РАЗМОВА З СЯБРАМ АДНОСНА ФІЛЯЗОФІІ БЫЦЬЦЯ
Падобныя тваім развагі
Даўно няма куды складаць,
Бо ўсе забойствы, войны, жахі
Прысутнасьць мусяць праяўляць.
І як не вызначай ты дзеі,
Ўсё роўна ўзьнікне “барацьбіт”.
Нібыта ў вэстэрне індзеец,
Ён скальп здымае з Эвы Сьміт.
Ён барацьбіт з усім і кожным,
Са стрэльбы бухае ў гарах,
Як рысь, у лесе асьцярожны,
У небе, як драпежны птах.
Ягоны чын крыві жадае,
Ён з чалавецтвам бой вядзе.
Як селянін аб ураджаі,
Ў шуфляду клопат не кладзе.
Ён лічыць: чалавек горш зьвера,
Абы паболей піць ды жэрці.
Вось толькі, ё-маё, халера,
Жыцьця ня хопіць сеяць сьмерці.
Ён гуманіст ў касьмічных межах,
І што яму ты не кажы,
Ён будзе біць, страляць і вешаць,
Тапіць у Ніле і Сажы.
Ад фанатызму ашалелы,
Ў крыві запэцканы да пят,
Ён любіць птушкавыя сьпевы,
Аблокі ў небе, кацянят.
Здаецца, Бог яго баіцца,
І нават Д’ябал не судзьдзя,
І не жадае парадніцца,
Бо сьмерць збаўляе ад быцьця,
А Д’яблу трэба валадарыць,
Дзяліць спакусаю жывых
На буржуа і пралетарый,
На чорных, белых, маладых.
Вось, дружа, і твае развагі
Мне нагадалі пра жыцьцё,
Ў якім адным усё да сракі,
Другім – да фанатызму ўсё.
ТВАЯ ПАДКОВА
Не выпадкова, не выпадкова
Хтосьці згубіў, а ты знайшоў падкову.
Вяртацца да вядомага фіналу –
Твайго быцьця найноўшага аналяг.
І хітрыкі Тантала – марнатраўства.
Твая нэйтральнасьць – бюргерская Аўстрыя.
Не асуджаю хлебасольства сьметніка,
У кожнага свае жыцьцёвыя адметнасьці.
Твая падковы некалі спатрэбіцца,
І, спадзяюся, не накліча Срэбніцы.
Яна губляецца, яна бадзяецца,
Але ўсё роўна да цябе вяртаецца.
* * *
На душы супакой, восень зьвіла кубло,
Дождж патрэбны для стомленых воч.
І адразу ўсплывае, як месяц у ноч,
Варажнеча дурманлівых слоў.
Кроплі-гукі дажджу працінаюць мяне,
Як паверхню лагоднай ракі.
На ўзьбярэжжы алешыну вецер ня гне —
Разыйшоўся ў чатыры бакі.
На душы супакой, адчуваю сябе,
Нібы ў чоўне на днішчы ляжу.
Твой, Ясон, карабель,
карабель... карабель...
Мне прымроіўся ў рысах дажджу.
НОНКАНФАРМІЗМ
Аб чым спрачацца мне з табой?
Мы дзеці рознае сыстэмы,
Цябе хвалююць, дружа, цэны,
А я лічу іх рост лухтой.
Што мусіць быць у сьвеце гэтым —
Адбудзецца, як не суроч,
Дзень сыйдзе, запануе ноч, —
Наклеюць новыя партрэты.
І толькі твой уласны сьвет
Залежыць ад твайго жаданьня,
Ніхто, ні ў якім Татарстане,
Ня зьменіць рух яго плянэт.
І лепшай зброі для людзей,
Чым моц свайго нонканфармізму,
Ня ведае сусьвет вялізны --
Ні ліхадзей, ні дабрадзей.
Бо Д’ябал можа спакушаць
На ўзроўні цэнаў і пасадаў,
Улады, страўніка, акладаў —
І толькі гэтак кіраваць.
Парадак усталюе тут
Бадай што толькі мужнасьць духу.
Змагайся з Д’яблам, космас слухай,
Вазьмі СВАБОДУ за статут.
Падрыхтаванае на падставе: Алесь Аркуш, Разьвітаньне з Танталам. Вершы — Полацак: Полацкае ляда, 1994.
Алесь Аркуш — беларускі паэт, эсэіст, выдавец. Нарадзіўся 28 траўня 1960 году ў Жодзіне. Скончыў Жодзінскі політэхнікум і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. З 1987 году жыве ў Полацку. Пачаў друкавацца ў 1986 годзе. Уваходзіў у літаратурную суполку „Тутэйшыя”. Першая кніга, зборнік паэзіі „Вяртанне” (сэрыя „Бібліятэка часопіса „Маладосць”), выйшла ў 1988 годзе. Заснаваў і выдаў 6 нумараў літаратурнага альманаху „Ксэракс Беларускі”. Пісаў тэксты для полацкага рок-гурта „Мясцовы час”. У 1993 годзе стварыў Таварыства Вольных Літаратараў. Выдавец і галоўны рэдактар літаратурнага альманаху „Калосьсе”. Старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес”. Аўтар тэксту гімна горада Полацка.