Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлівых, і, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзіць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым і падаць табе руку. Ты з подзівам у пераспелых вішнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымі акулярамі і рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, і пачула словы, якія сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялі б да думкі пра стан здароўя суразмоўніка: «Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам біяграфіі».
Увесь вечар мы гулялі па горадзе, елі за вынесенымі на вуліцу столікамі марозіва, а калі неба пахаладнела, купілі шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелі, што бутэлькі будзе да смешнага мала, узялі яшчэ дзве і спынілі таксоўку.
Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, і гэта была не апошняя мая памылка...
Больш ні слова. Толькі пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мілай у сваёй банальнасці назваю - «Сябры».
Мы прыходзілі туды пасля спатканняў у тым пакоі за зялёнымі шторамі. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам і ты, і я з прабачлівымі ўсмешкамі выбягалі з кавярні камусьці тэлефанаваць. Метафара сіямскіх блізнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмі часта развітанне на парозе кватэры ці на прыпынку ўспрымалася б не іначай як злачынства.
Лета, за выняткам лічаных ліпеньскіх дзён з навылёт прагрэтымі сонцам азёрнымі кладкамі, выпала халоднае і дажджлівае, і ў кавярні мы найчасцей замаўлялі арэхавы лікёр, што, як і ўсё астатняе, там налівалі ў блакітныя пластыкавыя кубачкі - дакладна з такіх частавалі мінералкаю і ліманадам сцюардэсы ўнутраных авіялініяў. Некалькі глыткоў густой бурштынавай вадкасці з міндалёвым смакам хутка сагравалі і прыносілі амаль хатнюю ўтульнасць.
Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лікёру вы мелі магчымасць спытаць шампанскага, каньяку і дарагога нямецкага ці галандскага піва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцікі і каву - яе бармен гатаваў не горш, чым разумеў беларускую мову - вось і ўвесь асартымент, які не забаранялася пашыраць прынесенымі з вуліцы бананамі, пліткай шакаладу і, галоўнае, якой-небудзь прыстойнай пляшкаю.
Музыка прываблівала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класічныя негрыцянскія блюзы, «бітлоў», «ролінгаў»... Карацей, ты памятаеш, там круцілі альбомы, якія нам калісьці не дазвалялі ставіць на школьных вечарынах, і мы слухалі іх дома на нехлямяжых пудовых магнітафонах, што больш за ўсё любілі пажаваць стужку.
У часы тых дапатопных апаратаў нікога з кампаніі моладзі, якая, пазычаючы ў суседзяў два крэслы, займала цэнтральны з пяці столікаў, не існавала і ў праекце. Кампанія піла ў асноўным прынесенае з сабой айчыннае піва, разлівала пад сталом штосьці мацнейшае і гаварыла на такім рафінаваным арго, што, здавалася, з намі гэтыя маладзёны пагадзіліся б размаўляць толькі праз перакладчыка. Да прыкладу, я зусім не адразу даўмеўся, што трох-, двух- і аднаактоўкі, якія часта фігуравалі ў іхняй гаворцы, з тэатрам былі звязаныя не болей, чым, скажам, з экспедыцыямі на Марс.
Абмежаванае кола наведнікаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярні. Туды забрыдаў выпіць каля стойкі сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымі патыліцамі, што не прасілі, а з ходу давалі бармену загад наліць кожнаму па поўнай каньяку і гучна загаворвалі пра Хрыпатага, якому ўключылі лічыльнік. Але большую частку кліентаў, асабліва ўвечары, складала іншая публіка, у якой вылучаліся заўсёднікі. Яны мелі традыцыйныя месцы, прыкметна нерваваліся, пакуль іх столікі былі занятыя, і неадкладна перасаджваліся, калі тыя вызваляліся. З шэраговых кліентаў яны ператвараліся ў індывідуальнасці, і таму я лёгка магу аднавіць абліччы і паводзіны кожнага: і чалавека з вільготнымі рукамі, які называў сябе алмазаздабытчыкам, і глуханямых, і міліцыянта, якога не разумела жонка, і парачкі лесбіянак...
З каго б ты хацела пачаць?
Чаму не, няхай будзе міліцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярні ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялізнага рамонка з палатна паслядоўніка Далі.
Міліцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзіў у цывільным, але ўсе ведалі, што ён - міліцыянт і што яго завуць Пеця, бо выпітыя сам-насам з сабою «законныя» сто грамаў каньяку ўмомант рабілі яго гаваркім, і, замовіўшы бутэльку шампанскага і крыху лікёру, ён падсаджваўся за чужы столік. Лікёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплі, выпіваў сам.