Выбрать главу

Яны абое былі высокія, станістыя і чарнявыя. Дзядзька Жэня насіў прыгожыя чорныя вусы, у цёткі Тані над верхняй вуснінай таксама прабіваўся цёмны пушок, які па часе абяцаў ператварыцца ў акуратныя вусікі. Я думаў, што, можа, з гэтае прычыны Чаглеіха і казала пра кватарантаў за вочы - «мае жыды».

Аднаго разу бацькі, кудысьці з'ехаўшы, даручылі клопаты пра мяне дзядзіжэневай жонцы і, калі мы пайшлі палуднаваць у сталоўку гарадскога Дома афіцэраў і цётка Таня замовіла несусветна смачную, як мне здавалася, страву з экзатычнаю назваю «шніцэль», а потым сустрэла сяброў і тыя запыталіся, ці не ейны я сын, а яна адказала, што так, ейны, і пацікавілася, ці падобны я да яе, тады, памятаю, мне было ніякавата зусім не таму, што такім чынам я сам таксама трапляў у лік «жыдоў». Я чуў лёгкі сорам, што гатовы адмовіцца ад родных бацькоў, але зрабіць з сабою нічога не мог: калі ў паталагаанатамы бяруць толькі «жыдоў», я згодны быў запісацца ў «жыды».

Усё на свеце канчаецца, прычым у дзяцінстве гэта адбываецца хутчэй.

Ці то паўплывала празмерная сакрэтнасць прапахлай адэкалонам дзядзіжэневай прафесіі, ці то прарасло пасеянае фільмамі пра «нашых» разведчыкаў зерне савецкага патрыятызму, але аднойчы я прачнуўся з цвёрдым намерам пайсці ў шпіёны. П'ем за нашых шпіёнаў!

Мяне вабіла не столькі рамантыка, як канкрэтнасць гэтага занятку.

У адрозненне ад духмяна-таямнічых сфераў дзейнасці паталагаанатамаў, тут усё выглядала ясна і проста, як яблык-антонаўка з нашага саду.

Мяне і маю радыстку павінны былі скінуць з самалёта над Амерыкай, каб мы прабраліся ў галоўны амерыканскі штаб і ўкралі галоўны план атамнай бамбёжкі Савецкага Саюза. Ваганняў наконт кандыдатуры напарніцы не існавала: радысткай будзе маё першае мужчынскае захапленне - дачка дырэктара мамінай школы Людачка, з якой я ўпершыню сустрэўся чатыры гады таму на навагодняй ёлцы. Наша ўзаемная сімпатыя аказалася такой моцнаю, што мы дружна намачылі штонікі і потым цэлы год я вымагаў ад мамы завязваць мне хустачку і абвяшчаў, што хачу быць Людачкай. (Гэты момант варта адцеміць: перш чым зрабіцца вадалазам, я імкнуўся пабыць жанчынай.)

Апусціўшыся на парашутах, мы з Людачкай пасяляемся ў маленькім брудным пакоі халоднага і змрочнага амерыканскага хмарачоса. Мы, як дарослыя, абняўшыся, спім у адным ложку і дзеля маскіроўкі гаворым выключна па-амерыканску, а таксама не купляем ананасаў, каб амерыканцы не падумалі, што іх у нас няма. З дапамогаю аднаго галоднага беспрацоўнага мурына я пракрадаюся ў штаб і, перастраляўшы з кулямёта чалавек васемнаццаць амерыканскіх палкоўнікаў, выкрадаю план бамбёжкі Масквы і ўсёй нашай вялікай і магутнай Радзімы, пасля чаго вяртаюся ў халодны пакойчык хмарачоса. Мая радыстка Людачка ляжыць у ложку з незнаёмым мурынам; я не ведаю, навошта яны ўдзень накрыліся коўдраю, але адчуваю, што, хоць амерыканскія мурыны і за нас, тут нешта нячыстае, і таму з асалодаю ўсаджваю ў незнаёмага мурына кулямётную чаргу. З ложка ляцяць чырвоныя пырскі, але Людачка не плача, а перавязвае мне раны і складвае рацыю, бо пасланы па нас самалёт ужо знаходзіцца ў паветры.

Медалі і ордэны нам уручаў сам галоўны «наш» Хрушчоў, якога дарослыя фамільярна называлі Мікітам і лаялі за нейкую кукурузу і за тое, што ў крамах няма хлеба. Я ж, наадварот, быў удзячны Хрушчову, бо дастаткова было выйсці з весніц на вуліцу, як ад чаргі, што вілася вакол хлебнае крамы, умомант кідалася некалькі цётак, якія ўзахапы ўгаворвалі пастаяць у чарзе разам з імі. У выніку гэтага нескладанага манеўру крамніца давала цётцы лішні бохан хлеба, а я атрымліваў дзвесце грамаў злепленых у камяк ірысак альбо падушачак.

Ты, вядома, разумееш, што мне праглася быць шпіёнам выключна і безварыянтна савецкім.

Пэўныя сумневы на гэты конт варухнуцца ў душы толькі праз шмат гадоў у зацішным кутку берлінскага прадмесця, на мастку цераз ручай на мяжы ўсходняга і заходняга сектараў, дзе дзве сістэмы мянялі сваіх выкрытых агентаў.

Вось, бадай, і ўсё. Тое лета, калі я марыў стаць савецкім шпіёнам, было апошнім перад школаю, у якой нашы летуценныя цнатлівыя душы мусілі канчаткова заблытацца ў шырока раскінутым нераце ўжо зацверджаных без нас ідэяў і мараў. Але тут пачынаецца зусім іншая гісторыя. Ты кажаш, у цябе хлопчык. У такім разе можаш лічыць, што калі цяпер ён хоча быць вадалазам, паталагаанатамам альбо шпіёнам, у яго ёсць значныя шанцы зрабіцца беларускім пісьменнікам.

Урэшце, апошнім часам мне зноў заманулася падацца ў шпіёны. Як ты думаеш, да чаго б гэта?

Рыба і іншыя

Ёсць мільён спосабаў пачаць гэты аповед. Я пачынаю яго так.