Выбрать главу

Данііл адразу аброс новымі знаёмствамі. Праз тое, што вольнага часу не ставала, былі гэта ў асноўным калегі з працы – даволі ціхія, не надта адкрытыя людзі. Але тым не менш.

Паступова ён прызвычаіўся да Нёмана. Горад нават пачаў яму падабацца. Калі яго аднакурснікі з Кірава прасілі ў лістах апісаць новае месца, Данііл вылучаў толькі дзве адметныя рысы.

Першая – горад памежны, і ў тым яго сутнасць. Ад сібірскага цэнтру дасюль амаль чатыры тысячы кіламетраў. З Нёмана ж да першага замежнага пункта – менш за дваццаць пяць. Зусім блізка жыла нейкім уласным жыццём братняя сацыялістычная Польшча. Зразумела, бытуючая ў народзе тэза аб тым што “Польшча не заграніца” ў разлік тутэйшымі жыхарамі не прымалася. Усе выдатна ўсведамлялі: Польшча – яшчэ якая “заграніца”. Туды проста так не трапіш. А таму? А таму Нёман кішэў кантрабандыстамі.

Справа ў тым, што братняя сацкраіна перыядычна цішком прыадчыняла сваю заходнюю мяжу з не менш братняй ГДР. Карыстаючыся гэтым, нёманскія кантрабандысты зачаравана ўвозілі сюды выдатныя рэчы “інпашыў”. У зваротным напрамку везлі танную гарэлку ды цыгарэты. Такі атрымліваўся непаўнацэнны абмен: мы ім – шкодныя звычкі і ракавыя пухліны, яны нам – стыль і прыгажосць. З заходнімі капіталістамі інакш і нельга! Зрэшты, гарадскія сілавыя структуры трымаліся адваротнай думкі, рэгулярна арыштоўваючы ды адпраўляючы асабліва нахабных парушальнікаў у зусім далёкія савецкія паселішчы.

Горад кішэў міліцыяй, супрацоўнікамі КДБ, сексотамі, памежнікамі, мытнікамі і проста вайскоўцамі. З той жа нагоды ў ім месціліся некалькі вайсковых частак і нават цэлая верталётная база. Верталёты кружылі па-над Нёманам – над замкамі ды касцёламі. Спярша гэта захапляла Данііла, але потым ён перастаў іх заўважаць. Верталёты – як чыгунка пад вакном: варта толькі прызвычаіцца.

Другой асаблівасцю горада, якой, у адрозненне ад верталётаў, Данііл не прыдаваў у першыя дні аніякага значэння, была наяўнасць вялікай колькасці старых будынкаў. Нёман складаўся з дзвюх найцікавейшых частак, падзеленых ракой Кронан – старадаўняй і “новай”. Дакладнай даты заснавання горада ніхто, нават сярод гісторыкаў і музейшчыкаў, не ведаў. Неяк дзеля цікаўнасці Данііл запытаўся пра гэта, і тут жа сярод адмыслоўцаў разгарэлася спрэчка. Відаць, менавіта таму ў даведніках унікліва пісалі пра “першую траціну ХІІ ст.”

І ўсё ж у нёманскім старым горадзе колькасць старасвецкіх будынкаў была нашмат большай, чым ва ўсіх гарадах, дзе Даніілу даводзілася бываць дасюль. Хаця не, у Ленінградзе, куды ён яшчэ шкаляром прыязджаў на экскурсію, іх было нашмат больш. Сапраўды, у Ленінградзе старыя дамы дыхалі гісторыяй айчыны: вось тут шпацыраваў Пётр Першы, а тут – Кацярына Другая. Там жыў Пушкін, а недалёка – Грыбаедаў. У Нёмане ж ніхто са знакамітасцяў не жыў – толькі калісьці даўно палякі ды нейкія габрэі. Сэнсу ў такіх старых будынках без сапраўднай гісторыі было няшмат. Ды і архітэктура кепская таксама.

За тыя колькі месяцаў, што ён паспеў тут пражыць, малады чалавек заўважыў, што дамы паступова знікалі. Прыкладна раз на тыдзень будаўнікі разбуралі па адным будынку. Кожны раз калі гэта адбывалася, нешматлікія супрацоўнікі аблвыканкама з мясцовых ціха перашэптваліся ды ўздыхалі.

“Чаму вы так перажываеце?” – у думках запытваўся Данііл. Ён шчыра не разумеў, але саромеўся запытацца наўпрост. З ягонага пункту гледжання прычынаў для ўздыхаў не было. Старыя дамы не ўяўлялі каштоўнасці.

“Знакамітасці тут не жылі, прыгажосці ў іх не шмат”, – спрабаваў Данііл пераканаць іх ва ўяўнай спрэчцы. Але самае галоўнае – на іх месцы адразу пачыналі будаваць новае прасторнае савецкае жыллё для вайскоўцаў!

“Адстаўныя афіцэры, якія прыехалі сюды немаведама з якой далечыні, прывезлі ў Нёман жонак і дзяцей, дасюль не маюць нармальных жыллёвых умоў. Будаўніцтвам новага жытла для іх савецкая ўлада паказвае сапраўдны клопат аб людзях”, – працытаваў ён аднойчы вытрымку з абласной “Нёманскай праўды”.

Але сумныя калегі нібы не пачулі. Толькі сакратарка Ядвіга Антонаўна, строгая цётачка ў гадах, згодна заківала:

— Дык вядома! Месцічаў, якія дасюль жылі ў мізэрных старых дамах, перасяляюць. “У навюткія ўтульныя кватэры ў новаспраектаваных савецкімі архітэктарамі мікрараёнах, дзе на некалькі тысяч жыхароў ёсць усё неабходнае: крама, кафэ, дзіцячы садок, школа і танц-пля-цоў-ка”. Чаго яшчэ трэба? – дадала яна.

Такім чынам, Нёман паступова выбіраўся з аковаў уласнага мінулага і станавіўся нармальным савецкім населеным пунктам.

3