Першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь мог неўзлюбіць Народнага пісьменніка яшчэ з восені 1993 года, калі той даў публічную водпаведзь тады яшчэ народнаму дэпутату А. Лукашэнку пасля ягонага адыёзнага інтэрв’ю ў пракамуністычнай расійскай “Правде”. Тады Васіль Быкаў у артыкуле ў “Народнай газеце” назваў А. Лукашэнку “чалавекам недалёкага розуму”.
Уладная нелюбоў да сусветнавядомага творцы ўзрастала з кожнай новай Быкаўскай публікацыяй. Пасля 1995 года ў дзяржаўных беларускіх СМІ на В. Быкава пачаліся злосныя нападкі. Яго аблівалі гразёй праўрадавыя газеты, а Нацыянальнае беларускае тэлебачанне скацілася да таго, што назвала франтавіка “литературным полицаем” і “Василием, не помнящим родства”.
Лукашэнка ведаў кошт Быкаву. Ён падсвядома баяўся Быкава. Быкаў, урэшце, стаў ягонай “Ахілесавай пятой”. Гэта заўважалася, да прыкладу, пры публічным згадванні імя Быкава, гэта напоўніцу выявілася падчас пахавання Народнага пісьменніка.
10 мая 1997 года А. Лукашэнка прымаў удзел у расійскай тэлеперадачы Мікалая Сванідзе (яе затым паказала і БТ). ППРБ распавёў пра сваё бачанне правоў чалавека, адзначыў і тое, што ягоныя апанеты ўвесь час хлусяць.
- Хорошо. - перапыніў яго вядучы. - Что касается Василя Быкова, человека, который прошел всю войну. Прославленный писатель. Он все время врет?
A. Лукашэнка пачаў абражаць:
- Это, наверное, моя беда, что Быков, ну, это страшный антисоветчик, хоть Героем Социалистического труда стал в советские времена. Был обласкан в свое время коммунистическими властями.
І беларускага прэзідэнта абурана паправіў М. Сванідзе:
- Он великий писатель, Александр Григорьевич!
Аднак прэзідэнта тое не стрымала - і ў сваім “выкрывальніцкім” маналогу якіх ён толькі грахоў ні прыпісаў В. Быкаву!
- Я не знаю, почему вот так сохранилась у него эта тенденция борьбы против власти, и Лукашенко попал под этот нож. Я очень переживаю, что я с Быковым до сих пор не нашел добрых отношений. Но Быков сегодня - один из лидеров оппозиционного националистического фронта. У него несколько идеология отличная от моей. Он, допустим, как и Позняк, претендует, допустим, на Смоленскую, Брянскую и Псковскую области. Что это наши белорусские области. Надо их присоединить к Беларуси, - рабіў адкрыцці А. Лукашэнка. - Он о Белостоке ставит вопрос. А я не хочу об этом и говорить даже. <...> Он категорически против, допустим, интеграции с Россией. То есть это член Белорусского народного фронта, ярый националист. Ну, у нас расходятся с ним точки зрения. Хотя я вырос на его произведениях.
Нагавор быў разбаўлены абразай. У іншай бы краіне можна было звяртацца ў суд, абараняць сваю годнасць. Аднак...
B. Быкаў адной з недзяржаўных беларускіх газет так пракаментаваў “тэлеадкрыцці” А. Лукашэнкі:
- Увогуле, я павінен быць удзячны прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за ягоную рэпрэзентацыю маёй асобы на беларуска-расійскай тэлевізіі. Я быў бы ўдзячны яшчэ болей, калі б у словах прэзідэнта было болей праўды. Я не лідэр БНФ, не страшны антысаветчык і нават не яры нацыяналіст. Я ніколі ні вусна, ні пісьмова не патрабаваў далучэння да Беларусі ні Смаленшчыны, ні Браншчыны, ні Беласточчыны, ні якой іншай зямлі, бо перакананы прыхільнік вядомых Хельсінскіх пагадненняў, асабліва ў той частцы, якая дэкларуе непарушнасць дзяржаўных межаў у Еўропе. / “Народная воля”, 1997, 16 мая.
Тое ж В. Быкаў канстатаваў раней і ў сваіх выступленнях неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь - у снежні 1991 года:
- Такія справы, як змена межаў, цяпер не разглядаюцца. І не павінны цяпер разглядацца, таму што мы не вырашылі кардынальных пытанняў. Праблемы межаў павінны разглядацца ў апошнюю чаргу... А пакуль што над намі вісіць небяспека вялікая, імперская небяспека. І яшчэ не хапала нам улезці ў гэтыя канфлікты нашага памежжа. Гэта вельмі небяспечная праблема. / Цыт. па: Быкаў на Свабодзе. - Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2004, с.12.
Яшчэ пра адно паўторнае прызнанне А. Лукашэнкі ў тым, што ён вырас на творах В. Быкава. Як іх чытаў, як ведае і памятае.
Пра тое прэзідэнт прызнаўся ў прамым эфіры расійскай тэлекампаніі НТВ - 14 красавіка 2002 года ў перадачы “Свабода слова”.
- Чаму пры вашай уладзе сусветнавядомы пісьменнік Васіль Быкаў вымушаны жыць не на Радзіме, а за мяжой? - было пытанне вядучага.
- Я на ягоных вершах і творах вучыўся. Ну, вы мне распавядзіце пра Быкава, якога я ў школе вучыў, і нядрэнна вучыў. Прозы ў яго болей, - адказаў А. Лукашэнка.