...Былы таварыш Быкава, афганскі ветэран (якому Быкаў пісаў у неспакойны Кабул лісты падтрымкі) мог, безумоўна, не ведаць сапраўднага жадання ўдавы памерлага, аднак ці не павінен быў ён правесці ў апошні шлях народнага пісьменніка і франтавіка Вялікай Айчыннай - калі не ў “афіцыйнай якасці”, дык хоць бы як старшыня Беларускага літаратурнага фонда? Ці “ў якасці” чытача - як тысячы іншых грамадзян?
“Советская Белоруссия”:
«...Улица Фрунзе, зал Дома литератора были заполнены стягами и прочей символикой Народного фронта - небезызвестной политической организации. Для кого-то смерть дорогого человека - горькая утрата. Для кого-то - отличный повод напомнить о себе». / “Советская Белоруссия”, 2003, 26 чэрвеня.
“БТ”, 25 чэрвеня 2003 г.:
- <...> прощание с Быковым адепты оппозиции подогнали под обычное митинговое мероприятие <...> Развешенные бело-красно-белые флаги не имели ничего общего с народным трауром.
Васіль Быкаў:
- Шчасце беларусаў, што гэткая (бел-чырвона-белая) сімволіка ў нас ёсць, яна дайшла да нас ад сівой даўніны. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналагічна нацыянальнаму генацыду. / Радыё “Свабода”, 2001, 19 верасня.
У залу ўжо змаглі прайсці з сотню чалавек. Сярод іх - і журналісты. Чарга ж да Дома літаратара, як паведамілі, ужо аграмадная, тысячы людзей.
У кабінеце СП збіраюцца Л. Гуляку яго намеснікі па міністэрству культуры, М. Чаргінец, іншыя “ўпаўнаважаныя”.
- Вось што, Алесь. - Гуляка ўздыхае і не глядзіць мне ў вочы. - Прынята рашэнне. Ганаровая варта здымаецца. Усе афіцыйныя асобы пакідаюць Дом літаратара.
- ?!
- Грамадзянскую паніхіду давядзецца весці табе. І кіраваць, як старшыні Саюза пісьменнікаў. Вось, можа, спатрэбіцца. - перадае мне тэкст сваёй падрыхтаванай прамовы, спіс выступоўцаў і накіроўваецца да дзвярэй.
Лаўлю яго ледзь не за крысо пінжака:
- Леанід Паўлавіч, гэта азначае, што ўрадавая камісія па арганізацыі пахавання спыняе дзейнасць?!
- Ну, ты не абвастрай сітуацыю. І без гэтага хапае.
За старшынёй урадавай камісіі з Дома літаратара спешна сыходзяць усе чыноўнікі. З імі - і пісьменнік-сенатар М. Чаргінец. Ва ўсіх іх - няёмкасць на тварах, аднак скрытая, халодная...
Здымаецца і “ганаровая” варта, паменшала і “людзей у скуранках”. Каля Дома літаратара - тысячы, а да пачатку грамадзянскай паніхіды - гадзіна.
Беларуская рэдакцыя радыё “Свабода”, 25 чэрвеня 2005:
- Родныя, перш за ўсё жонка нябожчыка, адмовіліся ад прапанаванага дзяржаўнай камісіяй чырвона-зялёнага сцяга Пасля гэтага старшыня дзяржаўнай камісіі міністар культуры Леанід Гуляка сказаў, што яму як дзяржаўнаму службоўцу нельга тут прысутнічаць. Разам з іншымі сябрамі камісіі і вайскоўцамі ён пакінуў залу Дома літаратара на пачатку цырымоніі развітання з Быкавым. Перад гэтым салдаты паклалі да труны пісьменніка вянок ад Аляксандра Лукашэнкі - той знаходзіўся сёння ў Светлагорску.
Пасля сыходу Леаніда Гулякі адказнасць за арганізацыю пахавання ўзяў на сябе грамадскі камітэт на чале са старшынём Саюзу пісьменнікаў Алесем Пашкевічам. <...>
Калі ўся Беларусь развітвалася з Васілём Быкавым, Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся на цэлюлозна-кардонным камбінаце. Адрозна ад усіх ранейшых візітаў у рэгіён, сёння Аляксандр Лукашэнка ў Светлагорску не выйшаў да журналістаў. Склалася ўражанне, што ён не жадаў пачуць нязручнага пытання пра Васіля Быкава.
“Наша ніва”:
«Дзяржаўныя чыноўнікі ня мелі сьмеласьці пастаяць пад бел-чырвона-белымі штандарамі. А. Лукашэнка зрабіў буйную палітычную і маральную памылку, не знайшоўшы магчымасьці асабіста разьвітацца з Быкавым». / 2003, 27 чэрвеня.
Яшчэ не верачы ў тое, што адбылося, іду ў вялікую залу, якая хутка запаўняецца людзьмі, што зранку прачакалі ў доўгай чарзе да труны пісьменніка. Перад залай са службовага ўваходу чакаюць журналісты, апазіцыйныя палітыкі. Ва ўсіх - адно пытанне:
- Што здарылася?
- Улада адкрыжавалася ад пахавання. Афіцыйныя дзяржаўныя асобы спешна пакінулі Дом літаратара, - гавару першае, што змог усвядоміць.
Гляджу на бясконцую людскую стужку, якая працякае каля труны, на мора кветак. Усё арганізавана з сардэчнай адказнасцю “грамадскай” аховай (большасць якой - актывісты БНФ).