Выбрать главу

Сярод астатніх прадметаў i рэчаў ліхтар элітарны; нібы відушчая ліра, ён натхняецца чалавекам i сам натхняе чалавека ў яго вечным пошуку самога сябе.

ДУПЛО

Дуплу даспадобы дрэвы, якім па сто, а то i болей гадоў, — ліпы, дубы, таполі; усяроджваючыся ў плоць дрэва, яно ўсяроджваецца ў плоць стагоддзяў.

Дупло дапаўняе i аплоднівае дрэва, выдлубваючы ў ім свод дубль-шлях i паказваючы гэтым шляхам, што можна расці не адно толькі ў неба, але i ў дол.

І што б ні думала дрэва пра гэты шлях, якім бы ён яму ні ўяўляўся — відушчым альбо аблудным, дупло дбае, каб ён здзяйсняўся.

Дупло затуляе сваіх жыхароў ад непагадзі i спуду, у ім утульна i цёпла.

МАЛАКО

Беларускае м а л а к о смачнейшае за мак і маліну: малым яно дае моц і розум, а старых малодзіць.

Стараславянскае м л е к о як Мекка: усе да яго імкнуцца, усім яно лекі.

Рускае м о л о к о падмацунак касцу і ма-лацьбіту і лакомство катку.

Балгарскае м л я к о мляўкае, як летні сон: яно лашчыць язык і паднябенне.

Праславянскае m e l k o змялелае, як Няміга.

Лужыцкае m l o k o закрашвае локшыну.

Шведскае m j o l k пахне мёдам і зёлкамі.

Нямецкае M і l c h мілае, нібы малітва маці за сваё немаўля.

ЗВОН

Звон адзываецца на ўсе святы, на ўсе вялікія падзеі і, супадаючы са сваім зрокавым вобразам, зноўку і зноў апынаецца звонку яго.

Звон азануе прастору, і той абсяг, які займаюць яго зовы, яго перазовы-звёны, становіцца своеасаблівай зялёнай зонай.

I нават калі б звон званіў безупынна, разумнаму слыху ён усё роўна не назаляе.

ТОРБА

Торба — рот, які глытае ўсё, што яму даецца, што ў яго кладзецца, — ці гэта хлеб, ці сада, ці кавалак сыру, ці тузін печаных бульбін, аднак, праглынутыя, яны атабарваюцца ў торбе, як у сябе дома.

Торба — „творба": яна творыць чалавека, фармуе яго постаць, удакладняе яго паводзіны, афарбоўвае яго думкі, i людзі, ведаючы, што з торбай лепш, чым без торбы, баяцца, аднак, рабіць яе сваім правадыром, шлюбавацца альбо братацца з ёю, каб самім не зрабіцца яе атрыбутамі — жабракамі.

Парожняя — торба, нібы хвароба, цягне свайго носьбіта долу, поўная — нібы „горба", узносіць угору.

ШКАРЛУПІНА

Шкарлупіна заглытвае яйка, нібы змяя-шкарупея, але так, што яно застаецца цэлым і непарушным, а сама, у сваю чаргу, становіцца яго часткай, яго шкурай, яго ахоўнай знадворнаю абалонкай.

Няма той хвіліны, каб шкарлупіна не рупілася аб яйку, яна атуляе яго, як найдаражэйшы скарб, пільна і шчыльна, не пакідаючы нідзе ніводнай шчылінкі.

Шкарлупіна крохкая, але не настолькі, каб дазволіць знадворным штуршкам і шкрэбінам пашкодзіць яшчэ не народжанаму жыццю;

шкарлупіна цвёрдая, але не настолькі, каб не дазволіць гэтаму жыццю прабіцца, прастукацца, пралупіцца, а самой, ні на што не скардзячыся і не наракаючы, апасці купкай спустошаных і бескарысных ракушак, распасціся на шалупінне.

ВІЛЫ

Праславянскія v і d l а справядлівыя: што б яны ні рабілі, яны заўсёды робяць для кагосьці — для «вы».

Сербскія в и л е, нібы пракудлівыя німфы-вілы, штохвілі ўхіляюцца ад вайны, а, ухіліўшыся ад вайны, ухіляюцца і ад міру.

Украінскія вила працавітыя, як валы; але калі яны маюць сілу, не маюць «вільності», калі маюць «вільность», не маюць сілы.

Беларускія вілы, ці яны ўбіваюцца ў гной, ці ўвіхаюцца з сенам, усялякі раз мусяць ведаць, у якім баку Вільня.

Польскія widły відушчыя: яны глядзяць у ваду Віслы, а бачаць, што робіцца далёка ў наваколлі.

Рускія вил ы, куды б ні вялі, заўсёды апынаюцца перад немінучым выбарам: или — или.

ЛАПЦІ

Лапці — палапленцы: пасчапляныя з асобнык лапікаў, яны лёгка ўпускаюць i выпускаюць вільгаць, i на балацінах Пцічы, Піны ді Прыпяці яны найлацвейшы абутак.

Лапці плятуцца самі, ix не трэба купляць, за іх нее трэба плаціць; плоць ад плоці тутэйшай прыроды i тутэйшага побыту, яны „прыліпаюць" да сваіх носьбітаў i, робячыся іхняй прыкмецінай, уплываюць на іхнюю постаць.

Цельпукаватыя, нібы мадзведжыя лапы, лапці дацялёпваюцца i да пляца, i да палаца.

Лапці сціплыя, але нагам i душы з імі цёпла.

БАРАЗНА

Быццам драпіна-бразгоціна, баразна разразае поле на дзве часткі, на дзве палавіны, але гэтым не абражае яго, а дагаджае яму.

Наперадзе баразны, надаючы знакі, куды ёй кіравацца, тупаціць конь, бразгаціць збруя i шаргаціць плуг, ззаду на ёй збіраюцца i ўсчынаюць свой амбарас вароны, i хоць зараз баразна здаецца разбуранай i нямою, яна неўзабаве аздобіцца прыязнай зялёнаю рабізной.