Анін бацька быў макароннік. Тады італьянцы трапляліся ў нас так рэдка, што макароннікамі называлі выключна прапаршчыкаў савецкай арміі. Па-змоўніцку міргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза і паклікала бацьку. У вялізным калідоры пахла мышамі і нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якіх было сапраўды напісана: макароны. Тамсама, у калідоры, прапаршчык Шадурка, з-за плячэй якога Аня ўсяляк дапамагала мне вачыма, і выслухаў маю старанна адрэпетаваную хлусню, пасля чаго моўчкі пасунуўся ў глыб дома. Зачыніўшы дзверы, Аня захіхікала і прыціснулася да мяне. Я пацягнуўся да яе вуснаў, але ў доме пачуліся крокі, жаласнае мяўканне, і прапаршчык са словамі: «Лаві мышэй, блядушка», выкінуў у калідор котную рыску.
Разлік адбыўся ў панядзелак у кватэры Анінай сяброўкі з гімнастычнай секцыі.
Аня сустрэла мяне ў прывезенай з замежных спаборніцтваў смараідавай сукенцы з залацістымі маланкамі на рукавах і кішэнях. Магнітафон заядаў і рваў стужку. Ціха вылаяўшыся, Аня апошні раз пстрыкнула пераключальнікам і павярнулася да мяне. «Ты хоць умееш?» - запыталася яна, страсянуўшы светлымі валасамі стрыжанай русалкі. «Што?» - бязглузда адказаў я. «Джыгі-джыгі», - засмяялася яна, сцягваючы цераз галаву сукенку.
Пад сукенкай на ёй не было анічога, апрача двух трохкутнікаў: большага - сляпуча белай незагарэлае скуры і меншага - густых жарых кудзерак.
Думаю, што, нягледзячы на бесцырымонную Аніну падмогу, мяне напаткаў бы поўны правал, але, ужо згараючы ад сораму і нянавісці да свайго бездапаможна выцягнутага на канапе цела, я інтуітыўна заплюшчыўся і ўявіў сябе на лазенным палку з ленінградскай бессаромніцай Зінкай. Там, на палку, усё атрымалася аўтаматычна, і я нават адчуў пах бярозавых венікаў і мулкасць дошак пад каленямі. «Толькі не адразу, цярпі, цярпі...» - усцешана зашаптала Аня, калі я ўжо не баяўся расплюшчыць вочы, і выгнулася так, што радзімыя плямкі апынуліся якраз насупраць маіх вуснаў. Я з лёгкім страхам дакрануўся да іх і яшчэ паспеў здзівіцца, што плямкі халодныя, як ваконнае шкло.
Калі мы апрануліся, я па-мужчынску ўпэўнена правёў па іх пальцамі і нарэшце падзяліўся сваім геаграфічным адкрыццём: «Ты ведаеш, яны падобныя на Новую Зеландыю». «Ну насмяшыў, - адказала Аня і кіўнула на вывадак парцалянавых слонікаў, за якім на серванце стаяў будзільнік. - Зматваемся, а то Ленчына маманя можа раней прыцягнуцца». Выправоджваючы мяне з кватэры, мая другая жанчына папярэдзіла: «Мішка даведаецца - з-пад зямлі дастане».
У аўторак на заняткі я не пайшоў. Я хацеў, каб здарылася адно з двух: або няхай Аня кожны дзень сцягвае перада мной сукенку, альбо няхай яе назаўсёды забяруць куды-небудзь у гімнастычную зборную СССР у Маскву.
У сераду маці пагнала мяне ў школу, дзе высветлілася, што Шадурка і праўда паехала на нейкія спаборніцтвы і ў цэлым горадзе нашу таямніцу цяпер ведалі толькі два шкілеты, якія з гэтае прычыны выклікалі ў мяне ледзьве не замілаванне.
Вярнулася Аня за пару дзён да зімовых вакацыяў. Яе з'яўленне ў класе ўразіла нават ціхага дэбіла Дзіму Чыкіна, якога не адпраўлялі ў спецшколу дзеля таго, што ягоны бацька быў дырэктарам аўтарэмзавода. Аня, чаго раней з ёю ніколі не здаралася, па чарзе абыходзіла ўсе сталы і, цалкам ігнаруючы дзяўчынак, з кожным з хлопцаў віталася па імені. «Прывет, Вова, - прамовіла яна такім абыякава-бескалёрным голасам, што мне зрабілася ніякавата. - Прывет, Дзіма, я табе жвачку прывезла...» Гэтую дзіўную працэдуру перапыніў прыход нашага фізіка Юліяна Людзвігавіча, што меў мянушку Кулон.
Далей падзеі разгортваліся надзвычай імкліва. Не паспеў Кулон кагосьці выклікаць, як Шадурка падняла руку. «Што ты хочаш, Аня?» - запытаўся фізік, абсалютна, як і мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькі не ісці да дошкі. «Юліян Людзвігавіч, я малекулы бачу», - усхвалявана абвясціла Аня. Па кабінеце прашамацеў смех, які змяніўся насцярожаным маўчаннем. «Сядай, Шадурка, гэта не смешна», - сказаў Кулон, і ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спісе.
Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласніца, якой карціць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй і вышэй. Кулон падняў вочы. «Што яшчэ, Шадурка?» «Юліян Людзвігавіч, я ўжо атамы бачу, - захлынаючыся ад радасці, загаварыла Аня. - Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць...» Яна выбегла з-за стала ў праход і паказвала пальцам у паветра.
«Нармалёва», - прысвіснуў нехта з «камчаткі». Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку і вывеў з класа.
Аню лекавалі ўсю зіму і вясну: спачатку ў былым бернардзінскім кляштары, дзе перад вайною выбівалі прызнанне ў Юлькі, а ў пяцідзесятыя гады адчынілі абласную вар'ятню, потым - дзесьці ў Падмаскоўі.