Выбрать главу

Мяне адшуквае палкоўнік Грыцаў і, адазваўшы на балкон, стомлена-ўсхвалявана гаворыць:

- Вянок ад прэзідэнта каля труны наведвальнікі хацелі напачатку адставіць... А цяпер закрываюць іншымі вянкамі, кветкамі...

Зразумеўшы, чаго застаўся палкоўнік, абяцаю яму наступнае:

- Вянкі, якія прыносяць да нябожчыка, адкідваць не па-хрысціянску. Безумоўна, я скажу, каб “прэзідэнцкі” не чапалі. Але перад труной Быкава ўсе роўныя. І калі ён не відзён з-пад кветак - значыць, не відзён.

Затым, зачыніўшыся ў кабінеце, са сваім сябрам і першым намеснікам Б. Пятровічам, у апошнія хвіліны рыхтуем новы спіс прамоўцаў на жалобнай цырымоніі...

І была грамадзянская паніхіда, і было народнае развітанне з народным творцам. Труну неслі на руках па галоўным праспекце сталіцы сем кіламетраў. За труной ішлі тысячы...

Паперадзе - крыж (які, па традыцыі, папераменна неслі старэйшыя Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Сяргей Законнікаў). За крыжам з фотаздымкам Васіля Быкава - я. Калі на вуліцы ўбачыў людское мора пад бел-чырвона-белай нацыянальнай жалобай - урэшце не ўтрымаўся і заплакаў. І ад страты, і ад крыўды, і ад болю. У тую хвілю згадалася Быкаўскае: «Калі мы разам - жыве надзея!». Факс з такой канцоўкай-заклікам даслаў Васіль Уладзіміравіч з Нямеччыны ў Мінск у красавіку 2001 года - ліст-падзяку за апублікаваны Зварот у абарону ягонага імя пасля чарговага шальмавання ў беларускіх дзяржаўных СМІ, ліст, у якім народны пісьменнік і франтавік выказаў мне як ініцыятару таго Звароту «асаблівую ўдзячнасць за разуменне і падтрымку за выказванне незвычайнай у наш час прынцыповасці і вернасці ў шматгадовым сяброўстве». Я не мог не ганарыцца тым факсам - як найгалоўнай сваёй жыццёвай “ граматай”. І ўпершыню вось тады, перад вачыма тысячаў людзей пад бела-чырвона-белымі сцягамі, з развітальным фотаздымкам Васіля Уладзіміравіча ў руках на маіх вачах ажывала надзея, але мы ўжо былі не разам. Мы былі без Быкава.

Перад плошчай Перамогі лейтэнант-даішнік да апошняга не перапыняў рух машын (пра што яшчэ ўчора было дамоўлена з міліцэйскім начальнікам упраўлення грамадскага парадку Вераб’ёвым), і пачатак калоны пайшоў ледзь не пад колы - і толькі тады рух спыніўся. А да працэсіі сотнямі і тысячамі далучаліся людзі з тратуараў і суседніх вуліц.

Такую людскую жалобу, такі нацыянальны чын, у якіх былі і горыч страты, і пратэст за ганьбаванне свайго прарока, Беларусь бачыла ўпершыню.

“Комсомольская правда в Белоруссии”:

«Минская милиция пытается объяснить, что разрешено занимать только две полосы проезжей части. Бесполезно. В ответ слышится: когда президент едет по проспекту, все движение перекрывается. А ведь это похороны Быкова! <...>

На площади Якуба Коласа траурную колонну встретил только один автобус, катафалк. Ожидалось, что отсюда дальше на кладбище поедут на автобусах. Однако гроб с телом положили в катафалк. Люди взяли его в живое кольцо. И, к неудовольствию милиции, вся траурная колонна направилась дальше к Московскому кладбищу прямо по проезжей части». / “Комсомольская правда в Белоруссии”, 2003, 26 чэрвеня.

Валадымір Яварыўскі, старшыня Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны:

- <...> легендарны чэшскі прэзідэнт Вацлаў Гавэл падаў яму руку падтрымкі і духоўны прытулак, а беларускі прэзідэнт нават не прыйшоў на пахаванне Васіля. <...> не маючы магчымасці прыехаць на пахаванне, бо знаходзіўся ў Канадзе, вельмі баяўся, што беларусы пад націскам улады пабаяцца ці ня здолеюць годна правесці ў вечнасць свайго духоўнага бацьку другой паловы ХХ стагоддзя. Дзякуй Богу, я памыліўся. Зразумеў гэта, калі ўбачыў на экранах канадскіх тэлевізараў многія тысячы прыбітых горам беларусаў, якія ішлі праз увесь Менск за яго труною. / Яварыўскі В. Дотык пляча // Наш Быкаў. Кніга ўспамінаў. ГА БТ “Кніга”, 2004.

“Наша ніва”:

«Труну несьлі б да самых могілак, але ўдаве Ірыне і сястры Валянціне цяжка было б адолець гэты шлях пешшу. Хада працэсіі паскараецца. Перад людзьмі шматкілямэтровы шлях праз увесь горад.

17:50. У браме могілак хор сустракае працэсію гімнам “Магутны Божа”». / “Наша ніва”, 2003, 27 чэрвеня .

“Літературна Украіна” (Украіна):

«Смерць Быкава паставіла ў складанае становішча ўладу, якая звычайна пагарджала ім, а тут мусіла турбавацца пра пахаванне. <...>

І найвышэйшая ўлада практычна засталася збоку, што не можа не выклікаць нараканняў, прыкрасці, агіды. Але гэта ж і сімвалічна. Цяперашняя ўлада даўно цураецца сваіх нацыянальных дзеячаў, нацыянальных святыняў, нават гісторыі народу, нібы сама выйшла з нейкіх чужых, злавесных, далёкіх ад цывілізацыі палясцін». / “Літературна Украіна”, 2003, 3 ліпеня.