Выбрать главу
*
Разводдзе. Быццам чыясьці рудая шапка — стог сена ў вадзе
*
Чысты чацвер. У вокны стукаецца ўвесь дзень клапатлівае рэха.
*
Лётае над красавіцкім голым палеткам першаю краскаю матылёк.
*
Падпіў — i трымаецца што ёсць сілы аберуч за бохан хлеба: стары вясковец.
*
Чмялінае свята: зацвіў куст вербалозавы у наваколлі.
*
Пакінуты дом. Зазірае ў акно галінка зялёнай вішні: няўжо нікога?!.
*
Накрапвае дождж. Трава ўслухоўваецца ў бязмежжа.
*
Блукаю па Вільні. На даўніх мурах новыя назвы.
*
Схаваўся ў царкву ад дажджу: знянацку зірнулі знаўпроць святыя.
*
Дзе — старасць, дзе — маладосць?!. Зацвілі яблыні сёння.
*
Збягаюць струмкі з капяжа: у асфальце ямачкі-чаравічкі.
*
І гэта адзенне?!. — здзіўляецца клён: касцёл у леташніх рыштаваннях.
*
Жоўтыя свечкі ў траве: дзьмухаўцы абступілі сцежку.
*
Спеў у нябёсах, нябёсы ў спеве: жаўрук.
*
Боязна, што заўважаць i што не заўважаць — таксама... Суніцы зачырванелі.
*
Сярод залатых дзьмухаўцоў адзін серабрысты: у німбе?!.
*
Якімі высокімі павырасталі быльнік i лебяда: быў бы малым — схаваўся б!..
*
Вось ужо й скончыўся лівень!.. A ліст кляновы лісту перадае ўсё кроплі.
*
Далёка ісці... Смакчу няспелую сліву.
*
Вецце спусціла ў замерлы ставок i сама замерла: вярбіна ў спёку.
*
Вуліцу заняло паважнае шэсце: ідуць з пашы каровы.
*
Убіўся ў самую багну i ўгору узняў булаву: аеравыя ўладанні!..
*
Хочаш са мной паблукаць па свеце? — Да рукава бадзяк прычапіўся.
*
Хаваецца дзень. У кожным акне па сонцы.
*
Акрылася жабурэннем — i неба схавала ў сабе, i з ім схавалася ад паверхні: затока.
*
З рынка нясу на руцэ капусную галаву. Ці ведаеш ты, капусная галава, колькі «зайцоў» каштуеш?
*
У ржышчы жытнёвым конік застракатаў: яшчэ нешта не зжата?!.
*
Шэпчуцца: ці застацца стаяць у вадзе, ці выйсці усё ж на сушу... Азёрныя чараціны.
*
Гронкі рабіны зачырванелі: ўгару горнецца позірк.

Алесь Разанаў

Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

З 1990 старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. Сябра Рады СП Беларусі (з 1990). Узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусьветаў».

Першыя публікацыі А. Разанава з'явіліся ў 1961 у піянэрскіх газэтах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэньне», «Назаўжды», «Каардынаты быцьця», «Шлях – 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершаказы і пункціры). Творчасьць паэта сьведчыць аб яго неардынарным мысленьні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленьні. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненьнем, багатым жыцьцёвым зьместам. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусьветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасьць, і асаблівую ёмістасьць усходніх танка і хоку, і ўласьцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма».