Аўтобуса кіроўца бачыць елку
Разы чатыры за працоўную гадзіну.
Крычыць дзятва замест “вавёркі” –
“белка”:
Разгойдвае свавольніца галіну.
Аўтобус не сьпяшаецца нікуды.
Люд на супынку лае аўтабазу.
Хаўрус жаночы да вітрын прыкуты, -
А дабрабыт жахаецца дурнога “зглазу”.
Аўтобусу наканавана лёсам
Трываць пляўкі, абразы, штурханіну.
Кіроўцу мрояцца бананы і какосы,
А рукі не губляюць каляіну.
СОЦАРТ
За мной Соцарт па сьледзе ходзіць,
Вярбоўшчык дзёрзкага натхненьня.
Якое марыць аб пашане, аб славе
Зь літары вялікай.
Вярбоўшчык, як лісьлівы мніх, -
Ён абяцае, абяцае, ён ведае, куды цаляе,
Ён ас, ён майстар спраў такіх.
У палоне слоіка ягоным
Жаданьні-мятлікі карысьці
Згубілі свой абсяг самохаць,
Яны шчыруюць, б’юць крыламі,
Іх справа – як уяўны стогн.
Натхненьне гвалтам абудзілі
Ў палоне слоіка ягоным,
Дзе ёсьць адзінае жаданьне –
Жыць.
І пішуцца радкі, як хвалі,
Што вецер з акіянам спарадзілі, -
На кожным моры хвалі мусяць быць.
Соцарт і ты мяне прымусіў
Сьпяваць у хоры мятлікаў-ахвяраў.
І я сьпяваў – як служка тваіх дзей.
Падмануты тваёю блешней-словам
Два месяцы і дзень з паловай
Я выштукоўваў верш, які спаліў пазьней.
Я сёньня вольны, я з табой на роўных,
Цяпер ты толькі зьява – хмара і вагонь.
У мітусьлівым навакольным руху броўнскім
Пэгас мой птушка, а ня конь.
СПРОБА ІДЭНТЫФІКАЦЫІ
Хто ты, дзіўнае стварэньне,
зноў ідзеш за мной па сьледзе,
у даведніку нямашака
тлумачэньня тваёй сутнасьці.
Ты жывеш сваёй адсутнасьцю,
пьеш адсутную гарбату,
еш умоўныя варэнікі,
сьпіш умоўныя гадзіны,
як скаціна,
што ня значыцца ў калгасе,
і нічыйная уласнасьць, —
проста ходзіць па папасе,
і яшчэ не адбылася.
Зразумець цябе імнуся,
вывучаю, як француза,
як нянаскае здарэньне
(бо у нас ты не сустрэнеш
без гаспадара скаціны).
Кпінай
з’імітую правакацыю,
спробу ідэнтыфікацыі.
Замкнёная прастора
МОЙ ПАКОЙ
У пакоі, як на складзе,
Ёсьць адметнае бязладзьдзе.
Паспрабуй на гэткай плошчы
Ўладкаваць развагаў мошчы.
У вадным куце — пра грошы,
Там скразьняк заўжды харошы.
У другім — пра лёс свабоды,
Там абрынутыя стоды.
Трэці кут займае посуд,
Там развагі пра п’янтосаў.
А ў чацьвертым — цыгарэты,
Не палю, бо шкодна гэта.
У ГАСЬЦЁХ
На адным узроўні — слава,
На другім узроўні — кава.
Мы спрачаемся з Мудровым,
Дзе о’кей, а дзе халява.
Вечар слухае размовы,
Пустата сынонім сьвету,
Робяць кубачкі выснову:
Лепш пра цукар, а ня «гэта».
На лапаткі ўсіх расклалі,
Абмалолі косткі файна,
Прусакі аж паўцякалі,
Гул стаіць, як ад камбайна.
Адпачнулі тры хвіліны,
Абадзінскага згадалі,
Памаўчалі, пасьпявалі,
Пасядзелі, пастаялі,
Гаспадыні далі «бусю»,
Гагатнулі, быццам гусі,
І праз кволую хвіліну
Мы пакінулі хаціну.
ЗАЛАТАЯ РУНЬ
Вакол твайго імя, Пярун,
Зьбіраюцца, як восы, хмары.
Пякучых бліскавак нэктары
Чакае залатая рунь.
І нават кволай насьцярогі