Выбрать главу

Калі зьбіраеш пёркі, рукі маюць быць сухімі, нават ня столькі рукі, колькі пальцы, самыя іхнія кончыкі. Інакш выпадкова прыхопіш зь пёркам пяску ці сьмецьця, якога адразу гэтак і не пазбавішся, прыйдзецца адкладаць пёрка, абтрасаць бруд, а гэта заўсёды забірае час. Пёрак у той дзень назьбіралася няшмат - 37, калі казадь дакладна, асьцярожна паклаўшы іх у пачак з-пад гарбаты, я вырашыла ўзяць ровар і паехала катацца.

Адметнасьцю таго дня была ягоная безвыразнасьць. Амаль кожны з нас у той дзень ня меў свайго колеру. Сонечны пылок ставіў пад сумнёў магчымасьць існаваньня як такога, і ўжо цяжка было зразумець, ехаў ты сам ці цябе везьлі. А калі нага пачынала ныць, хацелася ўзгадаць ня- добрым словам гаспадара, які зноўку забыўся паставіць новую падкову.

...кую кую ножку паеду ў дарожку

буду коніка каваць на дарожцы начаваць... гэтак прыемна казытала маю пятку толькі бабуля ( і ты-)

Дэталь 2

Мы жывем у розных краінах і ў розных часавых паясах. Калі тут 10, там яшчэ 9. Так што ў мяне ў запасе гадзіна.

Я вучуся ня хлусіць. Хоць, калі ня хлушу я, абавязкова знойдзецца нехта, хто будзе хлусіць мне. Я старанна праектую свае сказы, нібыта архітэктар, асабліва, калі кажу, што ты - чалавек, якога я кахаю, пазьбягаючы пры гэтым слова “адзіны”, якое пазбавіць мяне магчымасьці будаваць іншыя палацы ў гонар іншых чалавекаў, якіх я кахаю. Да таго ж, калі я цалуюся зь нетабой, гэта адбываецца на гадзіну раней. У тваім часе я заўсёды шчырая й заўсёды з табой. Так што, калі ты вырашыш зьехаць у Аўстралію, 6 месяцаў вольнага жыцьця мне гарантаваныя. Як гарантаванае табе маё вечнае чаканьне, бо адзіны, каму я здраджваю, - гэта час.

Дэталь 46

У мяне сьлізкія боты. Напэўна, ты гэтага ня ведаеш, але я збочваю на сьнег і чую, як ён файна рыпіць, так што хочацца зьляпіць зь яго сьнеж- ку й шпульнуць вунь у таго тоўстага дзядзьку, а потым бегчы, не азірацца й бегчы, правальваючыся па лыткі ў сумёт і адчуваць, як ліпнуць да скуры ўжо мокрыя нагавіцы. Амаль зіма. Амаль вечар. Амаль дома. Я націскаю кнопку ліфта.

...Ух ты!!! А ў маім пакоі нейкая вечарынка. Людзі п’юць гарбатку, размаўляюць. Вы седзіце побач і цалуеце маю шыю, у той час як я намагаюся прымусіць свае пальцы прабегчы па клявішах у бок гармоніі. Да д’ябла гармонію! Гармоны über alles, - крычаць яны. I я прымаю рашэньне: трэба прачнуцца.

Я вызваляюся ад вашых абдымкаў і накіроўваюся, куды звычайна накіроўваюцца пасьля сну - у прыбіральню. Менавіта там я прачынаюся. Мыю рукі, іду у пакой, аднак некаторыя рэчы прымушаюць мяне задумацца, і я разумею, што: варыянт А - я так і не прачнулася, варыянт В - гэты гармідар - няпроста сон. Чамусьці мая (пад)сьвядомасьць абірае варыянт В і я пачынаю лямантаваць, клікаць Цябе, потым Вас, не разумеючы хто з вас хто, і каго ж у рэшце рэшт я клічу. Адзінае чым ня розьніліся людзі ў маім пакоі былі іхнія імёны, якія я так і выгуквала

Э.-..Й.-..Р..-.А.-..Н.-.Д. Ніхто не зьбіраўся мяне ратаваць, а мой пакой папаўняўся новымі гасьцямі: мядзьведзямі ў матроскай амуніцыі, коньмі з разгубленымі позіркамі і усім тым, што валодала майстэрствам мімікрыі ва ўмовах маёй псыхікі. Гэй, хто тут гаспадар? Працяглы час я ляжу, не варушачыся, і слухаю, як арытмічна пульсуе артэрыя на шыі. Гэта яна будзе вырашаць, прачынацца ці не.

Дэталь 8

- чытаеш?

...ён падраўняў лісты, з манернасьцю маёй знаёмай-алькагалічкі. Мяне начало цягнуць на ваніты, але я стрымалася: псаваць уражаньне ад прачытанага не хацелася.

- ну й як?

...ён пастукаў аркушамі аб стол так, быццам расшпіліў верхні гузік на маёй сукенцы (хаця не, на мне была сукенка з маланкай, але гэта не істотна).

- што? што ты кажаш?

...ён - быццам адзіная вялізная смочка, падумалася мне, смочка што падрыхтавалася да пацалунка-мацунка. Не-е, даражэнькая, ня пойдзе. Шукай сабе іншы дэлікатэс.

- добра, я падумаю

...гэта для навакольных ты абтрасаеш попел са сваёй сьмярдзючай цыгарэты, а я вось уздрыгваю, адчуваючы, як расшпільваецца станік на сьпіне.

- няма экспрэсіі?

...затое ў цябе яе зашмат... зараз ён возьме кубак, паднясе яго да свайго рота, быццам гэты кубак - мая голаў, якую дазволена бессаромна аблізваць кожны раз, калі пачынае дапякаць смага.