Што ні трапляецца ёй,
Адпускаецца неахвотна.
Растворана ў ёй
Магічная сіла,
У ёй
Прадугадваецца жанчына.
4
Усе пакідаюць у ёй
Свой след —
Нібы пазначаюць месца,
Куды вярнуцца.
Але не вяртаюцца.
Гліна:
Адзіная спадарожніца,
Для якой
Ніхто не бывае мінулы.
5
Не хоча,
Каб яе бачылі
І разумелі,
Але сама хоча бачыць
І разумець.
Яшчэ ўсё магчыма —
Яшчэ
Сіла не варагуе з сілай
І не смуткуе па смерці.
Яшчэ
Слова само сябе чуе,
А вобраз —
Бачыць.
Размова пра н е ш т а ,
Што доўжыцца з веку ў век,
Але не можа ні скончыцца,
Ні пачацца.
6
З радовішча сну
Абуджаецца,
Каб нарэшце
Прачнуцца нечым
Альбо сабой.
Вада забірае,
Агонь збірае,
І думка знаходзіць у ёй
Сваё падабенства.
Цяпер сцеражыся,
Каб не памерці
Раптам.
7
Захоўваешся ў цяні
Усіх рэчаў
І ўсіх істот
І ў сабе
Захоўваеш сэнс,
Ім яшчэ не вядомы.
Каб насампраўдзе
Прысутнічаць кожны раз тут,
Даецца,
Быццам сляпому доказ,
Сама сабе
Ў рэчах і ў постацях
Рэчаіснасць.
А гліна
Усё пераконвае ўсіх,
Што можна
Бачыць не гэтак,
Што можа
Усё быць інакш.
8
Нешта сабралася
І разышлося,
Але засталося ў памяці
Разам.
Нібыта і ёсць яна
І нібыта
Яе няма.
З іншага часу
І з іншай прасторы:
Калі да яе набліжаешся —
Адступае,
Калі адступаешся ад яе —
Трымае.
Памяць,
Якая нікому ўжо не належыць,
Але якой належаць
Усе.
9
Паволі альбо раптоўна
Мы адхіляемся
Ад задум,
Якія хацелі
Спраўдзіцца намі,
Калі не чуем,
Ці адгукаецца наваколле.
А самае простае,
На што не звярталася ўвагі,
Спраўджваецца цяпер
І застаецца заўсёды.
Блукае,
Шукаючы павадыра,
У гліне навобмацак
Сонца.
10
Упісаная ў прастору,
Абжытую ўсімі,
І ўсім свая,
Усталёўваешся ў адлегласць,
Якой немагчыма парушыць,
Каб апынуцца
З далёкім побач,
А з блізкім яшчэ бліжэй.
Безліч нераспазнаных
Сузор'яў
Спластоўваецца ў табе
I раствараецца мноства
Млечных Шляхоў
Невядомых.
Ціхмяна ляжыш,
Утуліўшыся ў глыбіню,
Галактыка
Іншага вымярэння.
11
Пад чорнай карою глебы
Белы хлеб плоці.
Не памятае,
Ці, як зерне,
Апала яна з вышыні,
Ці ўзышла з глыбіні,
Ці проста
Тут затрымалася выпадкова.
Дух,
Што стаў плоццю,
Але перастаў быць
Духам.
12
Любіць,
Каб яе лашчылі,
Песцілі,
Бралі ў рукі.
Тады яна ажывае,
Тады яна робіцца
Чуйнай і паслухмянай
І вучыцца разумець
Чалавека.
Можа, чакае,
Што ён
Вылепіць з яе тое,
Чым сам дагэтуль
Яшчэ не здолеў зрабіцца,
Ці, можа,
Наадварот,
Вернецца ў яе лона —
І свет
Нанава стане райскім.
13
Галеча
Цябе ачышчае,
Спакой прасвятляе.
Аблокі
Спыняюцца над табой,
Ручаі
Хочуць завесці
З табой размову.