і буду рабіць людзям дабро!” – у апошні раз я тады чуў яго сумны, амаль плаксівы голас.
Ён звольніўся яшчэ раз, замёў сляды і знік з горада. Невядома як дамовіўся з Бабруйскай узбуйненай друкарняй, наштампаваў стос таямнічых папер і пераехаў кудысьці за сярэдні Урал. Там, у адным з невялічкіх гарадкоў на базе мясцовага ПТВ ён адкрыў спецыяльную школу ад Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Міхайлы Ламаносава. Дзеці набіраліся з восьмага класа і рыхтаваліся да паступлення ў ВНУ са шматлікімі зніжкамі. Выходзіла так, нібыта ўсесаюзны ўніверсітэт шукаў самародкаў у глыбінцы. І знаходзіў!
Бацькі тэлефанаваць у Маскву, вядома, не здагадаліся. Што яшчэ больш верагодна – проста не захацелі, бо міжгародняя сувязь задавальненне не таннае, ды і грэх добраму чалавеку не верыць.
Палёны арэндаваў некалькі памяшканняў ПТВ, усе падручнікі ды абсталяванне купляў за свае грошы. А што меў замест? Толькі павагу ад усіх жыхароў гарадка. Такую доўгачаканую! Паціху ён ізноў пачаў піць. Да выкрыцця афёры заставалася пару гадоў, пакуль першы набор дзяцей не падрасце. Можна было жыць…
“Дарма жыў чалавек, калі не было ў яго лёсе сапраўдных момантаў уздыму”, – так заканчваўся апошні ліст гэтага чалавека да мяне.
Больш звестак аб ім не прыходзіла. Толькі нядаўна адзін з аднакурснікаў даслаў тэлеграму, што Палёнага больш няма. Калі гэта здарылася і ў якім менавіта горадзе, мне не паведамілі. Ведаю толькі, што жонкі ў Палёнага так і не з’явілася.
Валянцін Пятровіч моўчкі разліў усім рэшткі з бутэлькі і запаліў яшчэ адну папіросу.
— Вось гэта нумар! – уздыхнуў мастак-афарміцель. – Во чалавек дык чалавек, чалавечышча! Так гэтых камуністаў за нос вадзіў, што ўсцацца можна! – ён паглядзеў на Данііла, адзёрнуўся і закашляў.
— Але шарлатан! Шарлатан! – загаманілі іншыя.
— А я думаю, што гэта здарылася зусім невыпадкова. У нашай-та краіне і з гэткімі-та людзьмі… – тут відавочна думкі падзяліліся, але даволі хутка з абмеркавання авантураў усе перайшлі на звыклую сумесь музейных і побытавых баек.
Валянцін Пятровіч так і сядзеў моўчкі, пакуль не выспела агульнае жаданне разыходзіцца.
Данііл выйшаў разам з музейшчыкамі на замкавы ганак. Перад носам пранёсся ашалелы травеньскі хрушч. Знізу прыемна пахла ракою. Яму вельмі падабалася гэтае месца. Абавязкова трэба будзе прыдумляць нейкія нагоды заходзіць сюды часцей.
Так у філасофскіх развагах аб праўдзе і мане Данііл дайшоў да абкамаўскага інтэрната. Заўтра быў працоўны дзень, таму, з’еўшы бутэрбродаў з Любіцельскай каўбасой, прыйшлося адразу легчы спаць. Ён сніў апусцелыя плошчы горада Нёман.
2
Тут, відаць, да месца будзе зрабіць водступ ды распавесці, хто такі гэты Данііл, якога музейшчыкі называлі з імём па-бацьку не па ўзросце, а хутчэй па пасадзе.
Данііл нарадзіўся ў сям’і савецкага вайскоўца, у горадзе шахцёрскай ды лагернай славы Карагандзе. Зрэшты, акрамя запісу ў пасведчанні аб нараджэнні з Карагандой яго не нітавала больш нічога. Бацька хутка атрымаў іншае прызначэнне ды пераехаў бліжэй да Еўропы – у Чалябінск. Марылася тады ім аб ГДР, але лёс не склаўся.
Дзяцінства ў ваеннай частцы не пакінула яскравых успамінаў. Частай забавай там было глядзець на салдатаў, якіх бадзёра шыхтавалі на плацы. Рэдкай забавай – праехацца на ліхім БМП. Бранемашына рамантычна смярдзела саляркай і здавалася нязломнай.
Школа, куды іх вазілі, была вельмі сярэдняй. Хлопчык скончыў яе харашыстам ды паступіў на геаграфічны факультэт Кіраўскага педінстытута. З дзяцінства, праўда, хацелася паступіць на гістфак, але бацькі адгаварылі. Бацька бачыў у ім славутага географа-першаадкрывацеля – магчыма таму, што і сам па службе някепска спасціг геаграфію, а, магчыма, спрацавалі нейкія патаемныя комплексы. Бог ведае.