Выбрать главу

— То бок, план – знесці будынак касцёла? – Данііл не чакаў такой пастаноўкі.

— Знесці-знесці! Танчэй трэба і цішэй прамаўляць такія рэчы. Дэмантаж, разборка. Тут мясцовыя палякі, мы ў іх штогод па 250 ствалоў канфіскуем. Калі мы зараз пачнем трубіць аб зносе, гэта можа быць няправільна імі зразумета. Дакладней, як раз правільна. Я ўчора кансультаваўся з начальнікам Ленінскага РАУСа, дык параілі пазбягаць раздзьмування тэмы. Мясцовыя вычварэнцы і так з глузду з’ехалі.

Васілій Іванавіч дастаў з шуфлядкі капэрту з прылепленым да яго машынапісным лістом.

— Ты не чуў відаць. Яны на тым тыдні паслалі ліст у Дзярждэп ЗША з патрабаваннем спыніць “варварскае знішчэнне культурнага здабытку краіны”. Звычайнай поштай! – Ён памахаў канвертам у паветры. – І гэта яны пра свае халупы! Аж смешна. Мы ім універмаг збудавалі, стадыён першакласны, авіязносіны наладзілі з Ленінградам, а яны – лісты ў Дзярждэп!

— Неверагодна! Куды глядзяць працоўныя калектывы? Дык той Дзярждэп праз іх яшчэ можа шпегаў да нас падашле потым?

— І я пра тое! Дык добра ж хоць нейкія студэнты – пошце даверыліся. А калі б сталыя байцы? Я не кажу пра дысідэнтаў, іх тут няма. Я кажу, што мы дзядкоў толькі 30 гадоў таму з леса выманілі. Гэта ж касцёл! Пры Польшчы – святыня! – Шэф убачыў трывожныя вочы Данііла і падумаў, што мабыць занадта цісне.

— Я толькі не хачу цябе палохаць. Усё не так і блага. Цяпер мы людзей патроху ўтаймавалі. Працверазелі нашыя людзі. Але гэта не значыць, што мы не мусім быць разумнейшымі. Паволі едзеш – далёка станеш. Зразумеў вастрыню пытання?

Данііл кіўнуў галавой, але ўсё ж вырашыў удакладніць, тым больш шэф дазваляў пэўную ступень фамільярнасці:

— Але навошта мне гэта прапрацоўваць? Калі прынялі рашэнне аб дэмантажы касцёла, якім бокам тут культура? Я ж нічога ў гэтым не разумею…

Старшыня хітра прышчурыўся.

— Рэзоннае пытанне. Але зараз патлумачу. Там у Маскве, ведаеш, сёння адно, заўтра іншае. Закінуць нам потым, маўляў, помнікі народнага дойлідства разбураем. Яшчэ інтэлігенцыя падключыцца. А мы ім на гэта адкажам, што нічога страшнага, ніхто супраць не быў. Таму твая задача – зразумець якія ў горадзе пануюць настроі наконт гэтага аб’екту. Можа там і не моліцца ніхто, і даўно ўсім начхаць? Іншымі словамі, гатовыя нёманцы супраць нас падрыўную дзейнасць разгортваць або пашушукаюцца на кухнях і досыць? Тое, што ўсплёск антысаветчыны пойдзе – гэта не страшна, з гэтым мы разбярэмся. І потым яшчэ высветлі – а раптам ён сапраўды такі каштоўны, раптам мы чагосьці не дагледзелі? Праз тыдзень каб справаздача ў мяне ляжала!

— У такім выпадку заданне зразумелае. Зрабіць даведку па аб’екце, паглядзець хто на яго цяпер завязаны. Праз тыдзень зраблю. Дарэчы, з упарадкаваннем сапраўды вельмі здаровая ідэя. Там яшчэ прыпынкі аўтобусныя старыя і плот нейкі дзіравы… Нарэшце прыбярэм. – Даніілу падалося, што ўсё не так і страшна, што ён справіцца.

— Ну вось, гэта разумна! Ты не хвалюйся, зашмат на сябе не бяры. Я ўжо гутарыў з МУС і з КДБ. Як што падстрахуюць. З камсамолам таксама дамовіўся – з наступнага месяца актывізуюць антырэлігійную прапаганду. Дарэчы, адкарэктуй свой план мерапрыемстваў у адпаведнасці з іхнымі прапановамі. Як што – звяртайся. – Васілій Іванавіч прыўзняўся з крэсла, працягнуў руку, даючы зразумець, што сустрэча завершаная. Данііл з робленай бадзёрасцю паціснуў руку і выйшаў з кабінета.

У сваім пакоі адразу наліў сабе вады з графіна. Ядвіга Антонаўна паглядзела на яго з выразным жалем, але змаўчала.

Насамрэч, ён не быў у надта вялікім захапленні ад гэтага задання. Было нейкае змрочнае адчуванне няправільнасці. Адна справа ўхваляць дзеянні будаўнікоў, зусім іншая – самому спрычыніцца да разбурэння старасветчыны. Ён усё ж такі паспеў прызвычаіцца да цяперашняга гарадскога аблічча.

Як сказаў шэф, заданне прыярытэтнае, таму ўсё іншае можна пакуль адкласці. Знешне справа не ўяўлялася надзвычай складанай. Лёгкім высілкам волі яму ўдалося прагнаць кепскія думкі. Данііл верыў, што калі кіраўніцтва задумвала нешта зрабіць, так ці інакш яно гэта выконвала. Абнаўленне ўсяго састарэлага, час дзеянняў і пераўтварэнняў – ідэйны грунт нашай партыі, і тут лепш пазбавіцца сантыментаў. Ад упарадкавання горад толькі выйграе!