Гэтым разам першы збег з ганку школы і пусціўся, падскокваючы, да бярозы Юзік Грабянок — самы задзірысты ўчацвёртым класе малец, завадатар усялякіх хлапечых прыгод. Ён жа і ўбачыў першы, як з зямлі скочыла на камель бярозы і потым шуснула ўгору, у маёвую зелень, вавёрка. Юзік «тармазнуў» і, нібы не верачы вачам сваім, на імгненне аслупянеў. Тым часам ад школы, як наперагонкі, несліся хлапчукі, а за імі і дзяўчынкі. I Юзік, павярнуўшыся да іх, штосілы закрычаў:
— Вавёрка! Вавёрка на бярозе!
I падбег да дрэва бліжэй, і, задраўшы галаву, паказваў угору рукой.
— Вунь, на другім суку, вунь! Бачыце, як пазірае!
I дзеці ўбачылі, і закрычалі наперабой — каб пачулі і тыя, што былі каля школы.
— Вавёрка! Вавёрка! Хутчэй сюды! Вавёрка!
— А які хвост, гляньце! Большы за самую!
— Во, пабегла яшчэ вышэй!
— Дзе яна, дзе? Я не бачу, пакажыце! Коля, дзе яна? Ты бачыш?
Праз хвіліну пад бярозаю была ўся школа — усе чатыры класы. Збегліся як на вялікае дзіва. Хоць зусім мала хто — хіба сёй-той з першакласнікаў — не бачыў вавёрак у лесе. Але ў лесе — гэта адно, а тут — на краі вёскі, каля самай школы, — гэта ўжо зусім іншае. Ды калі яшчэ побач з табой — больш за паўсотні чалавек, і ўсе крычаць, свішчуць, улюлюкаюць, — і нядзіва прымеш за дзіва.
Ніна гуляла з такой жа дашкольніцай, як сама, у дварэ школы, калі ўсчаўся ўвесь гэты гармідар, і зразумела, што каля бярозы нешта здарылася, і таксама пабегла ўслед за дзецьмі. Такі ўжо закон грамады: раз бягуць усе — бягу і я. Чацвёртакласніца Фрузка, таксама дачка настаўніцы, схапіла Ніну за руку, падвяла бліжэй да бярозы і паказала, дзе сядзіць вавёрка. I Ніна ўбачыла.
— Вавёрачка! Вавёрачка! — радасна закрычала яна і нават заскакала і ў ладкі запляскала. — Якая прыгожанькая! Якая прыгожанькая!
— Давайце згонім яе з бярозы і зловім! — прапанаваў Юзік. — Ёй жа тут, долках, не будзе дзе дзецца!
— А як ты яе згоніш?
— Каменнямі, палкамі!..
— А. як пападзеш каменем дый заб'еш?
— Ведаеце што? Трэба, каб хто палез на бярозу і пачаў там страшыць яе, дык яна па суках і спусціцца. Хто ў нас найлепш лазіць?
— Во — Мішка Цала!
— Цала, палезеш?
Цала — гэта была мянушка, бо як быў малы — замест «сала» казаў «цала». Мішка задзёр галаву, зморшчыў кірпаты нос у рабацінні, вышчарыў рэдкія, са шчарбінай, зубы і ўставіўся позіркам у светла-зялёную высь, яшчэ такую не густую, што запалоханы звярок быў адусюль відаць.
— Магу злазіць, — сказаў неяк вяла, без ніякага запалу Мішка.
Але пакараскаўся па ствале спрытна, сілу, было бачна, у руках меў — падцягваўся лёгка, нагамі абшчарэпваў бярозу, як клешчамі. Праз якую хвіліну ўжо стаяў на першым суку і шукаў вачыма бедную нязваную-неспадзяваную лясную госцю. Адчуўшы небяспеку, вавёрка шмыгнула вышэй і схавалася за ствол. Яшчэ праз хвіліну Цала забраўся на наступны сук. I тут Юзік, які і падбіў сябрука лезці, раптам закрычаў:
— Цала! Уцякай! Яна табе на галаву зараз скоча! Як кот Савосю! Уцякай скарэй!
I ўсе гэтак моцна падхапілі:
— Уцякай, Цала! Яна табе вочы выдзера!
— Яна ўжо зусім блізка, Цала! Уцякай!
— Уцякай, Цала! Як Савосю будзе!
— Злазь, Цала! Злазь!
Мішка, вядома ж, ведаў гісторыю пра Савося, якому кот, ратуючыся ад сабакі, скочыў на галаву, — тады гэту паэму Якуба Коласа ўсе школьнікі ведалі. Не на жарт перапалоханы, Цала долу не злазіў, а ляцеў, ледзь дакранаючыся рукамі і нагамі да ствала, а метры за два ад зямлі і зусім сарваўся, гэпнуўся і кульнуўся прэч ад бярозы. Смеху-рогату было ад той пацехі нямала. Смяялася, аж заходзілася, і Ніна.
— Давайце яе камянямі згонім! — даў новую каманду завадатар Юзік.
— Камянямі! Камянямі! — падхапілі ў паляўнічым азарце хлапчукі і кінуліся шукаць доле камяні. Вось і першы камень паляцеў у крону, потым і другі, і трэці.
— Вы ж можаце забіць яе, грахаводнікі! — за-крычала Фрузка. — Перастаньце кідаць!
— Перастаньце кідаць! — услед за Фрузкай крыкнула Ніна. — Перастаньце кідаць!
Але хто ж будзе слухаць гэтыя пісклявыя галасы пратэсту, калі ўся істота поўніцца корцю — сагнаць! сагнаць! сагнаць! Асабліва стараецца, мабыць, каб загладзіць канфуз і апраўдацца ў вачах «публікі», Мішка. Вось і зноў прымерваецца, каб трапна запусціць у вавёрку каменем. I не паспеў: да яго ў адно імгненне падскочыла і замалаціла кулачкамі ў жывот Ніна.
— Не бі вавёрачку! Не бі вавёрачку!
Цала адштурхнуў малую досыць моцна — бо яна ўпала, і шпурнуў камень у палонніцу неразумнага дзіцячага азарту. Камень папаў у ствол і адскочыў, падаючы, ударыўся аб сук, слізгануў па голлі і — трэба ж было! — зваліўся на галоўку Ніне, — яна якраз перабягала пад бярозай туды, дзе стаяла Фрузка. Моцна закрычала малая заступніца вавёрачкі, схапілася рукой за надлоб'е, і дзеці зразумелі, што здарылася няшчасце, асабліва як убачылі, што з-пад русявай грыўкі да пераносся паліўся струменьчык крыві. Адны кінуліся да Ніны, першаю — Фрузка, падхапіла яе на рукі і ад страху залемантавала сама. Другія панесліся да школы, грамадой уварваліся ў настаўніцкую і наперабой закрычалі да дырэктара.