— Хай бы прадала яна сваю кватэру і разлічылася. Чаго ж хавацца?
— Маці яна таму што, — уздыхнула Надзея. — Дачцэ кватэра будзе. А так… Яны што жадаеш, падпісаць прымусяць. Паяльнік вось усунуць… ды ўключаць. Усё падпішаш, калі пачнеш знутры смажыцца… І саму б у рабства прадалі. За даўгі ў нас папросту прадаюць. І не шукае ніхто. Села ў цягнік, а не сышла. Ужо не адна так прапала… У Бога мне за Насцю даравання доўга вымольваць.
— А дачка Насціна з бацькам жыве? — спытала, абы каб нешта спытаць, Лена.
— У бабулі дачка Насціна. У гэтай вёсцы. Бацька яе ажаніўся праз два месяцы пасля Насцінай смерці. А падчарка яго новай жонцы не спадабалася. Я бабу навучыла, каб не пусціла свалату тую ў кватэру Насціну. Ну, цяпер во кватэру здала, грошы дачцэ Насцінай на рахунак кладу. Яшчэ ад сваіх заробкаў дабаўляю штомесяц. Апранаю… Што ёй тут баба купіць добрае. Разумная дзяўчынка расце. І быццам разумее, чаго я так аб ёй пякуся…
— Вазьміце бацьку да сабе, — нечакана прапанавала Лена.
— Ох, і дурнічка ж ты яшчэ! — Надзея ўсхліпнула. — Куды ж яго вазьму?!
— Ён вам родны бацька, яго кроў у вас цячэ, — працягнула Лена. — А ў вас да яго жалю ніякага. Ён хутка стане хворым і нямоглым…
— Цьфу на цябе, дурнічку… У каханні ты мо і разумееш што, а вось нянавісці вучыцца трэба. Кроў родная… Дурасць. Маці мяне хоць народзіць, грудзьмі выгадуе. А гэты… Любіць мне яго за тое, што з маёй маці за дзевяць месяцаў да майго нараджэння спаў? У маёй кватэры два пакоі, дзеўкі дарослыя амаль. А я яго характар ведаю… У мяне ж там пекла сапраўднае будзе…
— Бацька там ваш адзін застаўся… — змяніла тэму Лена.
— Ды ціха ж… Але, не сядзець жа тут вечна, — паднялася Надзея з канапы. — Пайшлі…
У пакой яны зайшлі адначасова з Клімам, які вярнуўся са двара. Клім упэўнена прайшоў за стол, сеў на сваё месца, загаварыў роўна:
— Я тут, бацька, падумаў, у мяне нядрэнная думка, мне здаецца, ёсць. Хату ты прадаў, машыну прадаў — справа твая. Я хачу табе і ўсім прапанаваць такі варыянт: прыязджай жыць на маё лецішча. Хата там вялікая, выгоды ёсць, праўда палова з іх у двары, але вада, газ…
— З ваўкамі ў лесе жыць, тваё дабро вартаваць? — прыжмурыўся Сямён.
— Зусім не — круглы год там шмат людзей жыве старэчага ўзросту, — запярэчыў Клім. — Спакайней, чым у горадзе, вось і з'язджаюць. А мы ўсе разам ноймем табе туды каго ў абслугоўванне. Я не думаю, што табе ў гарадской кватэры будзе лепш.
— Добра гаворыш, добра… — Сямён падпёр шчаку кулаком, прыжмурыўся.
— Ну, вось, давайце вып'ем ды забудзем на ўсе калатнечы. Бо свае ж мы людзі ўрэшце! — прыкметна ўзрадаваўся Клім
— Выкруціўся, брацік! — з'едліва зазначыў Іван, але ніхто не звярнуў, ці пастараўся не звярнуць увагі на яго словы.
Сямён адхіліў працягнуты яму Клімам наліты кілішак.
— Пачакай, пачакай, потым піць будзем. Я хачу паслухаць, што там Надзька вырашыла…
— Прыязджай ды жыві, — стомлена і абыякава махнула рукой Надзея. — Адно толькі, каб па сумленнаму: па паўгода ў кожнага. Або як Клім вось гаворыць. Можа так і лепей за ўсё будзе. Складземся разам ды ноймем каго, каб штодзень наглядала…
— Дзякуй, дзякуй, дачушка, па сэрцы мне твае словы. Ну, а ты, малодшы, чым пацешыш?
— У багадзельню ідзі. Там табе месца, — як адсек Іван.
— Гэта здаровага бацьку, пры жывых дзецях — у прытулак?
— Не хвалюйся, возьмуць, — з той жа злосцю працягнуў Іван. — А не, ды я з цябе за паўгадзіны дурня зраблю. Прыдушу вось падушкай, а потым ажыўлю. Факт правераны — нармальным не будзеш. Возьмуць у любую псіхушку.
— А ты зможаш… — задумаўся Сямён. — І рука не здрыганецца. Так, дзеткі, зараз, значыць, я гаварыць буду. Вы вось усе падабрэлі, хіба што Іван казырыцца. Ну, малодшыя заўсёды капрызныя… Што ты, нявестачка, мне сказаць жадала? — Сямён улавіў рух Лены.
— Я слухала, я сёе-тое пачала разумець. — Лена нацягнута стала каля стала і гаварыла роўна і ўпэўнена. — У мяне ёсць самы просты выхад з гэтай сітуацыі. Калі ўзнікае шмат праблем і адразу, трэба знайсці галоўную прычыну іх. І рашыць яе. Тут у кожнага праблема паўстала свая, але народжаная яна адным. Вашым, Сямён Карпавіч, рашэннем жыць у дзяцей. Трэба зрабіць так, каб рашэнне не было магчымасці выканаць.