Мой учынак быў прадыктаваны не хвілінным настроем, а меў важкія прычыны, пра якія скажу трохі пазней.
Ад моманту, калі я паставіў кропку ў папярэднім сказе, прамінула, паводле некаторых прыкметаў, не меней за чатыры дні. Гадзіннік паводзіць сябе ўсё больш дзіўна, а ісці да шапіка, каб купіць газету і даведацца, які сёння дзень, мне зусім неахвота. Такіх доўгіх падарожжаў у нас дагэтуль не здаралася. Не выключана, што мне трэба спяшацца і, не надта зважаючы на стыль і паслядоўнасць, засяродзіцца на галоўным.
Галоўнае - падарожжы.
Падарожжы з ёю, якія зрабіліся зместам і сэнсам майго быцця.
У ноч пасля разрыву з Наташай, калі я зразумеў, што не хачу злучаць разарваны час, мы вярталіся з Вільні праз Нарач, дзе дарога паўтарае мудрагелістую канфігурацыю ўзбярэжжа. Яна сядзела за рулём і, убачыўшы чараду лебядзяў, звярнула з шашы. Мы паслалі пры ціхай вечаровай вадзе абрус, якому наканавана было ператварыцца ў прасціну. Белыя птушкі здзіўлена выцягвалі шыі і засталіся развітальным уражаннем перад магутным усплёскам асалоды, якая здзекліва смяялася з усіх чатырох вымярэнняў.
У другую з тых, першых начэй мы трапілі на Палессе. Пераменліва хуткая рака, чые берагі праплывалі паўз нашую маторку, верагодна, звалася Гарынню; над вадою, як звычайна ў тых мясцінах, сядзелі з вудамі жанчыны, а ў прыбярэжным трыснягу я злавіў маленькую, як пяцікапеечная манета, балотную жалвушку.
Час ад часу мы вячэралі ў невялікіх рэстаранчыках, што ў апошнія гады паадчыняліся ў былых гарадскіх падвалах. Памятаю міні-фантан з залатымі рыбкамі-тэлескопамі ў адным з гэтых зацішных месцаў і мініяцюрную сажалку з парачкаю ракаў у другім, дзе карціна над утульна траскучым камінам адкрывала перспектыву гатычных спічакоў старажытнага горада. Дадому мы вярталіся пешкі альбо спынялі таксоўку, і першы дотык Яе рукі на заднім сядзенні ўжо абяцаў, ужо быў весткаю...
І той зімовы вечар сярод бясконцай белай роўнядзі, над якой раз'ятраны вецер гнаў раўналежна зямлі рэдкія, навостраныя, як іголкі, сняжынкі... А пасля - нечаканай радасцю - вялікая сялянская хата, напаленая печ і пярына на гарачай чарэні.
Стан, калі ўранні я чуўся хворым, што пасля наркозу збег ад дактароў, ужо не паўтараўся. Я прачынаўся з разлітай па целе салодкай лёгкасцю, і па венах бегла не кроў, а пералівалася субстанцыя з зашыфраванай формулаю эліксіру маладосці. Я адчуваў сябе бесклапотна, як у дзяцінстве, калі мы ўсе яшчэ неўміручыя.
А потым Яна знікла, пакінуўшы пустой спачатку адну маю ноч, пасля - другую і трэцюю. Напрыканцы тыдня сэрца зашчаміла такая нечалавечая туга, што я ўголас прасіў Яе вярнуцца, выходзячы з кватэры, пісаў цыдулкі з адным толькі словам «Прыйдзі» і бесперастанку ставіў на прайгравальнік кружэлку з прэлюдам № 15.
Тады я і пазбыўся Наташынага шлафрока.
Не думаю, што гэты мой учынак меў вялікую вагу. Найверагодней, сапраўдную прычыну Яе адсутнасці я ніколі не ўведаю. Аднак - Яна вярнулася.
Яна вярнулася да мяне, і з таго самага часу ранішнія абуджэнні страцілі празрыстую дзіцячую бестурботнасць.
Але пакуль я павінен паспець болей сказаць аб падарожжах, чые маршруты, сюжэты і працягласць дзень пры дні мяняліся, пераходзячы ў новую якасць.
Усе нашы вандроўкі пералічыць ужо немагчыма. Выберу некалькі, пагатоў, пра некаторыя не магу сказаць нічога акрэсленага, апрача таго, што нас заносіла неймаверна далёка ад гарадоў, пазначаных на маёй насценнай мапе, і наогул ад цывілізацыі.
Аднойчы яна спала на маім плячы ў «Боінгу», перад якім вырастаў з акіяна фантасмагарычны айсберг Грэнландыі. Смуглявы сцюард прынёс плед, і я шэптам папрасіў яго самога захутаць маю спадарожніцу, таму што баяўся, паварушыўшыся, разбудзіць яе.
Другі раз я чакаў Яе ў пустым бары з тузінам высокіх круглых крэслаў. Яе доўга не было, і я чамусьці згадзіўся патанцаваць з чарнаскурай барменкаю ў глыбока дэкальтаванай джынсовай сукенцы. Знячэўку шчокі ў маёй партнёркі з чорных зрабіліся папяліста-шэрымі, і, павярнуўшыся ў танцы да дзвярэй, я ўбачыў у іх сонечным атворы Яе. У руцэ Яна трымала наведзены на нас дамскі пісталет. Пасля мы пілі з высокіх кухляў светлае піва, а белы пісталецік ляжаў на стойцы побач з запальнічкай і пачкам ментолавых цыгарэтаў. Яна села мне на калені і сказала, што хоча любіць мяне проста вось тут, на вачах у чорнай спакусніцы.
І той паром праз Ла-Манш... Мора моцна штарміла, і, пакуль мы мужна змагаліся з марской хваробаю, дзеці ў пасажырскім салоне наладзілі спаборніцтва: хто дабярэцца ад дзвярэй да дзвярэй не заваліўшыся.