Іван не садзіўся на месца.
— Але Надзьку ты гэтым не возьмеш, на яе сумленні мо і ёсць смерць Насці, але ёй за гэта перад Богам адказваць, а не перад людзьмі.
Сямён хітра прыжмурыўся:
— Вось тут якая закавыка атрымоўваецца: тых, хто Насцю катаваў, да гэтай пары шукаюць. А Надзька можа і ведае, як на іх выйсці. Я ў хаце Насцінай маці, калі перапалох падняўся, паперку адну падняў, запіску ад Надзькі.
— Дзе яна? — амаль ускрыкнула Надзея.
Сямён не адказаў на гэты выкрык, спытаў, прыжмурыўшыся:
— Так памятаеш, дачушка, як ты ў той запісцы Насці пагражала, што ноймеш каго-небудзь, і яны даўгі з мёртвай выб'юць? Я паперку гэту ў міліцыю аднясу. Павінюся, што доўга трымаў, дачка ўсё ж мая. А зараз вось жадаю ўсё па законе. Вось ты ў міліцыі і раскажаш, каго ты наняла. А якое ў цябе жыццё пачнецца пасля гэтага — табе лепш ведаць.
— Не наймала я нікога! — адчайна ўскрыкнула Надзея, і панікла, са слязамі ў голасе дадала: — Мяне ж заб'юць. Ты смерці маёй жадаеш?
— А па мне лепш мёртвай дачку аплакаць, чым жывую.
— З якім бы задавальненнем я… — выціснуў праз зубы Іван, нахіліўся яшчэ больш да бацькі.
— Што? Забіў бы мяне? Рукі кароткія! — рагатнуў Сямён, ані не выказаўшы непакою.
— Хопіць рук!
Іван рэзка кінуўся праз стол, схапіў рукамі бацьку за горла.
5
Лена тут жа схапілася ззаду за пінжак Івана:
— Ванька, Ванечка, не трэба!
На дапамогу Лене кінулася і Надзея, з бабскім надрыўным лямантам:
— Ванечка! Ванечка! Пакінь ты яго, не бяры грэх на душу!
Іван адпусціў рукі, яго пасадзілі. Сямён пацёр шыю, нічуць не здзівіўшыся нападам на яго, ён і бараніцца не спрабаваў, загаварыў адно з лёгкім здзіўленнем:
— Ты глядзі! А задушыў бы! Э, недаацаніў я цябе… Бач ты які!
— Я адгэтуль цяпер з'еду, калі цябе ў зямлю закапаюць, сказаў Іван, падкрэсліваючы кожнае слова:
— Дык забі ды едзь! Чаго чакаць?
І тут Надзея раптам забожкала з падвываннем:
— Божа, ды што ж гэта такое? Божа, ды людзі вы ці хто? Вы ж родныя! А-а-а Божа ж мой…
Так, з падвываннем яна вылезла з-за стала, пайшла, калыхаючыся ў другую палову хаты. За ёй паднялася і пайшла Лена, гукнула за сабой Івана. Той таксама вылез з-за стала.
Сямён нібы не бачыў гэтага, пацягнуўся за бутэлькай. Наліў, выпіў, стаў ціха есці.
Надзея сядзела на старой канапе, апусціўшы галаву на калені. Плечы яе сутаргава ўздрыгвалі. Плакала яна моўчкі. Іван стаяў ля дзвярэй, нібыта каравуліў каго. Лена села на крэсле побач з Надзеяй, нясмела кранулася яе пляча.
Надзея ўзняла на яе заплаканы, чырвоны твар:
— Ды хіба ж так можна? …Ох, як з гэтымі торбамі па рынках пацягаешся, па цягніках, па вакзалах — чаго толькі не наслухаешся, чаго не перажывеш… Куды ад гэтай злосці дзецца, чым ад нянавісці прыкрыцца, за што ад зайздрасці схавацца, дзе зневажанне ператрываць? Адно ўсяму месца — сям'я. На крылах дахаты ляціш, а зойдзеш — калені падгінаюцца… Нешта не то ў мяне… Муж папівае добра, ды і гуляць на боку стаў, чую. Дочкі грубіяняць, насы на парозе вернуць, кажуць: смярдзіць ад цябе… Усіх у мяне з імі гутарак: як справы, ды дай грошай. З бацькам і то яны больш размаўляюць. Чужая я ў сям'і стала. А чаму? Я ж сябе не шкадую, усё ім цягну: і ежу, і адзежу. Прымаць сталі, як належнае. І забылі, як некалі абарванымі хадзілі, забылі, як бульба вараная была на абед і смажаная на вячэру. Бядней жылі, ды неяк дружней. Там няма мне супакою, і тут вайна. Ой, а хіба ж хацелася, каб так выйшла? Хіба ж так бачылася? Вось прыехала б з дзецьмі ды з мужам, братоў ды ятровак сустрэла, дзеда з бабай гасцінцамі ды ўнукамі папесцілі б. Лазню б напалілі, стол у саду накрылі. Сядзелі б за вялікім сталом — усе-усе. І ўспаміналі самае добрае. Смешнае. Каб весела было, радасна… Ёсць жа ў кагосьці такое?
— Не ведаю, — ціха адказала Лена. — Думаю, што калі ўсё максімальна па праўдзе, то такога не будзе. У кожнага чалавека сваё бачанне, нехта крыўдлівы больш, нехта больш амбіцыйны, нехта славалюбівей.
— Я веру — у некага ёсць, — пераканана адказала Надзея. — Ёсць такая сям'я. Там дзеці між сабою сябруюць, маці і бацьку паважаюць. Там любоў ёсць, паміж усімі любоў. Там рады адзін аднаму проста таму, што рады, што хочацца ім родныя твары бачыць. Эх, сустрэць бы такую сям'ю! Я б спытала ў іх — як? Як жыць, каб жыццё ў радасць было? Ты ведаеш, як?
— Не, я не ведаю… — разгубілася Лена, і асцярожна спытала: — Скажыце, а з Насцяй… Гэта праўда?
— Праўда… Я потым даведалася. Дачка ў яе ёсць. Муж яе забраў, як развяліся. Яна праз суд яе запатрабавала, калі… Словам, калі ад алкагалізму вылечылася. На адвакатаў моцна патрацілася. У мяне заняла, хацела зарабіць адразу многа, ды тавар не пайшоў, прагарэла… Зноў у некага грошы заняла, ды на мытні яе затрымалі — левы тавар. Ну, ад усіх хавацца стала, запіла зноў. Я яе вылавіла, кажу: кінь піць, паехалі са мной, станеш на рэалізацыю, патроху ўсё наладзіцца… Яна адно на бутэльку пазычыла і пайшла. А тут да мяне адзін на рынку падышоў. Чуў, гаворыць, вашу гутарку. Давайце разам. Яна, аказваецца, і яму павінна была суму куды большую, і яшчэ некаму. Я і пагадзілася. Адно сказала, хатні адрас яе ды адрас маці. Думала, прыстрашаць яе — пачне думаць галавой, а не гарэлкай.