Выбрать главу

Валерый Гапееў

Развітальная вячэра

сямейная драма

1

Дом быў не стары, высокі і светлы — абшаляваны і пафарбаваны знізу сіняй, пасярэдзіне — жоўтай фарбай, накрыты ацынкованай бляхай. Двор густа здзірванеў невысокай травой, па ёй, пэўна, было б прыемна прайсці басанож. Івану, які нёс вялізны баул сястры, захацелася зараз менавіта гэтага — зняць туфлі, шкарпэткі і адчуць мяккае казытанне травы на падэшвах ног.

Дзверы ў сенцы былі адчыненыя.

Зайшлі. Спачатку Іван, за ім, з меншым баулам, Надзея, яго сястра. Апошняй нясмела, употай хутка ўсё аглядаючы, увайшла Лена. Яна пагадзілася ехаць з Іванам цяпер, каб пазнаёміцца з яго бацькам, братам і сястрой — балазе, усе павінны былі сустрэцца ў гэты вечар.

Але хата была пустая. Іван патузаў ручку зачыненай другой паловы дома, зваліўся стомлена на канапу каля вялікага драўлянага стала, пакрытага лінялай кляёнкай.

— Ну, сястрычка, я за тое, што гэта цягнуў, палову з яго з'ем.

— Ага, еш, — Надзея сама апусцілася на стул, выцягнула з-за пазухі насавую мятую хустку, ацерла твар і шыю. — Трусы там жаночыя, паспрабуй на густ, раптам спадабаюцца.

— Якія трусы?

— Баваўняныя, 400 штук. Добрыя, якраз для баб вясковых. Хаця, і тваёй Лене можна нешта выбраць, там рэйтузы добрыя ёсць.

— А на якую халеру ты сюды столькі трусоў прыцягнула? — здзівіўся Іван.

— Не ў падарунак жа бацьку. Па вёсцы адвячоркам пабегаю — бабы расхапаюць.

— Ну, ты даеш! І тут сваё ўхопіш. Яе тэлеграмай выклікаюць, а яна трусамі гандляваць едзе, — папракнуў Іван сястру.

— А што там баця з яго тэлеграмамі? — адмахнулася Надзея. — Прыспічыла старому чагосьці ўсіх нас сабраць, сумна яму стала, вось і нарассылаў тэлеграм. Не відаць яго нешта… У агародзе дзе-небудзь. Чакае, пакуль выйдзем, дапаможам. На стол каб прыгатавалі, любіць жа на гатовае прыходзіць. Ох, давай, Лена, ставіць што, я тут не толькі трусы везла…

Надзея прынялася разбіраць адзін з баулаў. Лена, якая да гэтага стаяла каля дзвярэй, схамянулася:

— Так-так, мы таксама з сабою прывезлі вось, трохі… — і пачала мітусліва даставаць са сваёй торбы скруткі.

— Ды не мітусіся ты! — прыпыніла яе Надзея. — Паспеем. Кліма нашага яшчэ няма.

— Зараз прыкоціць Клім, на "Мэрсэдэсе" сваім, — упэўнена заявіў Іван.

Надзея ўздыхнула.

– І калі ж я на свае колы разжывуся? Цягну-цягну, а грошы як вада — раз і сплылі… Чуеш, Іван, выйдзі ты ў агарод, а то бацька вусны закусіць. Выглядзеў нябось, як мы ў хату заходзілі. Цяпер чакае.

— Добра, пайду, — адказаў Іван, з неахвотай паднімаючыся.

Жанчыны рыхтавалі на стол некаторы час моўчкі. Маўчанне парушыла Надзея:

— Даўно, ці што, жывяце разам?

— Мы не жывем разам, — адказала Лена збянтэжана. — У мяне пакой у інтэрнаце.

— Спіце хоць? — як аб самым простым спытала Надзея.

— А …навошта вам гэта ведаць? — Лена пачырванела.

— Ды ажаніцца гэтаму шалапуту трэба, — гаварыла Надзея, не гледзячы на Лену, з цяжкасцю рэзала селядзец. — Я гляджу, дзеўка ты нічога, ён кватэру толькі пабудаваў. А то, знойдзецца якая набрыдзь, абвядзе вакол пальца і без страхі над галавой пакіне. Ён такі…

— Мы неяк не гаварылі аб жаніцьбе…

— Цю-ю, зацяжарыць не ўмееш? З дзіцём не кіне — ён у нас сумленны.

— Я не жадаю… так.

— Ну, тады сказаць проста можна, што цяжарная. Маўляў, затрымка ў мяне месяц. А потым і адгаварыцца. Ды як заява ў Загсе, можна і па-сапраўднаму. І ўсе справы, — Надзея паставіла талерку з нарэзаным селядцом на сярэдзіну стала, як ставіла кропку.

— Як проста ўсё ў вас атрымоўваецца, — асуджальна зазначыла Лена.

— А чаго ўскладняць? Жыццё, яно простае: ухапіў — тваё, празяваў — хадзі галодны. Чапляцца трэба за шчасце сваё, пазногці ў кроў зрываць, а трымацца.

— Я так не ўмею, — Лена адказала цвёрда.

— Нічога, жыццё навучыць, — махнула рукой Надзея. — Папіхаешся вось як я: з двума дзецьмі, з мужам-п'яніцам — кіпцюры адрастуць. Як аднойчы няма чаго будзе дзецям есці даць — імгненна з’явяцца. Калі дзеці заплаканыя са школы прыходзіць пачнуць, таму што з іх там смяюцца за іх старыя адзёжкі — і іклы выступяць. Мне вось што трэба? Перахапіла чаго нашча, на вагоннай паліцы выспалася, мужык раз у месяц пакрэкча наверсе — і ўсё маё шчасце. А дзеці — гэта іншае. Для іх усё здабуду. Сябе сто раз прадам і сто адзін раз выкуплю, але ў іх і булка з маслам будзе, і адзенне не горш, а лепш, чым у іншых. Я ў дзяцінстве чорным акрайцам душылася, са старой мамінай спадніцы мне сукенку ў школу сшылі — хопіць. Хай яны людзьмі пажывуць.