Выбрать главу

3

Азнаёміўшыся з асвятленнем дзяржаўнымі СМІ цырымоніі грамадскага пахавання Васіля Быкава, 26 чэрвеня я тэрмінова слікаў сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў, на якім была прынята Заява, якая адразу ж была апублікавана:

«25 чэрвеня Беларусь развіталася са сваім вялікім сынам Васілём Быкавым, чыя смерць адгукнулася ў сэрцах мільёнаў беларусаў незагойным болем. Дзесяткі тысяч людзей праводзілі яго ў апошні шлях. Сябры і паплечнікі пранеслі труну салдата і пісьменніка ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа. Аднак афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі Беларусі, у прыватнасці, Беларускае тэлебачанне і газета “Советская Белоруссия”, паведамілі пра пахаванне Васіля Быкава надзвычай тэндэнцыйна і цынічна, ганьбуючы памяць пра вялікага пісьменніка, абражаючы яго родных і блізкіх. У сувязі з гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў заяўляе пра катэгарычны пратэст супраць хлусні на дзяржаўным узроўні, якая выклікае абурэнне і агіду ва ўсіх сумленных людзей».

“Белорусский Рынок”:

«Хоронил народного писателя народ. Эти слова принадлежат председателю Союза белорусских писателей Алесю Пашкевичу, но под ними могли бы подписаться все - и семья Василя Быкова, и его друзья, и даже его недруги». / “Белорусский Рынок”, 2003, 30 июня - 6 июля.

27 чэрвеня зноў па “вяртушцы” тэлефаную намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта А. Праляскоўскаму. Адразу ж запрашае да сябе. Выглядае моцна стомленым. Выслухоўвае мяне спакойна: пра хвалю пратэсту творчай інтэлігенцыі Беларусі, а таксама Расіі і Украіны асвятленнем пахавання Васіля Быкава нашымі дзяржаўнымі СМІ.

- Усё, - падагульняе Праляскоўскі. - Мы ставім кропку. Больш тэмы пахавання Быкава на тэлебачанні не будзе.

Перад развітаннем я не стрымліваюся, каб не згадаць і пра агульнае:

- Колькі можна ціснуць Саюз пісьменнікаў? Праверкі, папярэджанні, шалёная арэнда за памяшканні ў сваім доме. Ва ўсіх краінах СНД Дамы літаратараў у пісьменніцкіх саюзаў не адабралі. Толькі ў нас. Ды і да анекдота ж даходзіць: за “ўрадавую тэлефонную сувязь” плачу са сваёй кішэні!

- Ну. - Праляскоўскі спрабуе ўсміхнуцца - Вы моцны чалавек, вы павінны ўтрымацца. - І, ціснучы маю руку: - Калі што - тэлефануйце прама мне, і прыходзьце.

Канчаткова праясняе сітуацыю М. Чаргінец - пры сустрэчы са мной на пачатку ліпеня:

- Я недавно был у Шеймана. Ты же знаешь, это второй человек в государстве после президента. Так вот, Шейман сказал, что ты не нравишся Александру Григорьевичу. Думаю, тебе надо встретиться з Шейманом...

Ад ласкі манарха да ягонай нянавісці - адзін крок!

19 ліпеня А. Лукашэнка ўдзельнічаў у перадачы “НТВ” “Личный вклад”. Прамы тэлемост, інтэрв’ю, пытанне вядучага:

- Аляксандр Рыгоравіч, чаму Вы не развіталіся з Васілём Быкавым, чаму не прысутнічалі на пахаванні?

- В этой политической вакханалии я не хотел участвовать. - парыраваў ППРБ і загаварыў пра разыходжанні з вядомым творцам: - Быков пошел с моими оппонентами. - І: - Однако он через своих родных близких и друзей попросил меня помочь ему. За много месяцев до смерти Василь Быков обратился ко мне через родных, близких, друзей и попросил меня что-то сделать. Я ему сделал всё, несмотря на наши расхождения. А когда он приехал, мы сделали все, все возможное и невозможное, чтобы спасти его. Но было поздно. Если бы не упущенное время за границами.

...Быкаў... прасіў... яго!..

Вось як пракаментаваў той прымроены Быкаўскі зварот народны паэт Беларусі і бліжэйшы сябар Быкава Рыгор Барадулін:

- Наколькі я ведаў Васіля і ведаю Васіля Уладзімеравіча, я не дапускаю, што ён нават у думках мог звярнуцца да нашага прэзідэнта. Гэта выключана. Гэта яшчэ раз гаворыць пра вялікую фантазію Аляксандра Рыгоравіча.