ВЕРШАСКАЗЫ
Дзе рэчка, дзе возера, там і човен — спрадвечны «чаловень» возера альбо рэчкі.
Човен выцесліўся, вычасаўся, «вычавіўся» на сушы і лічыцца сваяком карытам і ночвам, але калі ў карытаў і ночваў «авечыя» звычкі, то ў чоўна — «воўчыя», калі карыты і ночвы прысвечаны сушы і толькі час-почас асвечваюцца вадою, то човен начуе і днюе ў вадзе, калі карыты і ночвы сухія знадворку, то човен наадварот.
Калі ж човен знячэўку ці паступова напаўняец-ца вадою, тады ён нявечыцца і прычальвае не да берага, а да дна.
Човен навучаны асцярожнасці, ён чуйны да току вады і вагання хваляў, і вочы яго рассяроджаны па ўсёй плошчы ягонага цела.
У звычайнае надвор'е човен заслоньвае-зачыняе свае магчымасці, але ў адчайны час ён заахвочваецца на немагчымае і ўзлятае туды, дзе надоечы лёталі чайкі.
Шалі шануюць раўнавагу, і калі нехта яе парушае, яны хвалююцца, непакояцца, пакуль нарэшце не расшалопаюць, колькі — кіло альбо лот — важыць гэтае парушэнне, а да таго ж яшчэ колькі яно каштуе — дукат альбо шэлег.
Шалі пільна сочаць адна за адной, не дазваляючы адна адной шальмаваць, і калі адна з іх хоча прыўлашчыць сабе нейкі лішак, другая тут жа шалохаецца ад абурэння ўгору.