Умудрыцца столькі нагаварыць - і ніводнага разу не назваць прозвішча «как бы нашего писателя». Ну і, зноў жа, наконт няпраўды: «семья <...> писателя решила провести их [пахаванне] так, единственное <...> забыв поставить в известность тех людей, которые отвечают за те или иные направления». Што ж тады ўвечары ў кабінеце Саюза пісьменнікаў некалькі гадзін рабіў начальнік упраўлення грамадскай бяспекі Упраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама падпалкоўнік Вераб’ёў (з якім мы ад імя сям’і Быкава дэталёва ўзгаднялі жалобную цырымонію і пахавальнае шэсце, - ажно да абмежавальных сцяжкоў ды стужак на могілках? (Сцяжкоў і стужак, дарэчы, так і не з’явілася.)
І, галоўнае, пра што думалася міліцэйскаму міністру, якому не спадабалася, што людзі «спонтанно решили о том, что и дальше будут двигаться, значит, таким пешим порядком»? А што заставалася рабіць тысячам чалавек, якія хацелі патрапіць на могілкі? Ціснуцца, каб пад’ехаць, у вузкі пераход на станцыі метро “Плошча Якуба Коласа” - каб паўтарыць трагедыю ў метро на станцыі “Няміга”?! Абяцаных жа аўтобусаў, паўтаруся, улады не далі...
Неўзабаве грамадзяніна Расійскай Федэрацыі Паўла Селіна выклікалі ў беларускае міністэрства замежных спраў, пазбавілі акрэдытацыі і дэпартавалі з Беларусі. А затым закрылі - “за паклёп на дзяржаўную ўладу” - і карпункт “НТВ”. Каб даказаць ілжывасць выказвання журналіста: «Власти препятствовали похоронам» .
Толькі па-за ўвагай Службы бяспекі РБ засталося тое, што напачатку вайскоўцы не пускалі ў Дом літаратара сотні людзей развітацца з целам пісьменніка і грамадзяніна. І тое, што не былі вылучаны абяцаныя аўтобусы. І што надзіва непаваротлівымі былі асобныя супрацоўнікі ДАІ.
Аднак ці тое галоўнае? Улады - ад сталінскіх да лукашэнкаўскіх - перашкаджалі Васілю Быкаву жыць: і пісаць, і друкавацца.
І гэты факт ужо не зможа аспрэчыць аніякая Служба Бяспекі.
“Советская Белоруссия”:
«Очень неприятно, что некоторые политики решили устроить состязание на тему: кому принадлежит прах Василия Владимировича? Им или власти? Власть повела себя солидно, сделала все, чтобы похороны не превратились в обычный митинг. А к этому шло. <...>
Василь Быков не принадлежит никому. Ни компартии, хотя имел звание лауреата Ленинской премии. Ни БНФ, хотя “фронт” принес в Дом литератора всю свою атрибутику. Быкова нельзя приватизировать и использовать в политике». / “Советская Белоруссия”, 2003, 26 чэрвеня.
“Народная газета”:
«Дом літаратара, сцэна, на якой была ўстаноўлена труна з целам, не магла ўмясціць ні людзей, ні кветак, ні вянкоў. А ў пісьменніцкі дом усё ішлі і ішлі дзесяткі тысяч людзей.
Як ні прыкра, але варта сказаць, што ў сваіх палітычных мэтах жалобную цырымонію паспрабавалі выкарыстаць асобныя прадстаўнікі апазіцыі, прыхільнікі БНФ. І тут яны пралічыліся: ніякіх палітычных дывідэнтаў не атрымалі. Недарэчна выглядала іх мітусня на фоне вялікай народнай жалобы». / “Народная газета”, 2003, 26 чэрвеня.
“БТ”, 25 чэрвеня 2003 г.:
- Новоявленные организаторы похорон затянули их для того, чтобы повысказываться на околополитические темы. Гроб с телом Василя Быкова носили по улицам до тех пор, что вопреки христианским обычаям погребение проходило уже поздним вечером. Видимо самозванные от оппозиции друзья умершего писателя забыли, что это похороны.
Прачытаць і пачуць такое і падобнае без абурэння было немагчыма. У прыватнасці - мне, грэшнаму, аднаму з «новоявленных организаторов похорон». Дзяржаўная прапаганда згадала нават «христианские обычаи» - хоць чаму не згадваліся тыя «обычаи», калі ветэран сталага ўзросту ў дзяржаўных СМІ паліваўся брудам? Уладзе і ейным журналісцка-ідэалагічным падпявалам не хапала такту і мужнасці прамаўчаць. А гаварыць, калі не праўду, не было чаго. Таму ледзь не ў кожным працытаваным вышэй выказванні - ці выдумка, ці хлусня. Бел-чырвона-белы сцяг - сцяг беларускай нацыі, а не адных “адшчапенцаў” з БНФ. Так, Васіль Быкаў не належыць камуністам, аднак быў заснавальнікам і сябрам БНФ. І тая нацыянальная бел-чырвона-белая сімволіка, у якой - знак беларускай велічы і неўміручасці, у якой - кроў Хрыста на плашчаніцы і якой як чарната ладану напалохалася ўлада, былі ў руках тысячаў. Тысячаў, якія прыйшлі на вуліцу Фрунзэ да дома нумар 5, які ўжо шосты год не быў «пісьменніцкім домам», бо распараджэннем ППРБ быў у пісьменнікаў адабраны...