Яна абчысціла тры вялікія цыбуліны, узяла на заложніку тарку, спрытна сцёрла іх, і пазагортвала тую ружаватую кашыцу ў кавалачкі марлі. Потым завяла Ніну ў ложак і паабкладала абмарожаныя пальцы гэтым ядавіта-горкім і страшна пякучым лекам.
— Зараз я напаю цябе гарачым чаем, ліповым, і з малінавым варэннем, каб унутры холад не застаўся, — сказала малой гаротніцы.
Ніна ўжо змаглася ад плачу і, трохі прыцярпеўшыся да болю, ціха, жаласна скуголіла.
Доўгі час скура на руках і на ступнях ног аблазіла, здзіралася, сыходзіла, траціла прыгожы прыродны колер і — без натуральнага валасковага покрыву — рабілася непрыемнай для вока бліскуча-голай. Асабліва гэта адбілася на пальцах рук, на ўсё жыццё яны засталіся падобнымі на дробныя зморшчаныя моркавачкі, толькі колеру не маркоўнага, а сінюшнага. На ўсё жыццё! Колькі Ніна адплакала з-за гэтага, колькі тымі пальчыкамі выцерла горкіх дзіцячых слёз! Калі б слёзы мелі чароўную сілу лекавання, яны вярнулі б яе пальчыкам тую красу-прыгажосць, што была ад Бога. Але слёзы, на жаль, гэткіх чараў не маюць.
З плачом — у белы свет
На пачатку восені Ніна развіталася з утульнай хацінай бабы Хрысціны: Івану Рыгоравічу далі казённую кватэру — звычайную вясковую хату побач са школай. Таксама абжытую, і з гатовай мэбляй, і вядома ж — з печчу. Праз колькі дзён, рана ў нядзелю, тата сказаў Ніне, што едзе ў раён і вернецца пад вечар. I сапраўды позна па абедзе вярнуўся, але не адзін: разам з ім у новае жытло зайшла маладая невысокая хударлявая жанчына, якую Ніна ніколі раней у Замчышчы не бачыла. Апранута яна была ў крамнае, але як бы не падагнанае пад яе адзенне: задоўгая цёмна-зялёная спадніца, зашырокая на плячах і ў таліі чорная жакетка, белая з дробнымі шклянымі гузічкамі блузка, на нагах — карычневыя, з нізкімі халяўкамі, чаравікі. У руках — невялікі, самаробны, з пафарбаванай фанеры, куфэрак. А ў таты ў руках — два вялікія, перавязаныя шпагатам хатулі. Убачыўшы праз вакно, што тата ідзе не адзін, Ніна адразу ж насцярожылася і не кінулася, як заўсёды, адчыняць дзверы, а спынілася ў нерашучасці непадалёк ад парогу. «А хто ж гэта з татам ідзе? Нейкая жанчына... А хто яна? Новая настаўніца? Напэўна, настаўніца...»
Іван Рыгоравіч паклаў на ўслон хатулі, потым узяў з рук жанчыны і паставіў побач з хатулямі куфэрак, тады неяк крыва ўсміхнуўся да Ніны і сказаў:
— Ну, знаёмся, дачушка, гэта — Ліда Паўлаўна, цяпер яна будзе табе за маму.
Яшчэ не дагаварыўшы апошнія словы, паклаў руку на худзенькі плячук дзяўчаці.
— За маму? — перапытала спалохана-разгубленым голасам Ніна і падняла поўныя недаўмення і страху вочы на тату.
— Ты прабач, дачушка, што я не сказаў табе раней — думаў, так будзе лепш, — каб ты загадзя не хвалявалася. Лепш — каб ты адразу і пазнаёмілася. Ты ў мяне добрая, кемлівая і ўсё зразумееш. Ну не магу ж я без гаспадыні жыць, праўда? Ды і за табой мацярынскі догляд патрэбен.
Хоць і зусім яшчэ малая была Ніна — толькі дзесяты пайшоў, але сэрцам адчула бяду. Схапіла ў далонькі татаву руку, уткнулася тварыкам у крысо ягонага пінжака і ціха, жаласна захліпала.
— Чаго ты спавохалася? Не бойся! — азвалася нарэшце непрыемным скрыпучым голасам Ліда Паўлаўна, да таго ж — моцна картавячы. — Ты бач яе: яшчэ не б'юць, а ўжо пвача.
— Не плач, Ніначка, не плач, — пагладзіў дзяўчынку па галаве бацька. — Чаго ж плакаць? Усё будзе добра.
Ніна перастала хліпаць, але засталася стаяць, як і стаяла, толькі яшчэ мацней сціснула вялікую бацькаву далоню ў сваіх шурпаценькіх маленькіх.
— Ну давай паздавоўкаемся! — зноў праскрыпела Ліда Паўлаўна і працягнула Ніне абсівераную кашчавую руку. — Павяўніся ж сюды, што ды адвяўнулася!
Ніна зрабіла гэта не адразу, а толькі пасля таго, як і тата сказаў:
— Ну павярніся, дачушка, павярніся!
Тады яна і адхіліла галаву ад татавага пінжака і падняла мокрыя вочы на тую, што будзе «за маму»; вусны яе торгаліся і крывіліся як ад болю, выгляд быў надта няшчасны. Добра, што бацька з вышыні свайго росту гэтага не бачыў і, можа, таму не ўсё разумеў, што робіцца ў душы яго дзіцяці, перад якім страшным выпрабаваннем апынулася яе маленькае сэрца.
Пацёршы кулачком вочы, Ніна падала жанчыне руку і, на яе картавае «зваствуй!», ледзь чутна, як праз не магу, вымавіла:
— Здрастуйце...
— Зараз я табе падавунак дам, я табе падавунак пвывезла, — бадзёра, амаль урачыста, сказала Ліда Паўлаўна.
Адышлася да ўслона, адчыніла куфэрак і дастала з яго падарунак: невялікую паркалёвую хусціну з шырокай сіняй каймой і ў такі ж сіні гарошак. Хустка Ніне не спадабалася — не той колер і не тыя ўзоры, яна любіла маміны хусткі — ружовыя ці светла-зялёныя і абавязкова квяцістыя. Ды такой бяды і з тым колерам і з узорам! Проста ёй не хацелася прымаць падарунак ад гэтай чужой незнаёмай жанчыны. Яна падняла вочы на тату і ўбачыла, як ён ёй хораша цёпла ўсміхнуўся. I яна ўзяла падарунак і хацела пайсці з ім да стала, за якім рабіла дамашняе заданне, але Ліда Паўлаўна затрымала.