Выбрать главу

Цяпер жа трэба сканцэнтравацца на плане дзеянняў. Перадусім належыла зазірнуць у сам касцёл. Далей што? Магчыма, паразмаўляць аб ім з музейшчыкамі. Дзякуй богу, з імі склаліся прыязныя адносіны. Потым з міліцыяй?... Ммм… разбярэмся па ходзе. Данііл адкрыў план масавых мерапрыемстваў ды ад рукі ўпісаў паміж радкамі выставу антырэлігійных карыкатур і серыю тэматычных лекцый Культпрасвета.

Яшчэ Даніілу памарылася з гэтай нагоды напрасіцца ў нейкую камандзіроўку для абмену вопытам. У іншых гарадах Саюза таксама ж павінны зносіць цэрквы і касцёлы, дык хоць свет пабачыць можна! А тое і краіны сацлагеру… Зрэшты, перспектыва наведаць Кракаў або Прагу была занадта летуценнай. Куды імаверней – Вільнюс ці Самарканд.

“Час дзеянняў і пераўтварэнняў…” – прамарматаў ён і выляцеў з кабінета.

4

Аўтобус пад’язджаў да дзяржаўнай мяжы. У салоне патыхала вэнджанай каўбасой, хлебам і нясвежымі шкарпэткамі. Была глыбокая-глыбокая раніца. Роберт перыядычна правальваўся ў дрымоту, і толькі думкі аб хуткім пашпартным кантролі не давалі яму заснуць канчаткова. Заплюшчваючы вочы, ён прыгадваў учорашні амаль летні Брусэль, прыём у каралеўскім палацы, потым пералёт з Амстэрдаму ў Вену, наступную палову дня, праведзеную ў цягніку да Варшавы, перадачу апошніх інструкцый і каардынатаў сувязных.

Ён быў амаль спакойны. Усё ж такі, гэта ўжо чацвёртая камандзіроўка ў СССР з падобным заданнем. Натуральна, звыкнуцца з такімі рэчамі да канца немагчыма, але трэнеры-псіхолагі са школы выведкі навучылі яго расслабляцца ды ізаляваць свядомасць ад бесперапыннага стрэсу.

— Нашыя практыкаванні дазваляюць абыходзіць дэтэктар хлусні! – без ценю сумнення запэўніў яго начальнік аддзела падрыхтоўкі.

— І што, ніводзін агент не раскалоўся на допыце?

— На допыт лепш не трапляй! – быў яму такі ж упэўнены адказ.

Дакументы ў поўным парадку. Сапраўдны французскі пашпарт на чужое імя, а ў патаемным аддзяленні сумкі яшчэ і савецкі, надрукаваны на дакладнай копіі апарата, на якім у Саюзе тыя пашпарты насамрэч рабіліся. Плюс усе адпаведныя дакументы датычна легенды: цалкам рэальнае заданне па ўсталяванні акадэмічнага супрацоўніцтва паміж савецкімі педінстытутамі ды заходнееўрапейскімі ўніверсітэтамі. Гэта афіцыйная мэта камандзіроўкі. Яна загадзя ўяўлялася правальнай, таму не патрабавала сур’ёзных высілкаў.

Роберт паходзіў з тыповай эмігранцкай сям’і былых ленінградскіх інтэлігентаў, якім савецкая ўлада выдала дазвол на выезд яшчэ ў пачатку 60-х. Сям’я з немаўлём успрыняла гэта як шчаслівы квіток у будучыню. Адразу трапілі ў Філадэльфію. Некалькі гадоў бадзяліся па эмігранцкіх інтэрнатах, гасячы слёзы і нуду па радзіме. Але потым, як гэта звычайна і бывае, унармавалася. Хлопчык апынуўся выдатнікам, здолеў паступіць ды скончыць з адзнакай даволі прэстыжны каледж, атрымаў бакалаўра ва Універсітэце Нью-Ёрка, а затым, дзякуючы неверагоднаму збегу абставін – трапіў у магістратуру Страсбургскага ўніверсітэта, дзе вывучаў культуралогію.

Там ён моцна пасябраваў з аднакурснікам-амерыканцам, які і прывёў яго да працы ў Цэнтральнам выведачным упраўленні. Гэта здарылася адразу пасля вяртання ў Штаты. У той час хлопцы з Саюзу былі вельмі запатрабаваныя для выканання рознага кшталту спецпраектаў. Вось як зараз, калі, згодна з міжнароднай дамоўленасцю, амерыканскі Дзярждэп дапамагаў бельгійскаму ўраду…

Адным з фактараў, што паўплывалі на ягонае рашэнне працаваць на ЦРУ (хоць ён у гэтым стараўся не прызнавацца), была прага да вандровак. Роберт – адчайны вандроўца. Яшчэ ў час студэнцтва наведаў усе амерыканскія штаты, а потым, навучаючыся ў магістратуры, стараўся кудысьці з’ездзіць на кожных вялікіх выходных. Галоўнае было пабачыць новыя гарады, іншую архітэктуру і культурную спадчыну, дакрануцца – калі позіркам, я калі і рукою – да сапраўдных шэдэўраў. Вельмі немалаважнымі былі тыя прыемныя моманты ў шляху, калі можна цалкам спакойна падумаць, перакінуцца парай слоў са спадарожнікамі, даведацца нейкую драбніцу аб іхным жыцці.

Жыццё час ад часу выкідвала даволі пацешныя жарты: яшчэ ўчора ён прагульваўся ўздоўж амстэрдамскага Прынцэсграхт, абедаў у кампаніі інструктараў у рэстарацыі пры Кемпінскі. Цяперака ж, праз лічаныя хвіліны, паўстане перад савецкім памежнікам, а яшчэ праз паўгадзінкі апынецца ў чарговым новым горадзе. На гэты раз Нёман.

— У дзяцінстве, калі мы з бацькамі жылі ва Усходняй Нямеччыне, даволі часта хадзілі па музеях. Але я, на жаль, нічога не памятаю. Памятаю толькі канцлагер. І аквапарк… А ты пра што затужыў, калега? – усміхнуўся яму мужчына з суседняга крэсла, які выглядаў як тыповы кантрабандыст. – Можа спірт вязеш? Ты скажы – параю як правільна схаваць.