Выбрать главу
ДЗЕЯ IV

(Чуецца сыгнал небясьпекі, усе дзеючыя асобы выбягаюць, мітусяцца, трапляюць адно адному пад ногі, шукаючы супрацьгазы. Знаходзяць і нацягваюць іх на твары. Становяцца у шэраг, рукі па швох.)

(Жаночы голас аднекуль зьверху.)

Атаньсьён! Атаньсьён!

У сувязі зь перапаўненьнем слыхавых органаў галюцынацыямі невядомага паходжаньня, а таксама па незалежных ад нас прычынах зь сёнь- няшняга дня пачынае сваё дзеяньне новы антывірусны Загад.

Пункт першы:

хлусіць павінны ўсе. Для падтрыманьня нормаў асабістай гігіены раім спалучадь выкананьне Загаду з абліваньнем сьцюдзёнай вадой.

У мэтах прафіляктыкі — тры-чатыры дробныя хлусьні на дзень.

Пункт другі:

будзьце асабліва пільныя пры кантактах зь нявашым полам.

Штраф за невыкананьне Загаду — 0,5 ад мінімальнага заробку.

(Усе здымаюць супрацьгазы.)

3ацямненьне.

к а н е ц

РЭКАНСТРУКЦЫЯ НЕБА (Раман у дэталях) - (Дэталь у рамане)*

* патрэбнае падкрэсьліць

Папярэджаньне

Чытач мае права.

- карыстацца рознага кшталту пішучымі рэчамі падчас чытаньня

- уяўляць сябе на месцы галоўных герояў, якім аўтар, усьведамляючы патрэбы двухполавага грамадзтва, надаў як мужчынскія так і жаночыя канчаткі

- спрычыніцца да замацаваньня (не)раўнапраўя ў грамадзтве шляхам жорсткай крытыкі ці ўзьнёслага одапісаньня

- выкарыстоўваць пэўныя ўрыўкі як замовы ад зубнога болю, няшчаснага каханьня і сурокаў

Пажадана пазьбягаць:

- завучваньня на памяць асобных выразаў

- публічнага цытаваньня ў месцах масавага збору

Дэталь 21

Сонца сядала не куды-небудзь, а за левы ўзгорак ейных грудак. Вазьмі я аловак - можна было б правесьці дасканала простую лінію ад ейнае смочкі й да маёй зрэнкі, узбуджанай да такой ступені, што цяжка было разабраць: дзе вока, а дзе смочка.

Было рана.

Было рана датыкацца гэтай ледзь кранутай індуктаванай мэлянінавай пігмэнтацыяй скуры, і таму мая зрэнка, не зважаючы на тое, што за ёй сачылі, працягвала балянсаваць на той лініі, якую так старанна вымалёўвала натхненьне. Гэта былі яны, блякла-ружовыя, з морквавым адлівам вочы-смочкі, якія ўтаропіліся з уласцівай ім нахабнай засяроджанасьцю. Адна зь іх час ад часу ажно пакрывалася пупышкамі або ад таго, што сонца ўжо сядала й рабілася прахалодна, або ад таго, што сонца сядала менавіта за яе. Смочку так і расьпірала ад сваёй значнасьці, самаўпэўненасьці й ганарлівасьці. Яна ведала: яе абавязкова нехта пацалуе, лізьне, папесьціць, а мо нават і пакусае.

Такой самаўпэўненасьці заўсёды бракавала мне.

Дэталь 4

Сон, якога, па Борхесу, варта баяцца. Не, не лябірынты й не люстэркі, а ўсяго толькі адна маска. Гэта непрыемная размова з тым, хто ўмее размаўляць (у адрозьненьне ад цябе самога), памятаеш? ты што-небудзь памятаеш з тае размовы? Пажадана ўспомніць. Было 5 ці амаль 5. Ня выключана, што было 6. Я сустрэўся з табою ў надзеі /ня блытаць з імем/ палашчыць хоць чым-небудзь твой раток. Перад гэтым я нават памыўся, прыбраўся й бачыў сябе ў люстэрку. Нейкая мешаніна /венскім навукоўдам прыйшлося б даспадобы/.

Чамусьці мы стаім ля ўваходу ў мой дом, хоць па графіку павінен быць твой.

Да мяне нельга, - катэгарычна-сьлінява прамовіў я.

Мы блукалі да зімы, а потым да вечара. мешаніна № 2. за маёю сьпінаю - сьцяна /Вы чыталі “Сьцяну” Сартра?/ Памятаю, памятаю, гэтак за- пыталася ў мяне бібліятэкарка. Яна была нечым падобная да птушкі, і я падумаў, што няблага было б узяць яе ў нашае падарожжа. і я падумаў. А пасьля ўзгадаў, што...

Калі Эжэн ня мог заснуць, ён уяўляў сабе высачэзную гару, а потым спрабаваў узьлесьці на самую вяршыню. I пакуль поўз, ён засынаў. Эжэн малайчына. Ён шчыра поўз, ягоная гара ніколі ня мела вяршыні, яна была бясконцаю. 3 маёй сьвядомасьцю такія хітрыкі не праходзяць. Звычайна гара абвальваецца, або я пасьпяваю дасягнуць ейнае вяршыні раней, чымся засну. Я спрабую ратавацца па-свойму. Праз 2-3 хвіліны ў маім роце камячком ляжыць лыжка мёду. Чамусьці яна падаецца мне жанчынай, пульхнай і немаладой. Падобнай да скульптураў Генры Мура. Ну, вось, - падумаю я, - цяпер я ведаю, якія гэтыя жанчыны на смак. Круглыя й жоўтыя.

Рассмоктваць гэты камячок ня дужа хочацца, бо - лянотна. Няхай сама расьцякаецца. Ейны вобраз самы салодкі, саладзейшы за вусны-ракавінкі. Ён такі мяккі, што ў яго можна класьці яйка й не баяцца, што яно паб’ецца.

Дэталь 16

“Трактат пра курыныя пёркі, чорныя й белыя, якія я зьбірала на замову бяскрылых анёлаў”. Назва - нішто сабе, даўгаватая, але ўсё адно я была вымушаная зьбіраць тыя пёркі. Насамрэч яны не былі белыя, бо канчаліся рудаватымі прожылкамі. I толькі некаторыя рабіліся выключэньнем з гэтай недасканаласьці - паветраныя трусачкі пуху, што гадаваліся зусім ля цельца. Расхваляваныя, яны ніколі не былі ўпэўненыя, з кім і ў які бок ляцець. Што ж тычыцца чорных, дык яны былі пругкімі й сьпічастымі, якімі й павінны быць жаўнеры.