Замест некаторых “начальнікаў” прыйшлі іх намеснікі. Сум, здалося, быў толькі ў вачах міністра інфармацыі Падгайнага. Астатнія прыехалі як на працу: ціхія жарты, бадзёрыя ўсмешкі, службовая заклапочанасць.
Сваім выступлением старшыня камісіі Л. Гуляка імкнецца паставіць кропку над “і”:
- Мы павінны разумець, што сітуацыя з пахаваннем - надзвычайная. Тут сабраліся кіраўнікі розных галін, і сакрэтаў не павінна быць... - Нашыя позіркі сутыкнуліся, і Гуляка ўдакладніў: - Упэўнены, што і Алесь Аляксандравіч, старшыня Саюза пісьменнікаў, як чалавек дзяржаўны і ўжо вопытны ўсё разумее. Апазіцыйныя колы паспрабуюць выкарыстаць пахаванне ў сваіх мэтах, а таму мы павінны ўсё зрабіць прадумана і зладжана.
Перад кожным міністэрствам ставяцца адпаведныя задачы, абмяркоўваецца і прымаецца пратакол пасяджэння ўрадавай камісіі, сярод асобных пунктаў якога былі:
«1. Минкультуры:
1.1. оказать содействие Союзу белорусских писателей в организации церемонии прощания с народным писателем Беларуси В. В. Быковым и поминального стола в кафе Дома литератора;
1.2. решить вопрос заказа 6 автобусов, звукового оформления траурного митинга <...>
3. Минобороны:
3.1. выделить почетный караул <.. >
3.2. выделить оркестр для сопровождения траурного шествия по улицам, прилегающим к Дому литератора и на Восточном кладбище <...>
3.5. обеспечить регулирование доступа к телу для прощания <...>
4. Минсвязи обеспечить машину звукоусиления АВИА и установку микрофонов для озвучивания церемонии прощания на Восточном кладбище г. Минска и в Доме литератора.
5. МВД:
<...>
5.2. решить вопрос о перекрытии попутного движения по улицам, прилегающим к Дому литератора, на период выноса гроба с телом покойного из здания Дома литератора и движения по улицам, прилегающим к Дому литератора <...>
6. Минфину выделить средства Минкультуры на проведение похорон народного писателя Беларуси В. В. Быкова.
7. Мининформу:
7.1. организовать серию материалов в СМИ республики о жизни и творчестве народного писателя В. В. Быкова; <...>
7.3. организовать освещение в прессе участия в траурных мероприятиях руководителей республики; <...>
8. Мингорисполкому:
<...>
8.3. решить вопросы выделения транспорта (4 автобуса) для доставки венков на Восточное кладбище из Дома литератора, а также группы людей в количестве 200 человек для выноса венков из зала Дома литератора и доставки их на кладбище. <...>».
Хто б мог падумаць, што назаўтра пасля 11 гадзін усе гэтыя пункты будуць адменены. Адменены не ўрадавай камісіяй, а адным высокім незадакументаваным голасам.
“Народная воля”:
«За дзень да пахавання Васіля Уладзіміравіча Быкава ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў не ведалі: ці дазволяць пранесці на руках труну з целам пісьменніка ад плошчы Перамогі да плошчы Якуба Коласа? На ранішнім пасяджэнні ўрадавай камісіі па арганізацыі пахавання было прынята рашэнне, што не: маўляў, “немэтазгодна”». / 2003, 26 чэрвеня.
Лазар Лазараў, літаратуразнавец, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, даўні сябар В. Быкава (Масква):
- Прыезд Быкава ў Мінск пасля аперацыі <. .> беларускія ўлады вырашылі абставіць як вяртанне блуднага сына пад крыло спагадлівага “бацькі”. <...> Пад кіраўніцтвам гэтага знаўцы Быкава кампанія вырашыла наладзіць ненавіснаму пісьменніку казённыя хаўтуры, каб перашкодзіць сапраўдным яго чытачам правесці ў апошні шлях першага пісьменніка краіны. / Лазараў Л. Праўда застанецца // Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў. - Мн.: ГА БТ “Кніга”, 2004.
13:00 - у СП. У кабінеце - некалькі дзесяткаў чалавек. Разам з літаратарамі (Някляеў, Бураўкін, Законнікаў, Пятровіч, іншыя) - кіраўнікі многіх грамадскіх арганізацый і партый. Інфармую пра вынікі пасяджэння ўрадавай камісіі і даведваюся пра грамадскія настроі. Шчырая думка большасці: нельга ператварыць развітанне з творцам у палітычную акцыю, але і ў піар-акцыю кіраўніцтва дзяржавы (праз якое Быкаў мусіў пакінуць Радзіму) - таксама нельга.
Так складваецца агульная карціна заўтрашняга дня, карціна - няпэўная, непрадказальная, калі сутыкнуцца сотні сотняў чытачоў Васіля Быкава пад бел-чырвона-белымі сцягамі і ваенны ганаровы каравул пад іншай сімволікай.
Аднак заўтра - пахаванне вялікага беларуса, на якое будзе глядзець увесь свет. У кабінеце СП некалькі разоў упэўнена прагучала слова “кампраміс”. “Грамадскі аргкамітэт” па пахаванні дэлегуе мяне да Л. Гулякі...