Якою б доўгай баразна ні была., яна — якраз; яна выводзіць ранак у вечар, зару — у змярканне, сяўбу — у збор ураджаю i, усё больш трацячы свой вобраз, усё больш набывае яго.
Нерат нырае ў нетры ракі і, прапускаючы раку праз сябе, затрымлівае яе жыхароў — рыбін,
Нерат нікому не дароўвае неабачлівасці, і хто ў яго раптам трапляе, таму няма ходу ні ўзад, ні ўперад.
Але нерат не рады сваёй удачы, бо калі ён парожні — ён адчувае сябе ракою, для якой няма перашкоды, а калі з рыбай — дык рыбай, якая шукае і не знаходзіць ратунку.
Калі здараецца кепскае — б'ецца люстэрка ці гляк, тады ўзнікаюць аскепкі — аспекты пытання, якія забылі само пытанне, складнікі спектру, якія згубілі сам спектр.
І як бы пасля іх ні склейвалі і ні склепвалі, яны ўжо не змогуць вярнуцца ў колішнюю самаадсутнасць, яны ўжо не змогуць прыняцца ў ранейшую цэласнасць.
На аскепак, нібы на блазна-кепа, валяцца кіпы кепікаў, яго папікаюць, яго папіхаюць, пакуль наогул не выпхнуць на сметнік, і калі шкліну ці гляк шкадуюць, то нікому ніколі не прыйдзе на думку пашкадаваць аскепак, сказаць, што ён кемлівы, што ён пекны.
Аскепак — скептык: ён ведае, што ў аснове ўсіх непарушных саюзаў, усіх маналітных сплаваў прысутнічае непрыкметнае, але шматстайнае «аз», і гэтае «аз» аднойчы захоча акрэсліцца, захоча стаць к і м с ь ц і.
Нібы яго точыць верад, верацяно шчыруе ад цямна да цямна, а калі запальваецца лучына, то і ў часы вялікіх і мігатлівых ценяў, і такім чынам расце: набывае ўсё большую вагу, таўшчыню і вартасць.
Скіроўваючыся сваім верхам і нізам у два процілеглыя канцы, сумяшчаючы і ўраўна-важваючы ў сабе два процілеглыя вектары, верацяно не западае ў невараць, а ўцягвае навакольную прастору ў віртуальную сферу свайго ўплыву.
Быццам віруе вір, верацяно верціцца адно толькі наўкола самога сябе і, «перацягваючы» разбэрсанае ў спарадкаванае, няпэўнае ў пэўнае, верыць, што яно цэнтр рэчаіснасці.
I ці возьмецца хто пярэчыць, што яно не мае рацыі?!.
Стараславянскі с т о л п ъ, нібы святочны стол, прываблівае да сябе людскія толпы.
Украінскі с т о в п, нібы пост, «сталае» ўсіх, хто едзе і хто ідзе, і таму ён — сто, і таму ён — стоўпішча.
Рускі с т о л б стаіць пасярод дарогі, і той; хто разбівае аб яго лоб, лаецца: «Асталоп!», а хто блытаецца ў трох соснах, вітае яго: «Апостал!»
Сербскі с т у б — тубылец: выступаючы над зямлёй, нібы ступа, ён, нібы студня, уваходзіць углыбіню.
Літоўскі s t u l р а s адтуль і адсюль затуляе сваім тулавам Летуву ад непажаданых наступстваў.
Беларускі с л у п лупаціцца ў наваколле, спрабуючы даўмецца, чаму ён усім слугуе, а ўсе яго лупяць, усе лупцуюць.
Ключ кліча, замок адгукаецца, ключ шукае, замок чакае, ключ ведае, замок мае, ключ то знікае, то зноўку ўзнікае, замок застаецца заўсёды на тым самым месцы.
Ключ ад усіх хаваецца, замок усім аб'яўляецца, ключ — у схованцы, замок — навідавоку, ключ уладкоўваецца ў сухім і ў цёплым, замок мокне на дажджы і калее на холадзе.
Ключ — клічнік, замок — пытальнік, ключ — модус, замок — атрыбут, ключ — учынак, замок — з'ява, ключ належыць мужчыне, замок — жанчыне, ключ — неба, замок — зямля.
Замок забараняе, ключ дазваляе, замок — зіма, ключ — вясна, замок — правіла, ключ — выключэнне, замок — загадка, ключ — адгадка, замок — нуль, ключ — адзінка.
Ключ бачыць, замок пазірае, ключ чуе, замок слухае, ключ — лічба, замок — слова, ключ — дзейнік, замок — выказнік, ключ — выпадковасць, замок — заканамернасць, ключ — магчымасць, замок — неабходнасць.
Ключ — смык, замок — скрыпка, і куды б, далёка ці блізка, ні адыходзіў ключ ад замка, сувязь, якая іх лучыць, не калечыцца і не камечыцца, і адкуль бы, здалёк ці зблізку, ні вяртаўся ключ да замка, за гэтым вяртаннем сочыць музыка іхніх узаемадачыненняў.
Жменя — «меня»: тое, чаго не мае, яна бярэ, а тое, што мае, яна аддае і такім чынам усталёўвае раўнавагу паміж парожнім і поўным.
Калі жменя бярэ болей, чым яна можа ўмясціць, тады яна ненаежа; калі яна аддае меней, чым узяла, калі нешта ў ёй «зажымаецца», тады яна жмінда.
Жменя абмежаваная, і таму яна паўтарае адзін і той жа рух, памнажаючы яго на ўсю даўжыню чалавечага жыцця.
Жменя сее і жменя жне. Жменя мне і жменя табе.