***
Я прыйду на тваё пахаваньне
зярняткам
схаваным недзе
ў кішэні у якой будзе дзірка
памерам зь летнюю мошку
я прыйду на тваё пахаваньне
агрэставай цэлкай
(спакушаць старых матылёў —
няўдзячная справа)
я прыйду на тваё пахаваньне
пясочкам зь неба
упаду з вышываных далоняў
проста ў ложак
***
Ты гандлюеш маімі вачыма
з ранку да вечара
пафарбаваўшы ў колер зялёны
выдаеш іх за яблыкі
дрэва свайго спарахнелага
па сьвятах паганскіх
ты нанізаеш вочкі мае
мігдаловыя
на тоўстую нітку
і дорыш жывыя каралі
далёкім мурынкам
***
Калі робіцца вусьцішна
заплюшчваю вочы
таму, хто стаіць побач.
Раніцу глытай асьцярожна
пакуль дождж не прапаліў ёй
скуру
а лепей
схавайся пад коўдру
да таго, хто ляжыць побач
і глытай-глытай асьцярожна
каб не параніцца
алюміневай раніцай.
***
Адчыняй сваю дамавіну
я ўкрыжую цябе на басэтлі
мае цела ня можа больш лётаць
яно мкнецца ў свой лепразорый
3 тваіх костак зраблю сабе панцыр
не шкадуй мяне, маіх лапак
чарапашкаю быць няблага
толькі ў неба глядзець нязручна
Я памыю твае вантробы
і разьвешу сушыцца на дроце
на рабінах чырвоныя гронкі
гэта я сьвяткую забойства
***
Пясок
колеру маёй скуры
сьнегам кладзецца ля акіяну
плача нехта
а нехта памірае
Там на ўзьбярэжжы трупных аповесьцяў
жывуць пілігрымы — войска крумкачовае
іх вязьні — нехрышчоныя лужыны
іх дзеці - душы атручаных
плача нехта
а нехта памірае
***
Восеньню
калі ўсе газэты
адлятуць у вырай
я распавяду табе пра карабельную самоту
і пра стомленых празаікаў што пішуць
свае аўдавелыя вершы.
Апошняе шкло
парвецца на акулярах патаемнага дому
і я прыгадаю фіялетавае заўтра
і ты не станешся ягоным хросным бацькам
(твой Бог не дазволіць гэтага).
Шэрая кволасьць нябеснай вадкасьці
ўжо не пакутуе пад вострымі штыкамі
Былога сонца.
***
У слоік
парослы атручаным квецьцем
я пакладу свой сорам — жоўты павук
спляце павуціну
і нецьвярозыя мухі
засьведчаць сваю далікатнасьць
пачуўшы ягонае хваляваньне
(мой страх перад табою)
***
я распілую хоспісны вечар
клічнікам раніцы
ты палавінкі яго пакладзеш
на шалі жаданьняў
аквамарынавы подых маёй летуценнасьці
і
недасяжны бурштын
тваёй сталасьці
***
Цэляфанавыя вятры
запакоўваюць аблокі
дажджы не ідуць
яны ня людзі.
Сумна глядзіш як асобы жаночага полу
здымаюць перад табою
спачатку станік а потым
а потым ўжо неістотна
адпаведная колькасьць пытаньняў
да загадзя падрыхтаваных адказаў
а ўрэшце навошта
ты ўсё пра іх ведаеш.
У іхніх вачох няма нават зрэнкі
тваёй каханай.
Некаторым прымацоўваеш плаўнікі
ды хвосьцікі
каб яны змаглі плаваць па моры
якое хутка назавуць тваім імем
іншым прышываеш срэбную луску
каб у выпадку звальненьня з працы
яны маглі б асьвятляць твае пакоі.
Час нікуды не ляціць
ён ня птушка
ён проста правальваецца ў каналізацыйную дзірку
і захлёбваецда там марскімі пачварамі
жалезнымі цмокамі іржаваю сьлінаю.
Эпоха палонных сантэхнікаў
хутка скончыцца
і зноў давядзедца
заліваць іхнія муміі цэмэнтам.