Выбрать главу

Не, сёння я не сустрэўся ні з двайніком, ні ўвогуле з нечым звышнатуральным і згадваю гэты выпадак выключна дзеля паўнаты карціны.

Педантызм - не мая рыса, аднак я імкнуся не прапусціць нічога істотнага, а таму павінен занатаваць яшчэ адну немалаважную дэталь. Рэч у тым, што я не проста не ведаю Яе імя. Вяртаючыся з падарожжаў, я не магу яго ўспомніць. Я мушу пакуль скарыцца і з тым, што не здольны, нават у агульных рысах, аднавіць нашы размовы. У памяці затрымліваецца адно ўспамін пра голас - малады і абвалакальны, надзелены талентам імгненна зрабіць утульным любое месца, дзе мы апынаемся.

У такім разе мяне можна абвінаваціць у тым, што, называючы рэальнасць падарожжаў жывейшаю за гэтае жыццё, я самому сабе супярэчу. У сапраўднасці- не. Проста існуе зона, уваход у якую будзе вольны, калі я зраблю апошні крок. Вельмі прыблізна гэта можна параўнаць з адчуваннямі чалавека, які ведае, што неўзабаве да яго вернецца страчаны слых. Як там, у вершы:

І брамка ў сад адчыніцца сама, як соннік на старонцы зачытанай...

Адначасова з гэтымі нататкамі напісаны мінімум неабходных лістоў. Іх разашле адзін з нешматлікіх знаёмых, які не забыў майго тэлефоннага нумара.

Яна папярэджаная: я гатовы.

Магчыма, гэта адбудзецца не адразу, і я запасаюся вытрымкай.

У кагосьці з фантастаў ёсць такая навела. У горадзе ствараецца турбюро, дзе запрашаюць наведаць іншую планету - усім падобную да нашай, але, як пераконваюць турыстычныя праспекты, яшчэ не кранутую злом зямной цывілізацыі. Герой бярэ білет у тую зялёную ідылію і разам з астатнімі ахвотнікамі сядае ў аўтобус, які прывозіць іх не на месца старту касмалёта, а на звычайную лясную галявіну. Заместа камфортнае пачакальні - спехам збітая са свежых дошак стадола, негабляваныя лаўкі і пасыпаная пілавіннем падлога. Людзі цярпліва чакаюць і нарэшце пачынаюць здагадвацца, што іх класічна абвялі вакол пальца. Герой далучаецца да тых, хто патрабуе адчыніць выхад. Вярнуўшыся ў аўтобус, ён бачыць, як стадолу залівае блакітнае святло. Людзі кідаюцца назад, але за дзвярыма з крывых аполкаў іх сустракаюць пустыя лаўкі.

Я не вярнуся ў аўтобус.

Не буду рабіць выгляду, быццам мяне не займае пытанне, застанецца мой ложак пустым ці на ім знойдуць маё цела. Вам вядома, які варыянт задавальняе мяне болей.

Сёння я выняў з кнігі вучня Блавацкай апошнюю закладку: «У момант смерці, калі свядомасць ужо знаходзіцца ў тонкім свеце, а розум працягвае дзейнічаць яшчэ ў фізічным целе, чалавек за некалькі секунд пражывае ўсё сваё зямное жыццё».

Гэта не пра мяне.

Я заўсёды лічыў, што прыз любога падарожжа - вяртанне. Я хачу калі-небудзь вярнуцца. Можа, гэта здарыцца ў адным з нашых падарожжаў, і разам з Ёю я выкуру тут рытуальную цыгарэту з зялёным паскам на фільтры.

Мой рукапіс наблізіўся да канца.

У мяне настрой, як перад ад'ездам у далёкую вандроўку.

Зараз я пастаўлю на прайгравальнік кружэлку Шапэна і лягу.

Я не ведаю Яе імя, але адчуваю, што вельмі хутка, магчыма, нават у гэтую ноч, пачую яго.

Genius loci

Не буду спрачацца, ідэя належала табе, і я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакінуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзіцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калі ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робіцца летуценным і адстаронена-незнаёмым - толькі крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваім, а - тваёй сястры-блізнючкі, у якой усё такое самае і разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнікала і тады, як, сцішыўшыся пасля апошніх ласкаў, ты з лёгкім уздрыгам мякка падала ў кароткі сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.

Ідэя была геніяльна простая: калі ўспамінаць нашу кавярню, дык адну яе - без усякіх прадмоў, эпілогаў і розных лірычных адхілаў кшталту першай раніцы, у якую мы прачнуліся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцікласнікі, бо ў астатняе імгненне ты, быццам жнівеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслізнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергіяй, кладак і слоіка са светлякамі, чыё зеленаватае мігценне зусім не здавалася халодным...

Але мы дамовіліся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках літаратуры: адзінства часу, месца і дзеяння.

Пра кавярню, што яшчэ не выветрылася з памяці жыхароў трох куртатых вулачак, якія насуперак усялякай логіцы ацалелі ад сярэднявечнага прадмесця. У цесных дварах з арэлямі і абымшэлымі альтанкамі вам пацвердзяць: насупраць тралейбуснага прыпынку, там, дзе цяпер салон італійскага абутку, тады сапраўды была кавярня.