Выбрать главу

— Бляць, я прашу прабачэння, вырвалася! – пабагравеўшы старшыня маментальна выйшаў з сябе. – Ну як так? А нашыя расп…, я прашу прабачэння, ізноў прамаргалі. Мне вельмі непрыемна гэта чуць, асабліва з вашых вуснаў. Ці можаце перадаць мне больш поўную інфармацыю? Я думаю, мы спачатку гэтае гняздо вычысцім, а потым разбярэмся хто тут і як працуе. – Ён устаў і пачаў прахажвацца ўзад і ўперад па кабінеце. – Ужо КДБ пераўтварылі ў бардак. У прамысловасці бардак, у гандлі –  бардак і… Яшчэ вялікае пытанне хто менавіта з нас гніе. Агентурную сетку не могуць наладзіць сярод інтэлігенцыі пархатай!

— Гэта не сярод інтэлігенцыі, – Роберт дастаў з партфеля адзін звычайны аркуш паперы са спісам, азагалоўленым “Гісторыкі” і паклаў перад старшынёй. – Гэта значыць, і сярод яе таксама, але канкрэтна па гэтым выпадку мы інфармацыю атрымалі ад кантрабандыстаў. Калі інтэлігенцыя пачне абмяркоўваць на кухнях, вашыя хлопцы, канешне, адсочаць. Але ж каб не спазніцца! Так што – не карайце нікога. Пакуль будзем лічыць, што прафесійная ўдача аказалася на нашым баку.

— Я вам вельмі ўдзячны! Мы разбярэмся. Мы хутка разбярэмся. Дакладней, мы вельмі акуратна і элегантна разбярэмся. Можаце не сумнявацца.

— Такім чынам, больш не маю чаго вам паведаміць. Ці магу лічыць візіт завершаным?

— Бузумоўна! Дзякуй, дарагі Роберт. Адзінае што…Ведаеце, працуе ў нас адзін хлопец, таленавіты. І я з аднаго боку хацеў бы пазнаёміць вас з ім, а з іншага – каб у вашай прысутнасці ўвесці яго ў курс. Ён займаецца тым самым касцёлам.

Роберт трошкі паморшчыўся. Нічым добрым, як паказваў досвед, гэта не сканчалася. Але Васілій Іванавіч адразу здагадаўся пра што той думае.

— Па-першае, дарагі Роберт, хлопец і так ужо даволі шмат ведае. А па-другое, цяпер, калі мне прыйшлося вычысціць з нашых шэрагаў некалькі разявакаў, нам проста неабходна прыцягваць свежых людзей.

— Дык ён з мясцовых? Ці як?

— Божа ўпасі. Наш, савецкі чалавек. Амаль год у Нёмане. Вельмі надзейны таварыш – я знаёмы з ягоным бацькам. Акурат сёння запрасіў яго, сядзіць у суседнім кабінеце. Паклікаць?

— Ну добра, калі вы ўпэўнены.

Шэф узяў слухаўку:

— Ядвіга Антонаўна, запрасіце Данііла да нас!

Праз тры секунды ў дзверы пагрукаліся.

12

Дзень стаяў макраваты. Дождж прадвяшчаў тугу працоўнага дня. Прырода Нёмана нібыта ўжо добра прачнулася. Свежыя лісткі зеляніны на дрэвах абуджалі прыродны аптымізм. І ўсё ж на душы Данііла вісеў цяжар. Яму вельмі хацелася дакладна выканаць пастаўленую начальствам задачу. Больш за тое, Данііл выдатна памятаў свае думкі перад сустрэчай з Валянцінам Пятровічам ды Таццянай. І вось – пасля іх працяглай размовы нешта іншае свірбела яго. Ці гэта была вясна, ці то закаханасць, ці горад, усведамляючы пагрозу, сабраў усю сваю моц і накіраваў яе на беднага маленькага памочніка па культуры? Можа, горад у захапленні ўласнай недатыкальнай веліччу вырашыў даць гэтай сістэме апошні бой?

Акурат у гэты момант яго паклікалі ў кабінет старшыні.

Папераменна паглядаючы то на аднаго, то на іншага візіцёра, шэф схаваў аркуш са спісам гісторыкаў у шуфляду.

— Справаздачу тваю я вельмі ўважліва прачытаў. Выдатны матэрыял! Мы яго даўно засакрэцілі, а вось усё адно на паверхню ўсплыла гэтае дзясятае стагоддзе.

— Менавіта дзясятае! Я лічу, варта дачакацца камісіі з Інстытута археалогіі. Я рыхтую ім ліст зараз. Вельмі прашу пачакаць з тэхнікай, – ён пакасіўся на незнаёмца, які пры вестцы аб лісце ў інстытут зморшчыўся.

— Ты нармальна кажы, без утайкі. Роберт – наш чалавек, можаш давяраць яму як сабе. Ці нават больш – як мне! Пачакай пакуль з лістамі, пачакай. Думаю, зараз ты зменіш стаўленне. Але яшчэ скажы: вернікі, гісторыкі – што яны могуць нам супрацьпаставіць?

— Гісторыкі і музейшчыкі – супраць. Але яны занадта слабыя для супраціву. Днямі знайшлі забітым самага лепшага з іх. Менавіта ён адкрыў старажытнасць храму. Я пазнаёміўся з шэрагам грамадзян. Годныя людзі. Але цяпер яны не маюць аўтарытэту. Баюся, іх меркаванне ўжо нічога не вырашае.

— А вернікі?

— Няма больш вернікаў. Рэшткі збіраюцца ў храме насупраць. Ім наш чырвоны касцёл без патрэбы.

— Вельмі добра! Ты пацвердзіў нашыя здагадкі, цяпер я шчаслівы!