4.
Пострамантызм – Апазыцыянэр зь вялікай літары. Ён дакладна адчувае хлусьню, няшчырасьць і скнарнасьць. Ён зьявіўся як пратэст (пратэстант) супраць навалы чалавечай хцівасьці, генэруючы інстынктыўныя захады, якія мусяць ратаваць асобу ад дэструктыўнага ўзьдзеяньня сацыяльнага зла.
Зло гэтае дзеіць толькі на паверхні, тут ягоная прастора й ягоныя ахвяры, тут яно стварае сваю парафію. Адно глыбіня недаступная злу. У ёй адсутнічае сэнс існаваньня нэгатыўных чалавечых праяваў. Пострамантызм дапамагае імкнуцца ў глыбіню, у бясконцасьць, у космас. Ён ратуе чалавечыя душы й пры гэтым не пазбаўляе людзей жыцьцёвай актыўнасьці, стваральнага імкненьня. Духоўнае пачынае валадарыць. Ня розум, а менавіта духоўнае, якое сынтэзуе ў сабе як асабовыя чалавечыя, так і агульныя касьмічныя чыньнікі.
Пострамантызм у вадрозьненьне ад папярэдніх рамантызмаў не зьбіраецца нікога нікуды клікаць, а тым больш прапаноўваць пэўныя жыцьцёвыя рэцэпты, нікога ні ў чым не абвінавачвае. Ён не зьвяртаецца да масаў і нават да канкрэтнай асобы – хутчэй да самога сябе.
Я – сьвет, я – космас – паўтарае пострамантызм.
5.
Усё мае свае карані, свае вытокі. Кожнае дзеяньне пакідае пасьля сябе вынік. Новая вада вызваліць раку ад лёду й гэтым наблізіць чарговае “аледзяненьне”, якое, у сваю чаргу, паспрыяе набліжэньню новага (іншага) крыгаходу.
У Афрыцы ёсць рака Ніл. Яна ня ведае крыгаходаў. Няўжо нашыя ўмовы лякальныя? Ніл ніколі ня быў пад ледзяным панцырам, але ж і ягоны спакой пэрыядычна парушае новая вада. Іншая парадыгма?
Твой пострамантызм – Дзьвіна. Яна цячэ праз твой сьвет і нясе сваю ваду далей – у сусьвет.
Пострамантызм пэрманэнтны й ня толькі ты вінен у ягоным зьяўленьні. Інсьпераваць яго немагчыма.
Пострамантызм – не ідэалізацыя герояў, іх інтарэсаў і пачуцьцяў. Пострамантызм гэтак жа далёк ад рамантызму, як рэалізм – ад сацыялістычнага рэалізму, як перашабытны чалавек – ад сучаснага. Пры гэткай значнай эвалюцыі не застаецца практычна нічога агульнага.
Пострамантызм – гэта пачатак чагосьці зусім новага, а ягоны шлях – НОНКАНФАРМІЗМ.
Студзень, 1994 г.
Спроба ідэнтыфікацыі
* * *
Ці захінаюць гмахі
Суседзяў сваіх — дрэвы,
Калі распаводзяць жахі
Бязьлітасныя залевы?
СЬПЯРША
(з часін таталітарызму)
Асфальтавы заводзік –
Таемная душа –
Палац любові ўзводзіць
Дзе быў будан сьпярша.
А мэталёвы комін,
Як стрэлка цыфэрблята,
На плоскі дах гаркомін
Паказвае зацята.
Бывае й бас-гітара
Рок-гуртава душа.
Паслалі качагара
Вучыцца ў ВПШ.
Асфальтавыя сьцежкі –
Як зручна карыстацца!
Уздымаецца з разьбежкі
За дымам наша праца.
Наперад з абавязкам:
Пашырыць душаў цір.
Паабяцалі краскам
Рэзэрвацыйны мір.
Пашырыць сьцежкі-ніткі
Да бальшакоў скразных!
Плякат да болю кідкі,
Як рогі ў казы.
Як замак мадэрновы,
Асфальтавы заводзік,
І мроіцца Гановэр,
Які па вулках водзяць
Духмянага гудрону
Нацэдзяць з гладыша.
Віват Дэкамэрону!
Не... чокнемся сьпярша.
ЗМРОК
Пах стамлёнага мэталю,
Шэры воблак, белы дым –
Да бясконцасьці ўздым.
Працы пляміны-лякалы,
За чыгункай горад сьпіць, -
Да дзяньніцы не будзіць.
Гурт рахманых пацукоў
Скача мякка – без падкоў.
Пах стамлёнага мэталю –
На крыжах няма цьвікоў.