Мне 14 гадоў. Я вучуся ў звычайнай школе. Самай звычайнай. Там існуюць свае законы й парадкі. Мне падабаецца дапамагаць людзям, часам здаецда, што гэта тое, чым я павінна займацца ўсё сваё жыцьцё. Больш я нічога ня ўмею. (I, як даводзіць практыка, - нават гэтага.) Мне ўсё яшчэ 14 гадоў, і нас зь сяброўкай пасылаюць да старой жанчыны. Аказваецца, мы ўзялі над ёй шэфства. Дакладней, ня мы, а нашая школа. Я даведалася пра гэта зусім нядаўна, і калі даведалася, то згубілася ў часавым вымярэньні, бо тое, што мусіла здарыцца са мной, ужо адбылося гадоў 60 таму. Часавыя дзіркі такога кшталту запаўняюцца ў сьвядомасьці чым заўгодна, толькі ня тым, што ёсьць насамрэч. Прыкладам, я еду ў трамваі. Мне не халодна, бо ідзе сьнег. Калі ідзе сьнег, халодна быць ня можа, можа быць па-дзіўнаму сумна (па-сумнаму дзіўна). Я еду праз старыя будынкі яшчэ не старога гораду, хутка іх пачнуць бамбіць, ля крамаў выцягнуцца доўгія чэргі, а я ўсё буду ехадь, не разумеючы, які цяпер час і куды я еду.
Наша падапекаванка не была бабуляй, яна была старой жанчынай. Бабуля - гэта такое добрае зь вясёла-сумнымі вачыма стварэньне, якое пахне мёдам-сырым цестам-спакоем-упэўненасьцю-самадастатковасьцю й стомленым дыханьнем. Яна памятае тое, на што я ўжо забылася. Потым усё будзе наадварот.
Старая жанчына жыла ў двухпакаёвай кватэры. Здаецца, у яе нават быў муж. Гэта мяне страшэнна абурала, бо я не разумела, чаму ён не прыбірае за сваёй жонкай. Яна была надобная на самку-павучыху, а ён на самца, якога яна праз сваю хваробу не пасьпела зьесьці. Ёй было цяжка хадзіць, і таму большую частку свайго нецякуча-застылага часу яна праводзіла ў ложку, які пакідала толькі зрэдку - адчыніць дзьверы сваім “прыбіральшчыцам”. Яна не выказвалала асаблівай удзячнасьці і ўспрымала нашую прысутнасьць як належнае, чаго нельга было сказаць пра нас. Toe, як яна аддавала за гады, выклікала адчуваньне, што гэта я была вінаватая ва ўсіх ейных хваробах і ў тым, што была малым дзяўчо, якое спрытна гэтак рухалася па ейнае тэрыторыі. А рухалася я так спрытна, таму што мела толькі адно жаданьне - як мага хутчэй выбегчы з гэтага клінічнага сьвету, дзе ўсё сьмярдзела лекамі - потам - лекамі - урынай - лекамі - пазалеташняй ежай - лекамі лекамілекамілека мі ле кам і лекамілекамілекамілекаміле каміле камілекаміле камі калекамі і гэтыя пахі ўжо не былі пахамі, яны мутавалі ў гукі й нахабна гэтак чапляліся за мяне, за мае валасы, за рукі, за ногі й абараніцца не было чым. Свайго паху я пакуль на займела. Хоць з гэтым можна паспрачацца.
Мне 19 год. Ён нахіляецца да маёй галавы й кажа, як цудоўна, але ты пахнеш нічым, нічым штучным. Калі б ты была вышэйшая ростам - я намаляваў бы зь цябе Вэнэру. Сядзедь перад камэрай чужых вачэй і ўсьведамляць, што цябе ня бачаць, бо зараз ты мітычная істота з чужым імем і чужой біяграфіяй. Не, усё ж добра, што я не такая высокая. Мне ўсё яшчэ 19, і ўжо другі ён абдымае мяне, уцягвае пах маіх валасоў і кажа, ты ніколі ня вырасьцеш, таму што пахнеш малаком. Я прыкладаюся да ягонага вуха, як да марской ракавіны, і слухаю.
Малака я ня п’ю, я яго не люблю.
Я п’ю каву. Я п’ю каву на кухні - другі кубак запар сёньняшнім ранкам. П’ю, бо не магу ня піць. Як не магу стаяць, таму я апускаюся на падлогу, паволі праяжджаючы сьпінай па белых паліраваных шафах, за дзьвярыма якіх жывудь слоікі розных памераў і формаў. Большасьць зь іх пустыя, але гэта неістотна. Істотна тое, што блытаецца патэфон з патысонам, Колас з Купалам, а разынкі здаюцца асобнай расьлінай, прычым нават дрэвам. Мая сьпіна адчувае вострую ручку шафы, і вось я на падлозе. Я на падлозе. Я п’ю каву і пра нешта там думаю. Думаю, вазьму-тка я “Пэрвэрзію” пачытаць ці што. I вось я ўжо чытаю, я на кухні, п’ю каву, чытаю пэрвэрзію і пра нешта там думаю. I вось калі я амаль перапыняюся думаць, чую як зьлева ад мяне з падваконьня тое, пра што я думала, скідае гаршэчак з пальмай. Ягоны гук ляціць хутчэй за яе самую, таму я спачатку чую, а потым бачу. Я гляджу на пальму, якая ўжо на падлозе зьлева ад мяне. I я ўжо ня п’ю кавы, не чытаю “Пэрвэрзіі”, але думаю.
Калі й крыўдзіцца, дык толькі на сябе. Калі крыўдзіць...
Мы сустрэліся ў мэтро. Мы заўсёды сустракаемся ў мэтро. Гэтым разам я не вымала з заплечніка кніжкі. Насупраць было куды цікавей. Тры асобы: жанчына, мужчына й дзіця, клясычнае існаваньне. Мяркуючы па іхніх тварах, льга было пацьвердзіць думку, што яны - сярэднестатыс- тычная сям’я. Вывучаючы рысы іхніх твараў, прагнулася даведацца чагосьці болей, але на наступным прыпынку пачалі ўваходзіць людзі, і мне застаўся толькі мужчына. Мяне адразу зацікавіла форма ягоных вуснаў. Здавалася, быццам верняя частка была караткаватаю, і гэта не дазваля- ла ёй цалкам злучыцца зь ніжняю. Атрымлівалася, што рот ягоны быў трохі раскрыты й можна было пабачыць заечыя зубы. Усё ж я пагадзілася з сабой і вырашыла адзначыць: ён - даволі прывабны экземпляр. Ягоны твар быў павернуты ў профіль, і таму я магла спакойна сноўдаць вачыма па ягонай шчацэ, сківіцы і далей уніз - па шыі. Праўда, там я натыкалася на шалік, потым - на куртку, і мне падумалася, што нашмат лепей ён глядзеўся б у паліто і бяз гэтай шапкі, што хавала (я ўпэўненая) ня менш прыгожыя валасы, па якіх мае вочы таксама не адмовіліся б прабегчыся сваёй упартай нахабнасьцю. Была зіма, але ягоная скура нагадвала пра лета. Жонка карміла яго добра, ён зьядаў з апэтытам (якога заўсёды бракавала мне) і першую, і другую, і трэцюю. I ўжо шукаючы прабачэньня за свае вандроўкі, я пачала апраўдвацца, што, магчыма, ён ніякі ня бацька, можа ўвогуле левы чалавек, ну, хаця б брат. Дзяўчынка падсунулася да яго бліжэй запытацца пра нешта, а ён неяк разгублена паціснуў плячыма, нават не паціснуў, а так, быццам зьбіраўся паціснуць. Ён разумеў, што выконваць гэты рух да канца ня мела аніякага сэнсу, бо той, каму ён быў адрасаваны, быў здольны ўжо здагадацца пра яго. Дык навошта? Гэта, як не дамаўляць словаў - не дагаворваць сказаў - не даслухваць да канца показак - у прысутнасьці таго, каго добра ведаеш. Так пачынаецца маўчаньне. Ён глядзеў на сваю жонку і на дзіця, пытаючыся ў мяне і іншых - гэта сапраўды мая жонка? - а гэта мая дачка? — і я зь імі жыву? - а яна кладзецца ля мяне кожную ноч і кожны ранак я не магу прачнуцца? - і гэтае дзіцё - гэта імгненная сустрэча майго спэрматазоіда й ейнай яйцаклеткі?