Інстытуцкія гады прайшлі ў цэлым спакойна. Яркіх момантаў таксама было не так і шмат. Вучыўся роўна, у адрозненні ад учорашняга героя Палёнага нават не спісваў на іспытах.
На трэцім курсе самых прыгожых дзяўчат і амаль усіх хлопцаў з групы выклікалі па чарзе ў дэканат. Там сядзелі незразумелыя таварышы ў шэрых неахайных касцюмах. Чамусьці яны пачыналі заводзіць недарэчныя размовы аб любві да радзімы. Ну а як яны маглі быць дарэчнымі, калі большасць факультэцкіх хлопцаў марыла адно што з’ездзіць у Маскву за хіпацкімі шмоткамі? А што ўжо казаць пра самых прыгожых дзяўчат! Данііла адзенне ў той час, які і цяпер, цікавіла, бадай, у апошнюю чаргу. З іншага боку, аб радзіме, якая была ўся тут – такая натуральная і стабільная – ён таксама не надта задумваўся. Таму на пытанне “Ты патрыёт?” проста апусціў вочы ў падлогу. Маёр, які задаваў пытанне, з прыкрасцю хрукнуў: “Эка ж жыдкі працу вядуць! Мы ім і выезд дазваляем, што ж яны ціснуцца тут, сукі?”
— Дык гэта вас гэбісты вербавалі! Гэтыя цэрберы паўсюль, заўсёды задумваюць кепскія, злыя справы. Сцеражыся іх! – патлумачыў потым Даніілу габрэйскі сябра Грыша Шац, калі яны, стоячы ў кафетэрыі, пілі гарэлку. Самога яго ў дэканат да шэрых пінжакоў не выклікалі. Данііл гэтыя словы зразумеў яшчэ меней, але кіўнуў.
Тым часам перадпенсійнага бацьку нечакана для ўсіх саслужыўцаў перавялі на дробную пасаду ў… Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Такія пераводы не надта практыкаваліся. Бацькоўскія сябры здзівіліся і амаль адразу зніклі. Пасада была нейкая зусім недарэчная, але патрабавала штодзённай прысутнасці. Бацька пачаў затрымлівацца на працы. Пад канец стаў дрэнна сябе адчуваць. Выглядала, што згасаў. Акурат тады яго і адправілі канчаткова на пакой. Адной з апошніх праведзеных стратэгічных аперацый стала вялікая п’янка з нагоды юбілею начальніка, на якой ён майстарскі папрасіў за сына.
Калі прыйшла пара размеркавання, бацькоўскі клопат выліўся ў незвычайнае прызначэнне. Спярша ў дэканаце паказалі табліцу з запытамі ад арганізацый. Паспяховасць Данііла была не самай лепшай, таму ён ужо рыхтаваўся настаўнічаць геаграфію недзе ў Цэнтральнай Азіі. І тут раптам зусім іншая прапанова: адказны супрацоўнік па культуры ў Нёманскім аблвыканкаме.
— Сардэчна запрашаем на службу, сынок! – пяшчотна паляпаў Данііла па плячы рудавусы дэкан, ні кім са студэнтаў не любімы.
І дадаў, хітра падміргнуўшы:
— Будзеш выконваць даручэнні партыі, адказваць за музеі, тэатры, бібліятэкі, адным словам – будаваць сапраўдную, набліжаную да людзей культуру.
Гэта было зусім дзіўна. Чаму географа бралі на такую пасаду, разумелі адно сілавікі, якія ўладжвалі пытанне.
Хлопец па старой завядзёнцы падпарадкаваўся, суцешыўшы сябе, што да дому не так і далёка – шляху ўсяго трохі больш за суткі. Гэта ж Саюз – магло быць куды горш!
Данііл ніколі не выязджаў заходней Масквы, а тут адразу памежжа! У Нёмане ён ніколі не быў, нічога аб ім не ведаў. Родных і сяброў там таксама бракавала. У Нёмане стаяў вялікі хімзавод і некалькі абарончых прадпрыемстваў. Сярэдняга памеру гарадок, у Саюзе такіх нямала.
Ён прыбыў на працоўнае месца, як і належыць, напачатку восені. Нёман стаяў сшарэлы, і гэтым страшнаваты. Маладому спецыялісту далі пакой у інтэрнаце, у пешай адлегласці ад аблвыканкама. Натуральна, усё ў цэнтры горада.
Уласна працы было шмат і напачатку яна падалася вельмі нуднай: падрыхтоўка статыстычных зводак, справаздач, інструкцый; наведванне ўзорных выступленняў самадзейных народных калектываў. У першы месяц ён пабываў адразу ва ўсіх культурных установах горада, паглядзеў некалькі спектакляў мясцовага драматычнага тэатра. Некаторыя спадабаліся. Канешне, не абмінуў і абодва гарадскія музеі – атэізму і гісторыка-археалагічны. Назва апошняга адразу выклікала вялікі давер і павагу.
Непасрэдны шэф Данііла, старшыня Нёманскага аблвыканкама Васілій Іванавіч, быў някепскім начальнікам. Два гады таму яго даслалі з самой Масквы, дзе ён акурат скончыў Вышэйшую партыйную школу.
— Папярэдні старшыня, кажаш? – са штучным здзіўленнем паглядзеў на Данііла калега з суседняга кабінета. Відна было, што цікавіцца мінулымі начальнікамі тут не прынята.
— Дык правёў тут больш за пяць гадоў і знік у невядомым накірунку, – працэдзіў ён нарэшце без ахвоты.