Быццам карэнне гіганцкага дрэва, крыніца крыецца ў „ніцмax" зямлі.
Там, дзе яна прабіваецца на паверхню, крыніца „садзіцца крыцай", i ўсе навакольныя каўшы i карцы маюць рацыю, калі сёлета, каб наталіць у сквар смагу, скіроўваюцца на тое самае месца, куды кіраваліся летась i пазалетась.
Як з раніцы выбрыньвае дзень i вечар, гэтак з крыніцы вырыньваецца рака, каб i ўвечар, i ўдзень, i ўранні, натхняючыся крыніцай, крыліцца-ліцца ў невядомыя далячыні.
Крыніца чыстая, крыніца празрыстая: акалічнасці не паспелі яе ні скрывіць, ні пераніцаваць па-свойму, i таму людзі, каб далучыцца да першапачатку i прысвяціцца ў ісціну, нават ад самай граніцы зямлі вяртаюцца да крыніцы.
Беларускае м о р а — камора, у якую трапляе ўсё, што траціцца сушай.
Польскае m o r z e, можа, акіян, а можа, лужына.
Нямецкае M e e r мерае сваю глыбіню i сваю шырыню, а, памераўшы, мяркуе, з якімі камерамі мець справу, ад якіх — ухіляцца.
Ірландскае m u i r абмуроўвае, каб яны не размыліся, выспы i мацерыкі.
Гішпанскае m a r сягае да самай Амерыкі.
Папера — паверхня, на якую абапіраюцца „перпендикуляры:" літар i на якой разгортваецца тапаграфія слоў.
Яна пераемніца папірусу i пергаменту, i ўсе перлы, што здабывае пяро, аперваюцца дзякуючы паперы.
Папера „кааперуецца" ў кнігу альбо сшытак і, спарваючыся ў кнізе i ў сшытку ў двухадзіныя перыяды-аркушы, бесперапынна, з першага радка па апошні, пераадрасоўвае ўвагу таго, хто чытае ці піша, на тое, што прачытаецца i напішацца.
Папера нетрывалая, яе пераворвае начорна агонь i пералітоўвае набела вада, але тое, што на ёй уцяперваецца, дадае ёй трываласці на стагоддзі, а то i на тысячагоддзі наперад
Здароўе дае, хвароба адбірае, здароўе радуе, хвароба маркоціць, здароўе здабывае, хвароба губляе, здароўе для кожнага чалавека дар, i кожны чалавек для хваробы ахвяра.
Здароўе выпроствае, хвароба горбіць, здароўе бадзёрыць, хвароба гняце, здароўе дароўвае чалавеку грахі i хібы, хвароба заводзіць на ix рахубы.
Здароўе дарагое, хвароба платная, здароўе харобрае, хвароба нахабная, здароўе робіць, хвароба з'ядае зробленае, здароўе збірае скарб, хвароба яго рабуе, здароўе гаспадаруе, хвароба жабруе, здароўе парадкуе, хвароба бурыць.
У хваробы шмат фарбаў, у здароўя адна, хвароба хаўруснічае з варажбою, здароўе — з жарашбою, хвароба хмарыць людскія твары, здароўе азорвае, хвароба чапае рэбры i ўнетрываецца ў вантробы, здароўе хвошча яе вярбой.
ПУНКЦІРЫ