Як ні дзіўна, ноч выпала спакойная.
Я непрабудна праспаў да раніцы, каб зноў адчуць у пакоі ўжо знаёмую азонавую свежасць. У адрозненне ад вечара ў паветры не плавала ні пасмаў ментолавага дыму, ні струменьчыкаў парфумавых пахаў - адны фітанцыдныя ручаінкі азону, як быццам ад мяне хвіліну назад пайшла юная жанчына.
Я закрыў вочы і намогся ўспомніць, што мне снілася.
Спробу напаткала амаль поўная няўдача. На апушчаных павеках не ўспыхнула ніякага звязнага сюжэта. Але рэшткі сну, яго ледзьве ўлоўныя срэбныя валаконцы, яшчэ захоўвала само цела. Невыразныя, ужо засмужаныя ранішняй рэчаіснасцю адчуванні, прабіваючыся на ўзровень вобразаў, спрабавалі сказаць мне пра цёплыя ласкавыя рукі і хуткія, падобныя да матыльковых дотыкаў, пацалункі. Мая істота ведала: гэтыя базважкія дотыкі мелі працяг, але ён ужо губляўся ў непрагляднай салодкай смузе...
Знешне тая субота не была адметная нічым, апрача таго, штл Лёня напіўся да божай моцы і, пакаціўшыся па лесвіцы, зламаў руку. Я ж - зусім не ў сувязі з гэтым - даў сабе слова не піць нічога мацнейшага за віно.
Свой унутраны стан я акрэсліў бы словам «чаканне». «Штосьці павінна вырашыцца», - цвыркалі на абляцелым ясені пад маім вакном вераб'і. «Вырашыцца...» - падпявалі водаправодныя краны. І нават бязмоўны насценны гадзіннік па-свойму нагадваў пра гэта, бо ў чаргаванні яго зялёных лічбаў знікла абыякавая манатоннасць і завялася затоенасць.
Шостым пачуццём ці, можа, усімі тымі сарака дзевяццю органамі ўспрымання, пра якія чытаў у вучня Блавацкай, я прадчуваў... Што? Апрануць тое прадчуванне ў словы было немагчыма. Цяпер, узброены веданнем далейшага, магу сказаць канкрэтней: я падсвядома адчуваў, што трапіў у памежную паласу, у нейтральную зону, за якой ляжыць тэрыторыя з іншымі законамі.
Я чуў блізкую прысутнасць Яе.
Прадбачу, што некаму захочацца паіранізаваць з вялікай літары, таму скажу, што ёй, літары, адведзена чыста функцыянальная роля. Вы не паверыце, мне дасюль невядома Яе імя.
Хоць хутка, ужо хутка я даведаюся яго...
Але перанясёмся назад, у тую суботу.
Цэлы дзень я не мог знайсці занятку, які б мяне разважыў. Бязмэтна гартаў рукапіс. Паставіў кружэлку з запісамі «Bеаtlеs» і амаль адразу памяняў яе... вы ведаеце, на што. Іголка гуказдымальніка зноў і зноў апускалася на чорнае колца з прэлюдам № 15 рэ бемоль мажор, аднак ніякіх пахаў не матэрыялізоўвалася, і ў гэтым я таксама ўгледзеў знак. (Забягаючы наперад, заўважу: з таго дня і да моманту, калі пішу гэтыя радкі, у сценах маёй кватэры, менавіта ў сценах, нічога трансцэндэнтнага больш наогул не прычынялася, хоць, як вы потым убачыце, такое сцверджанне і вымагае агаворак.)
Два ці тры разы званіў тэлефон. Слухаўка маўчала, потым на тым канцы сувязі клалі трубку. Найверагодней, нумар набірала Наташа. Званкі на пэўны час занялі мае думкі, і я склаў для Наташы легенду пра суседку зверху, якой на ўсялякі выпадак даў ключы.
Увечары я, каб стаміцца, дайшоў пешшу да самага цэнтра. (Неўзабаве такія доўгія шпацыры зробяцца неадменнаю часткаю кожнага дня, бо цяжка будзе прыдумаць да начных падарожжаў лепшую інтрадукцыю.)
Перад сном я ўпершыню пасля ночы з ценямі за матавым шклом не стаў зачыняць дзверы з калідорчыка, а падушка засталася на сваім месцы пад панеллю з клавішамі. Я націснуў клавіш зялёнае падсветкі і, адчуваючы ў нагах лёгкае гудзенне ад пройдзеных кіламетраў, выцягнуўся пад коўдрай. Зялёныя лічбы ў вакенцы электроннага гадзінніка паказвалі поўнач.
Мы плылі па цёплай азёрнай затоцы. Я сядзеў на вёслах. Яна збірала белыя лілеі. Кроплі вады яшчэ не высахлі на кранутых аліўкавым загарам целах. Мы кіравалі да берага, але не возера, а - выспы. Сам лясісты бераг сінеў у гарачым мроіве далёка за намі.
Адтуль лодка везла трэцяга пасажыра - грака з перабітым крылом. Мокрага і знясіленага. Яна выратавала яго на пачатку плавання. Цяпер птушка абсохла і, седзячы на носе за маімі плячыма, уважліва сачыла, як набліжаецца суша.
Лодка шкрабанула па донным жвіры. Я саскочыў у ваду, схапіўшыся за ланцуг, выцягнуў нос на мылец і намерыўся дапамагчы сысці на дол нашаму пасажыру. Грак не пагадзіўся. Ён сам нязграбна кульнуўся цераз борт і, вахлікам валочачы па пяску пакалечанае крыло, пашкандыбаў у лазовыя зараснікі.
Відаць, гэта было не возера, а вадасховішча: на выспе мы знайшлі здзічэлы яблыневы сад з кустамі спелых жоўтых парэчак. Адна, самая старая і разложыстая, яблыня расла наводшыбе. У яе засені мы апусціліся адно перад адным на калені. Тое, што адбылося потым, не хочацца давяраць словам, бо любое з іх пагражае дэвальваваць вышыню і суладнасць зліцця нашых целаў, якія перапаўняліся неўтаймоўным імкненнем ператварыцца ў адно цэлае...