Выбрать главу

Б-ы-ы-в-а-а-а-й...

Цяпер у мяне няма нават фіранкі.

3 кожным подыхам штучнага сьвятла крочыць робіцца цяжэй, бо гіпсавыя словы камянямі выпадаюць з чалавечых пастак, нібыта зубы старога дзядзькі. Яны, словы, не ляцяць у бясконцасьць вулак, а застаюцца сьмярдзець тут, пад нагамі. Няспраўджаныя спадзяваньні й цыфэрблятныя памкненьні жабракамі сядзяць на пэцканых брукаванках. Чакаюць мяне. «Ты - добрая», - сказаў адзін мужчына, выцягнуў з куфра коўдру й пабег зьбіраць камяні. На прыступках засталіся толькі я і апэльсынавая лупінка. Мы чакалі сьмяцяра ці міласьці ў выглядзе будучых дзён жыцьця. У той вечар я адмовілася ад нэрвовага стаката жаночых абцасаў, бо была закаханая ў ледзь чутны палянэз тваіх ботаў. Маршы мы не любілі, як і адзін аднаго.

Прайшоў нехта й паклаў у руку 10 гадоў.

У тралейбусе, што пакутуе на базэдаву хваробу, сустракаю раніцу. Прыпынак... ня мой, наступны - таксама, яшчэ адзін... зноў ня мой. Мо тралейбус ня той? А мо - я ня тая?

Усе словы, зьвернутыя да мяне, я захоўваю ў асобных капэртах, каб яны не псаваліся й не ператвараліся ў камяні, якія ты так любіш.

ДэТаль 47

Кабалістычныя кавярні змагаюцда з рамантычнымі завулкамі, а я хачу патануць, схавацца ў вялікіх, нібыта дзядулеў швэдар, далонях.

Я засну, стомленая пошукамі любімых шкарпэтак, і мне прымроіцца чорная, выключаная з разэткі прастора.

Там існуе плоскасьць альфа, з мноствам валасінкавых ліній, крыжыкаў і чымсьці надобная да яе плоскасьць бэта.

- Дык чаму плоскасьці скрыжоўваюцца?

Гэта павісьне нада мною сусьветнае пытаньне геамэтрыі.

- Вельмі проста, - адкажу я, - Таму што яны патрэбныя адна адной і хутка ў іх будуць дзеткі - маленькія пласкасьцяняты.

Некалькі крокаў - і я трапляю ў дарослы сьвет. Тут усё інакш. Шмат чаго «нельга», напрыклад, нельга казаць глупствы і бачыць падазроныя срэбныя кропачкі ў паветры.

- Ну і што! Затое тут ёсьць цікавая гульня: хто памрэ першы!

Аднак у гэта я не паверу, як і ў тое, што мае гаваркія вочы ўмеюць маўчаць, а фарбаваныя пухкасьцю вусны - прамаўляць што-небудзь істотна шчырае. Падсьвядомасьць запануе пад вонкавасьцю ў той вечар, калі ягоным эпілёгам станецца вечнасьць, а ня я.

Гільятынавы дождж абвесьціць новае (на пару тыдняў) стагодзьдзе, надыход якога я адзначу ў кампаніі незнаёмых, але досыць прывабных будынкаў і вулак з пляшкай віялянчэльнага суму. Парасоны шпацыровых суседзяў паведамяць, што ўночы магчымы моцныя ападкі з навальніцамі. Але пра гэта я даведаюся пазьней, як толькі мае цукровыя летуценьні пачнуць паволі зьнікаць, агаляючы каркасны стрыжань, на які праз час можна будзе наляпіць новыя. Усе мае клетачкі ператворацца ў бэкарную вадкасьць і, захопленныя тутэйшай эўфарыяй, пачнуць выгукваць апазыцыйныя лёзунгі. Hi бэмолі, ні дыезы ім ужо не дапамогуць, бо яны, клетачкі, адшукалі сапраўдную шчырасьць. Якою ёсьць адмаўленьне.

Дэталь 83

Самастойнае вывучэньне гэтага гораду пачалося зь візытаў да першага пацыента маёй цнатлівасьці. Мапамі карыстацца не прыходзілася, усё рабілася навобмацак. Так павялося, і пазьней я ўжо ніколі не здраджвала гэтаму прынцыпу. Расчуленая пакутамі вэтэранаў каханьня, я не магла заставацца дома. Закінуўшы неабходныя мэдыкамэнты ў аптэчку, я выпраўлялася ў падарожжа. Часам назвы вулак, дзе жылі пацыенты, мудрагелітым чынам перапляталіся зь іхнімі імёнамі ды прозьвішчамі, што рабіла прасьцейшым працэс завучваньня геаграфіі гораду.

У дзёньніку назіраньняў больш за ўсё сустракалася слова “заўтра”, якім вельмі любілі карыстацца пацыенты. Характэрным сымптомам захворваньня было маніякальнае жаданьне прачнуцца менавіта заўтра. Чаго, вядома ж, адбыцца ніяк не магло. Ты прачынаешся сёньня і толькі сёньня. Нельга было не заўважыць, што большасьць зь іх звыкалася з маёй прысутнасьцю, а некаторыя нават спрабавалі заляцацца (ня столькі да мяне, колькі да маіх грудак), што тлумачылася дзіцячымі перажываньнямі, якія глыбока заселі ў памяці і рабілі зь мяне гэткую “еву ў шкарпэтках”. Так атрымалася, што 23-я пара маіх храмасомаў уяўляла зь сябе мадэль XX. Гэта дакладна адлюстроўвалася падчас кожнай размо- вы. Што б я ні рабіла, я ўсё адно крочы -ла, тан- чы -ла, пі -ла, жвака -ла etc, etc. Так атрымалася, што генрых, міларад і нават джэймс мелі 23-ю пару мадэлі ХУ. I кожны зь іх што б ні рабіў, усё адно крочы -ў, танчы -ў, пі -ў, жвака -ў etc, etc.