Выбрать главу

Наступнай раніцай Данііл Міхайлавіч абудзіўся, як заўсёды, досыць рана, падмацаваўся амлетам, заварыў сабе моцнай гарбаты. Апетыт быў добры. Бадзёры, ён выйшаў насустрач сонечнаму дню.

Звычайны шлях да працы падаваўся зусім кароткім – трэба перайсці невялічкую рачулку, што апантана круцілася па гарадскім цэнтры, абмінуць будынак гістарычнага архіву, ускараскацца на яшчэ адзін мост, што перасякаў усё тую ж рачулку, і вось ён ужо амаль падыходзіў да вялізнага аблвыканкамаўскага гмаху.

— Каб узвесці гэты дзесяціпавярховік прыйшлося разбурыць квартал старых дамкоў, – распавёў некалі Даніілу вахцёр, якому ад нуды не было да каго дачапіцца. Такія дамкі да цяперашняй пары акалялі гэта манструознае ёмішча савецкай выканаўчай улады.

Данііл выйшаў з інтэрната – аўтамабілі праміналі яго на вузкай вуліцы, праносячыся на хуткасці ды зрэдку сігналячы адзін аднаму. Проста над вухам пратарахцеў перапоўнены ранішні аўтобус. Малады чалавек затрымаўся ля шапіка Саюздруку, узяў ранішнюю газету. Ейная перадавіца апісвала заканчэнне сяўбы ды настройвала на вясёла-аптымістычны лад. Дзень абяцаў быць светлым.

На шляху да працы Данііла звычайна цягнула на развагі пра жыццё. Так было і цяпер. Цудоўны вясновы дзень нібыта дазваляў безадказна памарыць аб чымсьці неабавязковым і, можа, не надта сур’ёзным.

Данііл акурат абыходзіў доўгі двухпавярховы архіў, і толькі цяпер заўважыў, што з высокага двускатнага даху дзе-нідзе пачала адвальвацца старая дахоўка. Гістарычны архіў ён яшчэ ані разу не наведаў, але, канешне, збіраўся там пабываць. Да гэтай установы малады чалавек адчуваў вялікі піетэт. Ён прыгадаў, як калісьці марыў паступаць на гістфак, і з адценнем светлай зайздрасці падумаў аб людзях, якія штодня прыходзяць сюды працаваць.

“Галоўнае ў архіве – картатэка”, – прыгадаў ён словы свайго інстытуцкага выкладчыка.

Сапраўды, у архіве кожны дакумент ляжыць на ўласным месцы. Кожны аркуш паперы, што выйшаў з-пад пяра добрага ці кепскага чалавека шмат гадоў таму, пазначае важны факт і мае аграмадную гістарычную вартасць. Ён дастойны захавання для нашчадкаў.

З архівам па значнасці можна параўнаць толькі музей. Музеі Данііл любіў. Гэта таксама вельмі сур’ёзная ўстанова. Усе прадметы там падпісаныя, занатаваныя на ўліковых картках ды занесеныя ў адмысловую кнігу.

“Музей – гэта амаль тое самае, што архіў, толькі на большасці прадметаў няма надпісаў”, – да такой высновы прыйшоў ён аднойчы, разважаючы сам з сабой.

“Так, з-за гэтага музейныя прадметы маюць меншую каштоўнасць, чым архіўныя дакументы. Чаму ж на іх захоўванне дзяржава выдаткоўвае столькі народных сродкаў?” – контраргументаваў ён тады сабе.

“Па-першае, таму што гэта традыцыя, прынятая таксама ў капіталістычных краінах. Па-другое, гэтыя прадметы з’яўляюцца сведкамі падзей, зафіксаваных у архіўных паперах. Можна было б абмежавацца захаваннем фотаздымкаў прадметаў, а ім самім знайсці нейкі лепшы ўжытак, але ж ізноў – традыцыя ёсць традыцыя”, – не прымусіў чакаць адказ.

“І ўсё ж, – падумаў Данііл, – з часам музеі знікнуць”.

Данііл не цікавіўся гісторыяй у яе гуманітарным рэчышчы. Яго не надта натхняла гісторыя мастацтва, адценні эпох, абстрактныя веды пра лад мыслення ў феадальным грамадстве ці раннім капіталізме. Найбольш яго вабіў, так бы мовіць, тэхнічны бок.

Чым, па-сутнасці, з’яўляецца гісторыя? У сухой рэшце гэта даты і падзеі. Больш нічога. Гісторыя – як і геаграфія – вельмі жорсткая дысцыпліна, дзе ўсё разлінавана, раскладзена па паліцах, падзелена на катэгорыі, пазначана ўласнай назвай. Але толькі ў такой навуцы як гісторыя ўсе навуковыя факты магчыма структурыраваць на шкале часу. Кожны, абсалютна кожны факт, кожная падзея, імя, бітва, учынак – усё гэта мела свой час. Сапраўдны гісторык усяго толькі мусіць шукаць і збіраць гэтыя факты, выстрайваючы іх у мудрагелістыя стужкі. А потым мы проста перабіраем гэтыя нізкі. Адна – даўжэзная – гэта гісторыя Савецкага Саюза, іншая – карацейшая – гісторыя братняй Малдовы. З Малдовай гэта прыклад, канешне, але так ёсць!

Вельмі добрая і зручная гісторыя – ваенная. Перасоўванні пазіцый, падбітыя танкі і самалёты, колькасць выпушчаных снарадаў, параненых і, што асабліва трывожна – згінуўшых без вестак. Тут Данііл падумаў, што нават пры апісанні бітваў стогадовай даўніны гісторыкі працягваюць пісаць пра “згінуўшых без вестак”. Няўжо дасюль хтосьці спадзяецца на тое, што людзі адшукаюцца? Але халера з імі! Усё адно захапляе добрая структура і дакладнасць!

І яшчэ адна выдатная думка прыйшла ў галаву, што насамрэч справа канчатковага вывучэння мінулага можа быць завершана не ў такой і далёкай перспектыве. Ён нават прыкінуў, што ўжо праз дваццаць-дваццаць пяць гадоў навукоўцы вырашаць гэту задачу. Савецкія гісторыкі з дапамогай гісторыкаў краін сацыялістычнага свету і не надта рэакцыйных прадстаўнікоў буржуазнага лагеру, седзячы ў архівах, складуць велізарную сусветную храналогію. Гэта будзе такая храналогія мінулага, якая ўключыць у сабе ўсе хоць трошкі важныя падзеі.