Панасюкова пяцісценка расла, між тым, не вельмі хутка. Прайшло можа поўгода, пакуль на будаўнічую пляцоўку заявіліся першыя цесляры. Затое на суседнім участку будоўля ішла куды спарней. Лес туды прьгвезлі ў той жа час, што і рэдактару, але там ужо, нібы грыб-дажджавік, узняўся ладны дамок, у якім нехапала толькі вокан і дзвярэй.
— Хто гэта ваш сусед? — спытаўся я аднойчы ў рэдактара.
— А ліха яго ведае,— Панасюк даваў спраўку з неахвотай.— Півам гандляваў, выгналі. Здаецца, нейкія скуры цяпер нарыхтоўвае...
Некалі было будаваць хату бярэзнікоўскаму рэдактару. Хапала ў яго клопатаў і без хаты. Але свайго звычайнага гумару ён не губляў. А калі чалавек умее смяяцца, то ніколі не падумаеш, што жыве ён дрэнна.
Прышлося Панасюку пабываць у розных пераплётах, але ўсё гэта, здаецца, не паклала ніякай адмеціны на яго аблічча і характар. Тры разы ён быў ранены, і захаваў юнацкую рухавасць і весялосць натуры. У яго паставе, хадзе не было ніякай паважнасці, якая звычайна прыходзіць да людзей гадоў пад сорак. Хадзіў ён неяк падскокам, смяяўся звонка і залівіста, і каб не лысая галава, то можна было б думаць, што маеш справу з вясёлым маладым чалавекам.
Панасюк быў задаволены сваёй пасадай і сваёй работай. Грэх таіць, рэдактару раённай газеты прыходзілася, дый прыходзіцца часамі нялёгка. Перад райкомам адказны ён на ўсе сто працэнтаў, крый божа, калі ў газеце што-небудзь не так. Але вось надыйшла якая-небудзь адказная кампанія. I хоць ёсць на гэты конт ясныя і недвухсэнсоўныя ўказанні зверху, рэдактара пасылаюць самым звычайным упаўнаважаным на раен. Паспрабуй агрызнуцца — «у цябе ёсць апарат, справіцца».
Панасюкоў «апарат» у тыя памятныя гады складаўся з яго самога і адказнага сакратара Мялешкі Валі. Валя была дзяўчынай на выданні. Калі я хоць кропельку разбіраюся ў людзях, то пра справы сардэчныя яна думала разоў у дзесяць больш, чым пра газету. Дзяўчына праводзіла доўгім прыязньім позіркам кожнага лейтэнанта і наогул віднага маладога чалавека, які праходзіў міма рэдакцыі па дашчаным тратуары. Наведвальнікаў рэдакцыі мужчынскага полу яна таксама дзяліла на дзве катэгорыі — маладых і немаладых.
Калі да гэтага дадаць, што ўвесь месячны ганарар раённай газеты лёгка можна было спусціць за гадзіну з добрым знаёмым каля піўнога ларка, то стане зусім зразумела, што газета трымалася на Панасюку і на тых адданых ёй энтузіястах, якіх ён здолеў вакол яе згуртаваць. Дзякуючы ім, Панасюк рабіў газету досыць цікавай. Ён неяк заўсёды ўмеў быць у самым цэнтры падзей, ведаў, дзе што робіцца, хто чым дыша, каго трэба падтрымаць, а каго «стукнуць». У нядзельныя дні, калі рэдактар быў дома, ён нязменна ішоў на кірмаш. Яго вёў туды, вядама, не меркантыльны інтарэс. Кірмаш даваў рэдактару матэрыял самы рознастайны. Тут ён сустракаўся са знаемымі калгаснікамі і брыгадзірамі, размаўляў з імі ў абстаноўцы, што выключае ўсялякую афіцыйнасць. Прыглядаўся Панасюк і да тых, у каго ўжо завялося пастаяннае месца на кірмашы. Пазней у газеце паяўляліся з’едлівыя фельетончыкі і заметкі.
Калі Панасюк сядзеў за сваім рэдактарскім сталом, рэдка так здаралася, каб у яго нікога не было. У рэдакцыю ведаў дарогу самы рознастайны люд. Аднойчы, калі я сядзеў у Панасюка, дзверы расчыніліся і на парозе нерашуча астанавіўся высокі чарнявы юнак з прыгожымі рысамі твару. «Заходзь, Коля, заходзь»,— у голасе рэдактара загучалі нейкія новыя, незнаёмыя мне ноткі. Юнак сеў на стул і маўчаў. Ён хацеў, відаць, нешта сказаць, але не адважваўся пры пастароннім чалавеку.
— Вершы прынёс? — запытаў рэдактар.— Не саромейся, гэта свой, ён таксама ў рэдакцыі працуе.
Коля выцягнуў з-за пазухі цэлы стус вершаў, і мы пачалі іх чытаць. Вершы былі яшчэ слабенькія, але трапяталася ў іх нешта жывое і свежае. Коля пісаў пра трактары, пра сяўбу ў калгасе, пра лес і салаўёў — пра тое, што ён бачыў і чуў. I ў гэтай непасрэднасці была свая шчырая паэзія. Адзін верш Панасюк паабяцаў надрукаваць, і Коля паляцеў з рэдакцыі, як на крыллях.
— Харошы хлопец, — сказаў мне рэдактар, калі юнак выйшаў,— Можа паэтам стане. Здаецца, ёсць здольнасці. Скончыць дзесяцігодку, забяру ў рэдакцыю, Валя, мабыць, к таму часу замуж выйдзе...
Ён стаў нечага задуменным і маўклівым. А прыцемкам, калі мы сядзелі на прыступках рэдакцыйнага ганка і слухалі размаітыя галасы вячэрняга раённага гарадка і ціхае шаптанне таполяў, што абступалі рэдакцыю, Панасюк расказаў мне адну гісторыю:
— Ведаеш, выратаваў мне жыццё ў сорак другім годзе адзін хлопец, яшчэ падлетак. Смелы быў хлопец, баявы. Нас прывязлі сюды ў раён на самалёце шасцярых. Вылецелі з падмаскоўнага аэрадрома мы вечарам, а ў поўнач былі ўжо тут, на месцы. Лётчык усё кружыў над самым лесам, шукаў умоўленых сігналаў. Надвор’е сапсавалася, хмары, хоць выкалі вока, не відаць нічога. Лётчык крычыць: «Паляцім назад, не маю права высаджваць вас, сігналаў няма». Але хіба прыемна лінію фронта яшчэ два разы пралятаць ды разрывы зенітак лічыць. «Высаджвай! — патрабуем.— Мы сігналы на зямлі самі знойдзем». Высадзіў ён нас-такі. Скочыў я з парашутам, вопыту вялікага ў мяне не было, толькі два разы і скакаў на трзніроўках. Раскрыў парашут высока над зямлёй, ну, і панесла мяне. Думаў ужо, што якраз у самыя лапы фашыстаў занясе. Зачапіўся за нейкае дрэва і, не разгледзеўшыся, давай хутчэй вызваляцца ад парашута. Рукі і твар абдзёр, пакуль прымасціўся на галіне. Памацаў рукой — сяджу на дубе, ля самай вершаліны. Паспрабаваў злазіць, да самай ніжняй галіны дабраўся. Але скакаць небяспечна, дуб, адчуваю, высокі. Таварышаў маіх таксама не чуваць, паразносіла ветрам. Знойдуць, думаю, вызваляць з бяды...