— Гэта ж вош! — усклікнула ў здзіўленні Марылька. — Ты счасала з валасоў вош!
Яна адарвалася ад кнігі і, машынальна адхіснуўшыся, паглядзела на Ніну. Хоць гэтае малёханькае куслівае стварэнне не было тады ў вёсцы дзівам, Ніна, аднак, ведала, што мець вошы — сорамна і брыдка, — так заўсёды казала мама, яна была вялікай чысцюляй і пільна сачыла, каб, крый Бог, не завялося гэтае насенне ў яе дачок. I цяпер Ніна ад няёмкасці аж пачырванела.
— Пачакай, — сказала Марылька, — дай пагляджу.
Не чакаючы згоды, нахіліла да сябе Нініну галаву і пачала досыць спрытна, як дарослая, перабіраць пальцамі пасмы. Праз хвіліну амаль узрадавана абвясціла:
— Во! Яшчэ адна ёсць! Гэткая самая! Пачакай, я заб'ю яе.
Ніне стала страшнавата, яна як бы штосьці зразумела, можа, тое, што дачцы настаўніка вашывай быць няможна, бо будуць смяяцца людзі.
— Я пайду, Марылька, мне ўжо трэба дадому, — сказала.
Апранула спехам пальтэчка і вышмыгнула за дзверы. На вуліцы прыпынілася: а куды цяпер? Трэба ўсё ж да школы. Трэба сказаць тату.
Іван Рыгоравіч убачыў Ніну праз вакно і, заўважыўшы, у якім яна настроі, зразумеў, што нешта здарылася. Выйшаў у двор, як быў на ўроку — у гарнітуры.
— Што з табою, дачушка? Нехта пакрыўдзіў? Ніна апусціла галаву, адвяла ўбок вочы і скрушна, нібы пра сваю вялікую віну, адказала:
— У мяне вошы...
— Вошы? — перапытаў, здзіўлены, Іван Рыгоравіч.
— Ну. Вошы. Адну я сама счасала на кніжку, а другую знайшла Марылька ў валасах.
— Нічога страшнага, Ніначка, проста я даўно не купаў цябе. Гэтую нечысць мы лёгка ліквідуем, не бядуй. Ідзі дадому і чакай мяне. Лідзе Паўлаўне не кажы нічога.
...Вечарам Іван Рыгоравіч нагрэў на прымусе вялізную каструлю вады і сам выкупаў Ніну ў балеі, асабліва старанна вымыў, шчодра намыльваючы, галаву. Апрануў дзяўчынку ў чыстае і ўклаў спаць. Усё зрабіў так, як цэлы год рабіў на кватэры ў бабы Хрысціны і потым ужо тут, пры новай гаспадыні. У лазню Ніну не адпускаў — ні з бабай Хрысцінай, ні з мачыхай. Купаў сам, дома — як бы знаходзячы ў гэтым нейкую палёгку для душы, нейкі выкуп сваёй віны за тое, што сям'я разбурылася і яго любімая дачушка пазбавілася матулінай ласкі.
Ужо засынаючы, Ніна пачула кароткую нелагодную перамоўку:
— Заўтра будуць тапіць лазню, магла б я гэта зрабіць і ў лазні. Дык ты ж не хочаш.
— Не хачу. Вось — не агледзеўся, як маё беднае дзіцё нуда заела.
Так прайшла зіма — у відочнай нелюбові і непрыязні той, што «за маму», да падчаркі. А на пачатку вясны Ніна пачула ад Марыльчынай маткі, занадта гаваркой і языкатай «лапатухі», незвычайную навіну:
— Скора табе стане жыць весялей, Ніначка: будзеш мець дома ці браціка, ці сястрычку. Месяцы праз два, калі не хутчэй, твая мачыха рассыплецца.
Што жанчыны нараджаюць дзяцей — гэта Ніна ведала ўжо даўно, і што значыць «рассыплецца» — зразумела адразу. I толькі цяпер скеміла, чаму ў Ліды Паўлаўны пачаў выпукляцца пад сукенкай жывот: будзе дзіцятка. Але чаму — мой брацік ці сястрычка? Каб гэта мая мама нарадзіла — тады быў бы мой брацік ці мая сястрычка. А гэта ж не мая мама... Нешта тут у Нініна разуменне крэўнасці не ўкладвалася. Што бываюць гэтак званыя «зводныя» браты і сёстры — яна проста не ведала, ніхто ніколі ёй гэтага не тлумачыў. Пасля навіны, пачутай ад Лапатухі, Ніна стала ўнепрыкмет назіраць за мачыхай, за яе відочна пакруглелым жыватом, сумненні ў тым, што дзіцятка чакаецца, адпалі і ў душы дзяўчынкі пачала нарастаць з аднаго боку — цікаўнасць, а з другога — неспакой і ўстрывожанасць: дык а як жа яно тады будзе, у якім становішчы апынецца яна? Заадно нарастала пачуццё адчужэння і непрыязнасці да мачыхі — ад не зусім усвядомленага разумення, што большаюць правы гэтай жанчыны на яе тату, тым самым — меншаюць яе правы, менш увагі і ласкі дастанецца ёй. Ніна зрабілася больш унурыстай, капрызнай, стала лягчэй раздражняцца і часцей праяўляць непаслухмянасць. Амаль зусім не стала чуваць яе вясёлага смеху.
У травені, перад самым заканчэннем трэцяга класа, Ніна пабывала з татам у Віцебску. I там яе напаткалі адразу дзве радасці. Па-першае, тата купіў адрэз прыгожай цёмна-бардовай фланелі на сукенку, на восень і зіму, хадзіць у школу. Ах, якая прыгожая тканіна, якая будзе сукенка! Ніна ўявіла, як яна зойдзе ў клас у такой цудоўнай абнове і як ёй будзе радасна, і ўсе будуць глядзець і зайздросціць, што ў яе такі тата — такую сукенку справіў. А па-другое, дзеці татавага сваяка, да якога яны заходзілі ў госці, на ўскраіне горада, падарылі Ніне голуба — дзівоснага прыгажуна турмана, светла-рабенькага, у чорнай «камізэльцы», з вялікімі круглымі вочкамі і кароткай дзюбкай. I такога рахманага, прыручанага, даверлівага. Татаў сваяк не быў заядлым галубятнікам, але любіў гэтых ласкавых свойскіх птушак, і ў яго двары іх было многа, бо і дзеці вельмі любілі вазіцца з імі.