Выбрать главу

Раптам Васілій Іванавіч ажывіўся. Па рацыі яму перадалі аб знікненні гружанай машыны. Адна з аператыўных версій – напад невядомых. Шэф вырашыў дзейнічаць неадкладна:

— Давайце ўсе ў наступны самазвал. Паедзем, будзем разбірацца, – загадаў ён калегам, а сам праз тую ж рацыю сказаў міліцыянтам суправаждаць іх на пэўнай адлегласці да месца перагрузкі.

Самазвал ехаў на максімальнай хуткасці, прытармажваючы толькі на самых крутых паваротах. Над галавамі ўвышыні праносіліся верталёты. І вось на адным з паваротаў услед за машынай рушыла старая “Волга”. Гэта былі сапраўды яны. За рулём – сама Таццяна, на задніх месцах – два ўзброеныя хлопцы. Легкавік некалькі разоў зрабіў даволі небяспечныя манёўры, спрабуючы прыціснуць самазвал да збочыны. Хлопец злева пульнуў з вінтоўкі па калёсах. Ён не трапіў, але кіроўца моцна спужаўся і прытармазіў. З “Волгі” выбеглі трое абаронцаў. Насустрач ім з кабіны выскачылі разрушыцелі. Але абаронцы відавочна не разлічылі свае сілы. У той жа момант побач затармазіла міліцэйская машына. Далей усё развівалася імгненна. Пачалася перастрэлка.

Сапраўднай перастрэлкай дадзеную сітуацыю назваць было цяжкавата – кулі не свісцелі над галавамі адна за адной. Што маглі супрацьпаставіць міліцыянтам і старшыні аблвыканкама двое хлопцаў са старымі музейнымі вінтоўкамі ды маладая жанчына з паляўнічай стрэльбай? Літаральна некалькі стрэлаў спатрэбілася абаронцам, каб вычэрпаць баявы запас. Таццяна яшчэ рвалася ўсім сэрацам у бой, яна дастала вялікі дзедаўскі нож, але ўжо было зразумела, што гэта канец. Шэф, Данііл і Роберт выйшлі з прыкрыцця:

— Гэй, таварышы! Не трэба страляць, у нас яшчэ ёсць магчымасць вырашыць усё мірным шляхам, – паспрабаваў падмануць яе Васілій Іванавіч.

Услед за імі падкрадаліся міліцыянты. Абаронцы маўчалі. Таццяна кінула нож і падняла рукі ўгару. Яны падыйшлі яшчэ бліжэй. Адзін з міліцыянтаў схапіў жанчыну, іншыя сталі насупраць гісторыкаў, не даючы ім зварухнуцца. Шэф вынуў з-пад пінжака ўласны пісталет і накіраваў яго на безабаронную цяпер жанчыну. Зрабіў ён гэта прафесійна, як сапраўдны супрацоўнік савецкіх спецслужбаў. Ён здаваўся спакойным і ўпэўненым. Сапраўды, адна ці дзве машыны не даехалі да месца прызначэння, але ж галоўны ачаг супраціўлення лакалізаваны, засталося толькі знішчыць яго.

— Вось і ўсё, спадарыня Таццяна. Ваша песенка спета. Больш не будзеце чыніць нам шкодніцтвы, здзеквацца з савецкай улады ды народу. Яшчэ трэба будзе паглядзець на якую краіну вы працавалі! Гістарычную спадчыну ім уратаваць захацелася. Савецкая ўлада лепш за вас ведае што трэба нашым людзям! А патрэбныя ім не развалюхі, не старыя сараі, а электрычнасць, калійныя ўгнаенні і цяжкое машынабудаванне! Але што тут тлумачыць? Час на тлумачэнні ў нас з вамі быў. Вы ім не скарысталіся. Злачынцаў не ўгаворваюць. І я нават радуюся, што ў момант прадухілення вашага разбойнага нападу, у час затрымання вы аказалі законнай уладзе ўзброенае супраціўленне, – з гэтымі словамі старшыня перадзёрнуў затвор.

Таццяна маўчала, маўчала адначасова ад страху і ад нянавісці да гэтага чалавека. І ад крыўды, што так мала яны паспелі зрабіць, дазволілі знішчыць ладны кавалак Нёмана. І што яшчэ бог ведае што будзе знішчана. Ды і касцёл не ўратавалі. Там, на цэнтральнай плошчы, ён у гэтыя хвіліны маўкліва паддаецца варварам, растае пад націскам крышаноў, долатаў і рыдлёвак бравых савецкіх рабочых. Касцёл, які адзін толькі і рабіў гэты Нёман Нёманам, цяпер памірае, а без яго – без таго горада, які ўсе яны так любілі – ці ёсць сэнс жыць самім?

Данііл глядзеў на яе, не верачы ў рэальнасць таго, што адбывалася. І раптам нешта з ім адбылося, раптам прыйшло ўсведамленне татальнай, неверагоднай няправільнасці, нячэснасці, несправядлівасці. А за гэтай думкай-маланкай мільганула наступная, што адной з прычын няправільнасці сталі ягоныя дзеянні, што ён таксама спрычыніўся да адчаю гэтай жанчыны, да касцёльнай цэглы, наваленай грудай у кузаў самазвала, і да гэтага пісталета, дула якога цяпер глядзела ёй проста ў твар. І апошняе, пра што ён падумаў, было тое, што вось зараз – той момант, калі ўсё яшчэ можна змяніць, і што калі гэты момант будзе ўпушчаны, і пісталет стрэліць, то ён стрэліць і па ім таксама.