Ніна ведае, што скора прачнецца і мама, устане і пойдзе даіць Рабоню. Гэтага Ніна і чакае. Ранішні сырадой ёй здаецца яшчэ смачнейшым, чым перад сном вячэрні. I мама нарэшце ўстае, выходзіць у пярэдні пакой, нешта там трохі робіць, а тады Ніна чуе, як яна бразнула даёнкай і пайшла з хаты. Ну, значыць, скора — вось-вось! — мама налье ёй кубак яшчэ пеннага, цёплага, пахучага сырадою. А Кіцю — у сподачак. Звычайна Ніна чакала гэтага пачастунку ў пасцелі — мама падавала ёй кубак і стаяла побач, пакуль яна не вып'е. А іншы раз ёй здавалася, што мама занадта там марудзіць, і яна саскоквала з ложку і выбягала ў першую палавіну хаты сама.
Аднойчы сталася так, што Ніна прачнулася, можа, трохі раней, чым звычайна, і праспявала ўсе свае любімыя песенькі, а мама ўсё не прачынаецца, не ўстае. Мамін ложак стаяў упрытык да Нінінага, узгалоўем да ўзгалоўя, і Ніна скінула з сябе лёгкую байкавую коўдру, прыпаднялася, потым стала на каленкі, узялася за верх металёвай спінкі, трохі перагнулася праз яе, каб убачыць мамін твар: няўжо яна яшчэ спіць? — і нягромка, але надта ж прачула-пяшчотна папрасіла:
— Мама, уставай кароўку даіць!..
Але мама не паварухнулася. I Ніна — тым жа тонам, а можа, яшчэ больш пяшчотна — паўтарыла:
— Мама, уставай кароўку даіць!.. Памаўчала — і дадала:
— Ужо Ніна малачка хоча!..
Гэта яна ўспомніла, як неяк нядаўна, калі яна выбегла на пах сырадою ў кухню, тата весела падміргнуў ёй і спытаў: «Што — ужо Ніна малачка хоча? Пі, дачушка, малачко, пі — ад малачка здаровай і дужай вырасцеш». Амаль перавесіўшыся праз спінкі двух ложкаў, Ніна пачала паўтараць: Мама, уставай кароўку даіць! Ужо Ніна малачка хоча! Мама, уставай кароўку даіць! Ужо Ніна малачка хоча!.. Атрымалася нешта як вершык ці песенька. Знаёмы Нінін голас няйначай як паслужыў сігналам і для Кіці, які раптам аб'явіўся ў пакоі, ускочыў да Ніны на ложак, з коўдры — на падушку і, тручыся аб калена дзяўчынкі, жаласна замяўкаў. Ніна вельмі любіла Кіцю, заўсёды была яму рада і цяпер ласкава пагладзіла свайго пестуна паміж вушэй. I зразумела, што яго мяўканне — гэта яго просьба, што гэта і ён ужо захацеў пахлябтаць са сподка смакаты. I сам сабой у вершык-песеньку дабавіўся радок: «Ужо й коцік малачка хоча...» Так далей і пайшло:
— Во смаллянка, га! — прачнуўшыся нарэшце, кажа з ноткай незадаволенасці мама. — I хвілінкі лішняй паспаць не дасць. Уздзярэцца яшчэ да сонца — і пачынае. Ужо цэлы сцішок пра малако склала...
Чаму «смаллянка» — Ніна не разумее, хоць ужо амаль і прывыкла да гэтай мянушкі, якою яе нярэдка, калі трэба насварыцца, называе мама. А за мамай — і Ліпа. Праз колькі гадоў сястра ёй патлумачыць: «Цётка Вулляна казала, што ў нас тут жабрачка са Смаленшчыны доўгі час хадзіла, пабіралася, дык усе яе звалі «смаллянка» — затое, што са Смаленшчыны...» Пасля гэтага тлумачэння Ніна будзе ўспрымаць мянушку толькі з крыўдай. I аднойчы запратэстуе: «Мама, ты не заві мяне „смаллянкай". Я не хачу раўняцца з жабрачкаю...» Сказала сур'ёзна-сур'ёзна — ледзь не са слязьмі на вачах. Маці глянула на яе і гэтак жа сур'ёзна адказала: «Добра, болей не буду...»
I мянушка знікла. Назаўсёды.
Але гэта станецца нашмат пасля. А цяпер... А цяпер — Ніна рада, што мама ўстала і зараз пойдзе даіць кароўку. I вернецца ў хату з поўнай, амаль да краёў, даёнкай. Ах, гэта цёплае, яшчэ ўспененае, пахучае малачко! Нават «белыя вусы» над верхняй губой аблізаць соладка! Вып'е Ніна гэтую смакату — да дна, да кропелькі, перавядзе дыханне, падасць маме пусты кубак і такім тонам, нібы здзейсніла важны ўчынак, за які яе трэба пахваліць, скажа:
— Усё!..
А мама, замест пахвалы, заўважыць:
— Губы вытры, а то кот прыйдзе і абліжа.
На дасціпны мамін жарт шчаслівая Ніна адно ўсміхнецца.