— Мне важна каб вы ведалі. Заўтра ў восем гадзін раніцы яны пачнуць рушыць касцёл. Усе праекты ўзгодненыя. Прыедуць экскаватары і цэлы атрад бульдозераў. Вырашылі абыйсціся без выбухоўкі, адной толькі цяжкай тэхнікай. Я проста хачу, каб вы ведалі гэта, і каб… Проста гэта ваш апошні шанец убачыць горад такім, якім ён насамрэч ёсць.
Голас абарваўся, і ў слухаўцы засталіся адно кароткія гудкі. Шок прайшоў, засталося цвёрдае ўсведамленне неабходнасці тэрмінова нешта зрабіць, паспрабаваць выратаваць сітуацыю. Як была ў хатнім адзенні, Таццяна адправілася па знаёмых адрасах. Пайшла да сяброў – гісторыкаў. Сем чалавек. Людзі, якія любілі гэты горад, і якія гатовыя былі даць апошні бой знішчальнікам яго духа.
Сябры прыкінулі сілы: старая чыйгосьці дзядзькі “Волга” – яе можна ўжыць для пераследу самазвалаў са старой цэглай. Тры паляўнічыя стрэльбы – можна напалохаць ахову і рабочых. Ды нават пасур’ёзней – імі можна даць сапраўдны бой. Тым больш, у старым нёманскім музеі ў сховішчы ляжалі яшчэ дзве вінтоўкі, на якіх у свой час адмыслова не спілілі байкі. Увесь гэты арсенал а шостай раніцы быў сабраны ў адной кватэры. Яны сядзелі, палілі і прыдумлялі план. Некаторыя з калег ужо даўно ўліліся ў шэрагі кантрабандыстаў, ведалі як у выпадку паразы можна перайсці мяжу ды схавацца ад пераследу. Пытанне палягала ў тым, ці здолеюць яны перашкодзіць дэмантажу храма. Гэта было, бадай, сумніўна. Урэшце вырашылі прабрацца ў двор нёманскага СМУ і паспрабаваць пашкодзіць рухавікі цяжкай тэхнікі.
Некалькі чалавек рынуліся туды. На жаль, аперацыя была не надта ўдалай. Яны паспелі пашкодзіць усяго толькі шэсць самазвалаў. Але потым першыя кіроўцы, якія прыйшлі на працу, заспелі абаронцаў спадчыны ды паднялі трывогу. Аднаго гісторыка схапілі і перадалі ўчастковаму міліцыянеру. Астатнія паспяхова збеглі. Большасць тэхнікі па-ранейшаму заставалася працаздольнай. Цяпер трэба было назіраць што будзе далей, чакаць зручнага моманту, каб выхапіць ініцыятыву ды нанесці апошні ўдар.
Васілія Іванавіча абудзілі вельмі рана. Прайшло паведамленне, што нехта прабраўся ў аўтапарк і паспеў пашкодзіць некалькі машын, якія сёння ад раніцы мусілі перавозіць зламаныя будматэрыялы ў месца перадачы іх польскаму кантрагенту. Шэф адразу загадаў падняць роту ўнутраных войск і выставіць яе ў ачапленне плошчы, дзе неўзабаве мела пачацца разборка. Так гэта напэўна зберажэ іх ад далейшага процідзеяння. Ён загадаў праінфармаваць салдат аб магчымых атаках і правакацыях з боку артадаксальнай каталіцкай моладзі, падбухторанай Ватыканам. Сам жа Васілій Іванавіч выдатна разумеў кім насамрэч з’яўляліся шкоднікі, якія напалі на аўтапарк. Музейшчыкі, краязнаўцы, аматары даўніны і мастацтва – вось хто перашкаджаў рабіць справу саюзнага значэння, ад якой наўпрост залежыў эканамічны дабрабыт усіх грамадзян.
Убачыўшы шчыльнае ачапленне на ранішняй плошчы, Таццяна вырашыла змяніць план. Безсэнсоўна было б спрабаваць абараняць касцёл вось так, нешматлікімі сіламі супраць усёй гэтай герастратавай махіны. Яны пакінулі двух чалавек назіраць за падзеямі здалёк, з бліжэйшага ўзгорку, а самі затаіліся на выездзе з горада.
Роўна без дзесяці восем раніцы, калі жыхары Нёмана яшчэ нават не паспелі пачаць працоўны дзень, на цэнтральную плошчу выехалі чатыры экскаватары, два пад’ёмныя краны з люлькамі, цэлы шэраг самазвалаў і чамусьці нават адзін БМП. Люлькі з двума рабочымі ў кожнай хутка ўзнесліся да касцельнага шпіля. Яны хуценька адчапілі крыж і сталі збіваць дахоўку. Спорылася. Звонку справа нагадвала здзіранне скуры з толькі што забітай хатняй скаціны.
Тым часам іншыя рабочыя, не чакаючы, пачалі скалываць цагліны, што тырчалі з вялікай шчыліны ў бакавым фасадзе. Іншыя выламалі дзверы і сталі разбіраць край сцяны. Адразу пайшла пагрузка гэтых частак у пад’ехаўшы самазвал. Рабочыя выстраіліся ланцужком і хутка-хутка складвалі цагліны ў кузаў. Акуратна, як мага кампактней. Касцёл відавочна паддаваўся. Сілы былі такімі няроўнымі, што рабочыя маглі б скончыць разборку калі не да абеду, дык да вечара напэўна.
І вось ужо ад’ехала першая машына. Другая, закапціўшы, рынулася з месца праз хвіліну. Трэцяя неўзабаве загрукатала па гарадскім бруку, услед за першымі, за мост, праз раку Кронан, у бок савецка-польскай мяжы. Гісторыкі-назіральнікі пабеглі да тэлефонаў-аўтаматаў перадаць убачанае сябрам на выездзе.
Машыны пакідалі плошчу адна за адной. Васілій Іванавіч, Роберт і Данііл стаялі на маленькай адлегласці ад аб’екта і назіралі за разборкай. Рацыя шэфа перадавала яму справаздачы аб кожным этапе аперацыі. Да дзевяці пятнаццаці раніцы ўсё ішло спакойна і без адхіленняў ад плану. Аднак усе знаходзіліся ў напружанні. Міліцыя не абнадзейвала: нікога з краязнаўцаў-бунтаўшчыкоў не аказалася раніцай дома. Усе сямёра зніклі ў невядомым накірунку. Данііл асабліва хваляваўся за Таццяну – ці паспела яна збегчы, ці збіраецца прыняць нейкія меры супраць знішчэння помніка? Не дарма ж ён тэлефанаваў ёй увечары…