Выбрать главу

Страшна, калі твой непрымірымы апанент - прэзідэнт з задаткамі дыктатара. Але не лягчэй, калі знікаюць апошнія ілюзіі. Ілюзіі на лёсавую справядлівасць.

- Гэты пераезд дабіў яго, - прызнаецца потым Ірына Міхайлаўна, жонка пісьменніка.

Затым - рак, лячэнне ў Празе, Мінску...

2

...22 чэрвеня. Нядзеля. А дзевятай вечара тэлефанаванне Сяргея Законнікава:

- Памёр Васіль Быкаў. Паўгадзіны таму.

Назаўтра зраніцы - у Саюзе пісьменнікаў. Набраў па “вяртушцы”2 нумар намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага (Урала Латыпава, кіраўніка Адміністрацыі, не было ў Мінску). Сакратарка:

- Алег Вітольдавіч гаворыць па “тройцы” з “верхам” - якраз пра гэта ж, смерць Быкава.

Першымі ў Доме літаратара з’явіліся Барыс Пятровіч, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў.

А. Праляскоўскі патэлефанаваў сам: высвятляем агульныя моманты.

У пакой Саюза пісьменнікаў прыходзяць старэйшы сын Васіля Уладзіміравіча Сяргей, пісьменнікі Рыгор Барадулін, Анатоль Кудравец, Генадзь Бураўкін, Валянцін Блакіт, Валянцін Тарас, Аляксей Дудараў, Міхась Скобла, Эдуард Акулін, палітыкі і журналісты (Вінцук Вячорка, Андрэй Дынько і інш.).

І звіняць тэлефоны. І з Беларусі, і з замежжа.

Двойчы тэлефанавалі намеснікі міністра культуры (Рылатка і Гедройц). Паведамілі, што па даручэнні прэзідэнта створана ўрадавая камісія па арганізацыі пахавання В. Быкава ў складзе 11 чалавек. Яе старшынёй прызначаны мінiстр культуры Леанід Гуляка, а я - намеснікам старшыні. Адпаведнае распараджэнне ад 23 чэрвеня пад № 77р падпісаў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Генадзь Навіцкі.

“Народная газета”:

«По поручению Президента для организации траурных мероприятий и похорон создана правительственная комиссия во главе с министром культуры.

Некролог известному писателю подпишет Президент страны Александр Лукашенко. Василю Быкову будут оказаны все почести как народному писателю и участнику Великой Отечественной войны.

“Беларусь потеряла писателя, который рождается раз в столетие. Эта печаль и траур на столетие и умножается”. Так отозвался председатель Союза белорусских писателей Алесь Пашкевич о кончине Василя Быкова. По словам руководителя писательской организации, в трауре не только национальная, но и общеевропейская литература и культура. Вместе с тем написанное Василием Быковым остается, и от белорусов зависит, в какой степени творческое наследие великого писателя будет востребовано и изучено, подчеркнул Алесь Пашкевич». / “Народная газета”, 2004, 24 чэрвеня.

У Саюз пісьменнікаў прыязджае Валерый Гедройц. Да гэтага ўжо абгаворана асноўнае: пахаванне адбудзецца ў сераду 25 чэрвеня; адпяванне - уніяцкім святаром; з 10:00 - развітанне ў Доме літаратара; з 12:00 - грамадзянская паніхіда; 13:00 - вынас труны; 15:00 - Усходнія могілкі; 17:00 - жалобная вячэра. Выказваецца жаданне несці труну на руках - ад Дома літаратара да плошчы Якуба Коласа.

І штохвіліны - тэлефанаванні: роспыты, спачуванні.

Першае афіцыйнае спачуванне прыйшло ад прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Пуціна. Лукашэнка ў той час (раніца 23 чэрвеня) з міністрам культуры Гулякам былі на “Беларусьфільме”, на прэзентацыі “ нацыянальнага блокбастэра” “Анастасія Слуцкая”. На пачатку прагляду беларускі прэзідэнт прапанаваў уганараваць памяць народнага пісьменніка хвілінай маўчання, сказаў наступнае:

- К Василию Быкову можно относиться по-разному, но нужно у него учиться отстаивать независимость своей Родины.

Пасля “Анастасіі Слуцкай” мяне запрасіў да сябе Леанід Гуляка. А 16:00 на ягонай службовай “Вольве” едзем у Адмітстрацыю прэзідэнта да Алега Праляскоўскага. Хвілін з сорак узгадняем пахавальную цырымонію. Акрамя Праляскоўскага прысутнічалі памочнік прэзідэнта і ягоная прэс-сакратарка

17:00. Зноў у СП. Дамаўляемся пра пасмяротную маску і святароў.

Тэкста некралога дзяржаўнай камісіі перад апублікаваннем я так і не ўбачыў (хоць пад ім стаяла маё прозвішча). Яго са спазненнем Гедройц прывёз Праляскоўскаму на візаванне. Ад яго і даведаўся, што прэзідэнт не будзе прысутнічаць на пахаванні, а будзе толькі вянок ад яго.

24 чэрвеня, 10:00. У Доме ўраду - пасяджэнне ўрадавай камісіі па пахаванні Васіля Быкава, у складзе якой (акрамя старшыні і яго намесніка): першы намеснік кіраўніка спраў прэзідэнта М. М. Корбут, міністр фінансаў М. П. Корбут, міністр абароны Л. Мальцаў, міністр унутраных спраў У. Навумаў, старшыня Мінскага гарвыканкама М. Паўлаў, міністр інфармацыі М. Падгайны, першы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі А. Саламаха, начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай сферы Апарату Савета Міністраў А. Сівалобава і старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, старшыня Беллітфонду М. Чаргінец.